Махляры выманьваюць грошы не толькі ў малаадукаваных людзей ці пенсіянераў. Вось яшчэ адна схема, на якую можа папасціся кожны

Калі да праграміста з добрым прафесійным досведам (супрацоўніка міжнароднай ІТ-кампаніі, офіс якой раней быў і ў Беларусі) у Linkedin з прапановай змяніць месца працы звярнуўся патэнцыйны працадаўца, нічога не выглядала падазрона. Сапраўды, менавіта так рэкрутары і папаўняюць штат арганізацыі. І заработная плата, і ўмовы працы падаліся прывабнымі, распавядае гісторыю «Штодзень».

23.08.2023 / 09:19

Было анлайн-сумоўе, першы этап тэставых заданняў — усё як мае быць. Здавалася, праца мары ўжо амаль атрыманая.

На другім этапе ўзніклі праблемы са спампоўваннем матэрыялаў, патрэбных для выканання задання. У кампаніі, што прапаноўвала працу, патлумачылі, што гэта, магчыма, праз выкарыстанне імі VPN, і далі спасылку, па якой можна атрымаць даныя без праблем.

А далей — стандартная схема. Спасылка была фішынгавай.

Праз яе махляры атрымалі доступ не толькі да аднаго ноўтбука (так як усе перамовы вяліся ў працоўны час, тэставыя заданні гора-супрацоўнік выконваў не на ўласнай, а на працоўнай тэхніцы), але і да ўсіх прылад кампаніі, у тым ліку і да тых, дзе захоўваліся фінансавыя даныя.

У выніку кампанія страціла не толькі давер да аднаго са сваіх супрацоўнікаў, але і крыптавалюту ў эквіваленце некалькі дзясяткаў мільёнаў еўра.

Гэта не ўнікальная справа. Такім чынам было абрабавана ўжо не адно прадпрыемства ў розных краінах. Міністэрства фінансаў ЗША яшчэ ў мінулым годзе папярэджвала пра актывізацыю хакерскай групоўкі Lazarus (мяркуецца, што такім чынам кіберрабаўнікі збіраюць грошы на папаўненне бюджэту Паўночнай Карэі).

Чытайце таксама:

«У нас ёсць паўнамоцтвы, і мы за Расію». Як ашуканцы прымушаюць расійскіх пенсіянераў падпальваць ваенкаматы

У Мінску асудзілі тэлефонных махляроў. Яны тэлефанавалі пенсіянерам ад імя ахвяр ДТЗ

Тэлефонныя махляры: як яны працуюць і як не патрапіцца

Nashaniva.com