Свет

«У нас ёсць паўнамоцтвы, і мы за Расію». Як ашуканцы прымушаюць расійскіх пенсіянераў падпальваць ваенкаматы

Улетку па Расіі пракацілася новая хваля падпалаў ваенкаматаў. Былі такія выпадкі і ў Беларусі. Сярод затрыманых — у асноўным пажылыя людзі, але ёсць і маладыя, студэнты. Усе яны расказваюць, што сталі ахвярамі тэлефонных ашуканцаў. У некаторых выпадках тыя прадстаўляліся супрацоўнікамі расійскіх спецслужбаў і пагражалі людзям турэмным тэрмінам, калі не выканаюць іх патрабаванняў. Людзі гэтаму верылі і ішлі з «кактэйлямі Молатава» да будынкаў ваенных камісарыятаў. Бі-бі-сі расказвае, што вядома пра такія выпадкі.

Калаж: BBC

Увечары 1 жніўня ля ваенкамата Чырвонаармейскага раёна Валгаграда затрымалі пажылую жанчыну з «кактэйлем Молатава». Яна рыхтавалася падпаліць будынак, але не паспела.

Затрыманай аказалася Рыма Уторава. Яна нарадзілася ў 1940 годзе, перажыла баі за Сталінград, Другую сусветную вайну. 14 жніўня ёй споўнілася 83 гады.

У апошнія гады яна ўзначальвае Чырвонаармейскае раённае аддзяленне арганізацыі «Дзеці ваеннага Сталінграда», якая дапамагае мясцовым жыхарам, што перажылі Сталінградскую бітву і Другую сусветную вайну. Яе сябры — самі дзеці Сталінграда. Яны ўдзельнічаюць у гарадскіх мерапрыемствах, прысвечаных вайне і бітве за Сталінград — адкрываюць помнікі, наведваюць выставы, сустракаюцца са школьнікамі.

Рыма Уторава ў 2021 годзе атрымлівае грамату падзякі ад рэгіянальных уладаў Валгаграда

Утораву можна знайсці ў шматлікіх рэпартажах мясцовых СМІ з падобных мерапрыемстваў — вось яна атрымлівае падзяку ад імя губернатара ў гонар 30-годдзя «Дзяцей ваеннага Сталінграда», вось расказвае гімназістам пра дзяцінства ў Сталінградзе і пра тое, як разам з іншымі дзецьмі гуляла ў варонцы ад бомбы, вось з былымі аднакласніцамі ходзіць у мясцовы тэатр на спектаклі пра Сталінградскую бітву.

«Бачыш — самалёты ляцяць, ну для мяне гэта птушачкі. Мама ў ахапак і ў акоп, бо гэта было вельмі небяспечна. Бамбілі суднабудаўнічы завод, чыгунку», — расказвала яна на адным з такіх мерапрыемстваў аб сваім дзяцінстве ў разгар вайны.

Дзеці Сталінграда дзясяткі гадоў дамагаліся, каб тых, хто перажыў у гэтым горадзе падзеі 1942—1943 гадоў, прыраўнавалі да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — як жыхароў блакаднага Ленінграда і абложанага Севастопаля (Расія анэксавала ўкраінскія Крым і Севастопаль у 2014 годзе). І дабіліся — адпаведны закон уступіў у сілу вясной гэтага года. Дадатковыя льготы як ветэраны вайны атрымалі амаль чатыры тысячы жыхароў Валгаградскай вобласці, у тым ліку Уторава.

Рыма Уторава (злева) на фотавыставе аб ваенных гадах (люты 2023 г.)

Раённае аддзяленне арганізацыі «Дзеці ваеннага Сталінграда», якое яна ўзначальвае, займае невялікі пакойчык у мясцовым доме культуры. Усе ўдзельнікі — старэйшыя за 80, ёсць нехадзячыя, расказвае Бі-бі-сі суразмоўца, знаёмы з Уторавай.

Паводле яго слоў, яна выглядала бадзёра і рабіла ўражанне «вельмі дакладнай і разумнай жанчыны». Яе аддзяленне ўдзельнічала ў грамадскім жыцці горада, у тым ліку і ў сувязі з уварваннем Расіі ва Украіну: «Дзеці Сталінграда» падтрымлівалі так званую «спецаперацыю» і збіралі дапамогу расійскім вайскоўцам.

Таго, што Рыма Уторава пойдзе падпальваць ваенкамат, не чакаў ніхто. «Нармальны чалавек, патрыятычны. Дзелавая, пісьменная жанчына. Не ведаю, як яна магла так паддацца», — кажа пра яе кіраўнік «Дзяцей ваеннага Сталінграда» Наталля Сарафанава, дадаючы, што ва Уторавай ёсць дачка і ўнук, але жывуць яны ў іншым горадзе.

«Я страціла і грошы, і сумленне. І як цяпер будуць людзі на мяне глядзець?»

Сама Уторава распавяла «Расіі-1», што ашуканцы тэлефанавалі ёй на працягу некалькіх дзён і прадстаўляліся супрацоўнікамі расійскіх сілавых структур. Прычым, паводле яе слоў, тыя, хто тэлефанаваў, ведалі, што Уторава перажыла Сталінградскую бітву, і ў размове згадвалі дзяцей Сталінграда:

«Ён [хто тэлефанаваў] сказаў, што цяпер у нашым горадзе дзеці ваеннага Сталінграда падвяргаюцца небяспецы. Таму што ў ваенкамаце нашага Чырвонаармейскага раёна ёсць працаўнікі, звязаныя з УСУ», — распавяла Уторава.

Ашуканцы пераканалі яе прыняць удзел у «аперацыі па затрыманні злачынцаў», якія нібыта атабарыліся ў ваенкамаце. Вядома, што перад гэтым Уторава перавяла ашуканцам буйную суму грошай. Паводле даных мясцовых СМІ — 700 тысяч рублёў, паводле даных «Расіі-1» — каля мільёна. Адкуль жанчына ўзяла бутэлькі з «кактэйлем Молатава», невядома, падрабязней пра здарэнне яна не расказвала.

«Я страціла і грошы, і сумленне. І як цяпер будуць людзі на мяне глядзець?» — казала Уторава ў сюжэце федэральнага канала.

Рыма Уторава падчас аператыўных мерапрыемстваў ФСБ

Бі-бі-сі не ўдалося звязацца з Уторавай — яе тэлефон адключаны. Сарафанава сказала, што пасля інцыдэнту з ваенкаматам з Уторавай яшчэ не размаўляла, але спадзяецца ўбачыць яе асабіста 23 жніўня — у гэты дзень у Валгаградзе ўскладаюць кветкі і вянкі ў памяць аб загінулых у бамбардзіроўцы Сталінграда 23 жніўня 1942 года. На мерапрыемстве збіраюцца і «Дзеці ваеннага Сталінграда».

Сарафанава ставіцца да Уторавай са спагадай: «Я думаю, што яна не вінаватая, проста здарылася бяда. Ну вы самі падумайце, 83 гады. Як яна магла сама такое нарабіць?

Сарафанава згадвае, што ў канцы мінулага года ахвярай тэлефонных ашуканцаў стала іншая жанчына з «Дзяцей ваеннага Сталінграда», таксама пажылая. Падпальваць ваенкамат яе не прымушалі — сказалі, што захварэла яе сяброўка, і тая перавяла тым, хто тэлефанаваў, каля 200 тысяч рублёў.

«Яны ж усе старыя людзі, каму 90 год, каму колькі. Сёння ў нас сустрэча была — тры чалавекі не прыйшлі. Учора яшчэ размаўлялі, а сёння да дваіх хуткая прыехала», — кажа Сарафанава.

«У нас ёсць паўнамоцтвы, і мы за Расію»

Спачатку ў СМІ пісалі, што на Рыму Утораву завялі справу аб замаху на знішчэнне маёмасці, але пазней мясцовы партал V1.ru паведаміў, што жанчыну прызналі пацярпелай у справе аб махлярстве і адпусцілі на волю.

У 2022 годзе ў Расіі зафіксавалі 77 падпалаў ваенкаматаў — пра гэта казаў суддзя Цэнтральнага акруговага ваеннага суда Арцём Макараў, калі разглядаў чарговую справу аб падпале. Кожны дзясяты выпадак прыпаў на паўднёвыя рэгіёны. У 2023 годзе падпалаў стала яшчэ больш.

У другой палове лета па Расіі прайшла новая хваля падпалаў ваенных камісарыятаў. За трое сутак было здзейснена каля 30 падобных атак у розных рэгіёнах краіны.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну падпальваць ваенкаматы ў Расіі сталі супернікі вайны, але апошнія падобныя выпадкі адрознівае ад папярэдніх тое, што затрыманыя дзейнічалі не з антываенных перакананняў, а, як Рыма Уторава, станавіліся ахвярамі тэлефонных ашуканцаў.

Сярод апошніх затрыманых — у асноўным пажылыя людзі, часцей жанчыны, але ў некалькіх выпадках ахвярамі ашуканцаў станавіліся і маладыя дзяўчаты 17-19 гадоў. Яны расказваюць падобныя гісторыі: што тыя, хто тэлефанаваў, прадстаўляліся супрацоўнікамі Цэнтрабанка, паліцыі або расійскіх спецслужбаў, вымагалі грошы, а потым пад рознымі падставамі ўгаворвалі людзей падпаліць ваенкамат.

У шэрагу выпадкаў ашуканцы аргументавалі гэта тым, што ў ваенкамаце нібыта знаходзяцца людзі, якія працуюць на Украіну — як, напрыклад, было ў выпадку з Рымай Уторавай. 

«Вы бутэльку кінеце, задыміцца, яны будуць усе выбягаць, і мы іх усіх возьмем», — пераказвала журналістам словы ашуканцаў іншая жанчына, пенсіянерка з Саратаўскай вобласці.

Часам ашуканцы абяцалі вярнуць выкрадзеныя ў людзей грошы, калі тыя падпаляць ваенкамат. Некаторыя расказвалі, што тыя, хто тэлефанаваў, пагражалі ім. «Калі вы адмовіцеся, то ўсё будзе скарыстана супраць вас. Вас пасадзяць. У нас ёсць паўнамоцтвы, і мы за Расію», — распавядала адна з жанчын.

4 жніўня стала вядома, што ва Усевалажску пакончыў з сабой 76-гадовы пенсіянер, затрыманы за спробу падпалу мясцовага ваенкамата. Махляры, якія тэлефанавалі яму, пераканалі яго прадаць кватэру і перавесці ім выручаныя за яе грошы — чатыры мільёны рублёў. Каб вярнуць гэтую суму, трэба падпаліць ваенкамат, патлумачылі яму ашуканцы, якія прадставіліся супрацоўнікамі ваенкамата.

Зрабіць гэта ў мужчыны не атрымалася, яго затрымалі з бутэлькамі з запальнай сумессю каля ваенкамата. У выніку на яго завялі крымінальную справу аб замаху на наўмыснае знішчэнне маёмасці, але арыштоўваць не сталі, адпусціўшы дадому пад абавязацельства аб яўцы. На наступны дзень яго знайшлі дома мёртвым.

Тэрарызм ці знішчэнне маёмасці

Раней затрыманыя за падпал ваенкамата ці за спробу зрабіць гэта часцей за ўсё станавіліся фігурантамі спраў аб тэрарызме. У шэрагу выпадкаў справы першапачаткова ўзбуджаліся па лягчэйшых артыкулах — напрыклад, аб псаванні маёмасці, але пазней абвінавачванні рабіліся больш жорсткімі.

Абвінавачаныя ў падпалах ваенкаматаў атрымліваюць суровыя турэмныя тэрміны — 22-гадовага жыхара падмаскоўных Лухавіц Кірыла Бутыліна, затрыманага за першы вядомы падпал ваенкамата пасля пачатку ўварвання Расіі ва Украіну, прысудзілі да 13 гадоў зняволення. У канцы чэрвеня суд у Яраслаўлі прыгаварыў да шасці гадоў зняволення 19-гадовую Валерыю Зотаву — за спробу падпаліць пункт збору дапамогі мабілізаваным. Яе маці ў размове з Бі-бі-сі меркавала, што дачка стала ахвярай правакацыі ФСБ — доўгі час ёй пісаў нейкі «Андрэй з УСУ» і настойліва пераконваў здзейсніць падпал.

Мяркуючы з адкрытых даных, на апошніх затрыманых за спробу падпалу ваенкаматаў — тых, хто стаў ахвярамі тэлефонных ашуканцаў — спраў аб тэрарызме ўсё ж не заводзяць.

83-гадовая Рыма Уторава — самая пажылая з затрыманых і адзіная (з усіх вядомых выпадкаў), каго ў выніку прызналі пацярпелай у справе аб махлярстве і каму не сталі выстаўляць ніякіх абвінавачанняў.

76-гадовы пенсіянер з Усевалажска за няўдалы падпал ваенкамата стаў абвінавачаным у замаху на знішчэнне маёмасці, але арыштаваны не быў, а 66-гадовая пенсіянерка з Пецярбурга ў выніку апынулася пад хатнім арыштам.

Новая хваля падпалаў ваенкаматаў аказалася настолькі масавай, што МУС і Генпракуратуры прыйшлося выпусціць асобныя перасцярогі з гэтай нагоды. Праваахоўнікі папярэдзілі расійцаў, што напады на ваенкаматы ў Расіі кваліфікуюцца як тэракт ці дыверсія, што пагражае турэмным тэрмінам да 20 гадоў. За падобнымі званкамі, па сцвярджэнні ведамстваў, стаяць ашуканцы з Украіны — хоць ніякіх фактаў, якія пацвярджаюць гэта, пакуль так і не з'явілася.

Тэлефонныя ашуканцы пераконвалі расійцаў падпальваць ваенкаматы і раней, ужо пасля пачатку ўварвання Расіі ва Украіну, але адбывалася гэта значна радзей. У канцы мінулага года аб новым відзе махлярства паведаміла сталічнае ўпраўленне ФСБ. «Зламыснікі, выкарыстоўваючы псіхалагічныя прыёмы пераканання, прапануюць грамадзянам прыняць удзел у аператыўна-вышуковых мерапрыемствах па злове злачынцаў», — гаварылася ў прэс-рэлізе.

9 жніўня гэтага года суд у Саратаўскай вобласці прыгаварыў да паўтара года ўмоўна мясцовую жыхарку, абвінавачаную па артыкуле аб псаванні маёмасці за няўдалую спробу падпалу ваенкамата. Паводле даных следства, інструкцыі для здзяйснення злачынства яна атрымала ад невядомых асоб па тэлефоне. Мяркуючы з усяго, яна таксама стала ахвярай тэлефонных ашуканцаў. Яе прысуд — адзін з найбольш мяккіх пакаранняў за падобныя дзеі.

Людзей з антываеннай пазіцыяй, якія падпальваюць ваенкаматы з ідэйных меркаванняў, у большасці выпадкаў прыгаворваюць да рэальных тэрмінаў.

Чытайце таксама:

Пенсіянерка па ўказанні тэлефонных махляроў перадала ім грошы і падпаліла два аўтамабілі

«Яны назваліся ЦРУ горада Мінска». СК сцвярджае, што «ашуканцы з Украіны» прымушаюць не толькі браць крэдыты, але і чыніць тэракты 

Каментары

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Усе навіны →
Усе навіны

Андрэй Стрыжак абвясціў пра мабілізацыю службы эвакуацыі8

Шведы прадалі мабільнага распрацоўшчыка з беларускімі каранямі больш чым за мільярд даляраў1

Мінчанка расказала, як змагла правезці ежу праз беларуска-літоўскую мяжу9

Лісты палітвязня Вацлава Арэшкі з турмы напісаныя чужой рукой

Трамп выбраў Роберта Кенэдзі-малодшага міністрам аховы здароўя13

У Беларусі прадаюць мёд за 300 рублёў — што за ён?2

«Калі ласка, памры». Нейрасетка з абразамі і праклёнамі накінулася на карыстальніка. Спыталі ў яе, чаму яна раззлавалася31

Па ўсёй Беларусі прайшла хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў7

23-гадовы хлопец загінуў у лабавым сутыкненні ў Светлагорскім раёне

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Галоўнае
Усе навіны →