Прэзідэнт Фінляндыі вырашыў незвычайна адсвяткаваць юбілей. Ён будзе гуляць з людзьмі і размаўляць
Саўлі Ніінісцё спаўняецца 75 гадоў у гэты чацвер, піша Yle.fi.
22.08.2023 / 08:18
Саўлі Ніінісцё падчас саміта НАТА ў Вільні. Фота: Mindaugas Kulbis / AP
Прэзідэнт Саўлі Ніінісцё ў гонар свайго юбілею запрашае ўсіх жыхароў Фінляндыі далучыцца да спартыўнай акцыі, паведамляе Канцылярыя прэзідэнта. Ніінісцё спаўняецца 75 гадоў у гэты чацвер.
У гонар гэтай даты ў нядзелю ў Хельсінкі адбудзецца спартыўнае мерапрыемства з удзелам прэзідэнта. Прагулка вакол заліва Тэеленлахці пачнецца а 15:00 ад будынка Pikku-Finlandia.
— Нават кароткая прагулка дорыць добры настрой і стымулюе мысленне. Я хачу, каб фіны далучыліся да гэтага спартыўнага выкліку і разам з тым пагутарылі адно з адным. Я сам маю намер абысці Тэеленлахці і паразмаўляць з мінакамі аб неабходнасці лепей разумець адно аднаго, — заявіў Ніінісцё ў прэс-рэлізе, апублікаваным канцылярыяй прэзідэнта.
Спартыўная акцыя прадоўжыцца ўсю восень. У ёй можна ўзяць удзел, выйшаўшы на прагулку або прабежку вакол Тэеленлахці ў сваім рытме і падзяліўшыся сваімі спартыўнымі поспехамі ў сацсетках пад хэштэгам #liikkumishaaste.
Зрэшты, гэта для нас у Беларусі, дзе перакрываюць некалькі кварталаў, здаецца незвычайнай прапанова Ніінісцё спакойна прагульвацца разам з людзьмі ў парку і размаўляць. У Фінляндыі гэта звычайная рэч, як і ўдзел былой прэм'ер-міністаркі як прыватнай асобы ў музычных фэстах.
Чытайце таксама:
Эфектныя сукенкі і скураная міні-спадніца. Як экс-прэм'ерка Фінляндыі тусіла на музфестывалі
Фінскі міністр зайграў «Чырвоную каліну» на віяланчэлі
У Фінляндыі з'явілася першая ў свеце выспа, на якой нельга выкарыстоўваць смартфоны