Распавядаем, як сілавікі знаходзяць стваральнікаў стыкераў у Telegram
Нядаўна затрымалі ілюстратара Вадзіма Багрыя — быццам бы за стварэнне пратэсных стыкераў. Мы вырашылі даведацца, як знайсці аўтара стыкераў, і прыйшлі да несуцяшальных высноваў.
Сілавікі робяць гэта праз бот «Вока Бога» ці ягоныя аналагі. Для таго, каб знайсці аўтара любога стыкерпака, ім трэба проста скінуць ім стыкер з яго — і яны атрымаюць вынік.
Да прыкладу, нядаўна прызналі экстрэмісцкімі стыкеры «Саша 3%». Пасля гэтага Сяргей Бяспалаў напісаў у сваім канале, што аўтарам іх быў Ігар Лосік.
Такую ж інфармацыю выдае адмысловы бот для пошуку: акаўнт belamovaa калісьці належаў Ігару Лосіку.
Як гэта працуе? У адкрытым API Telegram ёсць метад messages.getStickerSet, які дазваляе атрымаць з юзернейма стыкерпака ягоны ID. Далей трэба зрабіць зрушэнне на 32 біта і такім чынам можна атрымаць ID карыстальніка. Ёсць нават рэалізацыя такога бота на Github і бясплатны бот, які можа тое самае, што і платнае «Вока Бога», але не так зручна.
То-бок, фактычна, у кожны стыкерпак «зашыты» ID ягонага стваральніка.
Адзіны варыянт, як можна ад гэтага часткова абараніцца, — выдаліць акаўнт, які стварыў стыкерпак. Але гэта можа не дапамагчы, калі ваш акаўнт стары ці ўжо вядомы сілавікам.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары