Грамадства22

Тэлефонныя махляры: як яны працуюць і як не патрапіцца

Апошнім часам усё больш беларусаў падманваюць тэлефонныя махляры — асабліва пажылых. Распавядаем пра прыёмы махляроў і тое, як зразумець, што гэта яны.

Агульныя правілы

Самае важнае, што варта ведаць — на тэлефонныя махлярствы часцей за ўсё трапляюць пажылыя людзі, у асноўным жанчыны. Пагутарыце з імі. Скажыце ім ніколі не перадаваць па тэлефоне звестак сваёй карткі або грошай ні пад якія ўмовы. Патлумачце ім, што ані банкі, ані спецслужбы так не працуюць.

Таксама часцей за ўсё званкі паступаюць праз месенджары. Патлумачце старэйшым сваякам, што калі банкі і спецслужбісты тэлефануюць у «Вайбер», то гэта амаль напэўна махляры.

Праінспектуйце ўсіх вашых пажылых або менш дасведчаных сваякоў, што калі ім паступае званок быццам бы з банка або ад спецслужбаў, то ім трэба адразу пакласці слухаўку і параіцца з вамі або іншымі больш пільнымі ў такіх справах сваякамі.

Калі вы ўсё ж павяліся і зразумелі, што згубілі грошы, то скажыце пра гэта вашым сваякам або знаёмым і адразу перарывайце з махлярамі сувязь. Праінструктуйце так рабіць і вашых старэйшых сваякоў.

Часам махляры могуць граць такі спектакль вельмі доўга — жанчыну з Гродна, якая прадала ўласную кватэру па просьбе «супрацоўніка банка» і перавяла грошы махлярам, паўгода вадзілі за нос, а пасля змусілі падпаліць машыну МУС. Калі б яна звярнулася ў міліцыю, то можа і не вярнула б грошы, але засталася б пацярпелай, а не абвінавачанай.

«Дапамажыце спецслужбам»

Першая з вельмі распаўсюджаных схемаў — гэта славутыя «прадстаўнікі банкаў» або «праваахоўных органаў». Цяпер яны працуюць складаней, пераключаюцца ад «супрацоўніка» да «іншага супрацоўніка». У адной размове можа быць задзейнічана некалькі розных супрацоўнікаў махлярскіх кол-цэнтраў, якія тэлефануюць па чарзе і называюцца супрацоўнікамі розных ведамстваў.

Сутнасць звычайна зводзіцца да таго, што на ваша імя, быццам бы, узялі крэдыт і вам трэба тэрмінова або аформіць яшчэ адзін крэдыт, каб знайсці махляроў, або прадыктаваць нейкія звесткі вашай карткі і выдаць іншыя персанальныя звесткі, каб штосьці праверыць. Вам нават могуць скінуць пасведчанне нейкай службовай асобы. Махляры настойваюць на тым, што нельга нічога ўдакладняць у банка або міліцыі, маўляў, усё сакрэтна.

Бываюць і варыяцыі. Вядомая таксама схема, калі пажылой жанчыне тэлефануе быццам бы спецслужбіст, які кажа, што за ёй сочыць злачынца, які хоча яе абрабаваць, а каб яго злавіць, трэба тэрмінова выкінуць усе наяўныя грошы ў акно — пад ім ужо стаіць група хуткага рэагавання, якая зловіць злачынцу. Маўляў, яго хутка затрымаюць і вярнуць грошы. А на справе грошы падбірае кур'ер махляроў.

А адну жанчыну змусілі ўсталяваць фішынгавую праграму, і яна страціла ўсе накапленні.

Калі вам тэлефануе нехта быццам бы з банка або ад сілавікоў і адразу пачынае з таго, што на вас узялі крэдыт або вам трэба тэрмінова за нешта заплаціць, або пераходзіць да гэтага пытання пасля — гэта дакладна махляры.

Калі вам так будзе спакойней, то набярыце ў 102 або ў банк і спытайцеся, ці ёсць супрацоўнік з такім службовым пасведчаннем і калі так, то чаму ён прапануе вам вырашыць нешта таемна. З імавернасцю 99,9% вам адразу адкажуць, што гэта махляры.

Да таго ж і супрацоўнікі банкаў, і сілавікі могуць атрымаць да вашых звестак і рахункаў доступ без усялякіх праблемаў. Навошта ім у вас пра нешта пытацца, тым больш дыстанцыйна?

Таксама банкі не вырашаюць амаль аніякіх справаў на адлегласці. А ўзяць крэдыт у Беларусі без вашай прысутнасці немагчыма, калі вы не пазбаўлены дзеяздольнасці (у такім выпадку ўзяць крэдыт мог бы ваш апякун).

«Сваяк у бядзе»

Другая — гэта схема, у якой тэлефануюць ад імя сваяка, які «патрапіў у ДТЗ» або іншую бяду. Махляры звычайна або прапануюць за грошы «вырашыць праблемы», або сцвярджаюць, што вашаму сваяку трэба тэрміновая дарагая аперацыя. Таму вы мусіце сабраць усе вашы зберажэнні і перадаць ім.

Каб не павесціся, папрасіце пачакаць, каб пазбегнуць угавораў і пагрозаў, і пакладзіце слухаўку. Спакойна падумайце. Па-першае, ніякія спецслужбісты не будуць вырашаць справы вось так, праз званок. Па-другое, экстранная медыцына ў Беларусі бясплатная.

Пазваніце або напішыце сваяку, які быццам бы «патрапіў у бяду», або таму, хто з ім шчыльна кантактуе. Вы хутка адкрыеце, што з ім усё добра.

«Продаж на «Куфры»

Бываюць больш рэдкія схемы. Напрыклад, схема «куплі на Куфры». Вам тэлефануе чалавек, які, быццам бы, хоча набыць рэч, якую вы выставілі на пляцоўку продажу і часта нават за вышэйшы кошт, бо чалавек у іншым горадзе. Для гэтага, быццам бы, трэба ўвесці звесткі на старонцы, якая імітуе старонку аплаты дастаўкі ўнутры «Куфра», або прадыктаваць даныя карткі. Пасля гэтага вам тэляць яшчэ раз і просяць тэрмінова сказаць пароль пацверджання транзакцыі.

Такая ж схема існуе з фэйкавым сайтам Белпошты, іншых службаў даставак, напрыклад, Еўрапошты, і інтэрнэт-банкінгаў.

Рашэнне простае — нікому не кажыце даных вашай карткі ні ў якім выпадку. А ўсе дадатковыя паслугі накшталт дастаўкі аплочвайце ўнутры платформы, а не па спасылках, якія дасылаюць вам у месенджары.

Іншыя схемы

Таксама існуюць дзясяткі схемаў анлайн-махлярства іншага кшталту: магічныя біядабаўкі, «гарантаваны заробак ад Ілана Маска», прапановы ўкласціся ў «Белнафтахім» або «Беларуськалій» і гэтак далей.

Ва ўсіх выпадках галоўнае мець халодную галаву. Махляры спрабуюць загаварыць вас і адключыць рацыянальнае мысленне. Каб гэтага пазбягаць, ва ўсіх незразумелых сітуацыях кладзіце слухаўку (у выпадку інтэрнэт-махлярства — ігнаруйце). Супакойцеся і падумайце, ці можа быць праўдай тое, што вам кажуць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • дочка Максима Дизайнера
    21.07.2023
    Тэлефонныя махляры: як яны працуюць і як не патрапіцца

    да просто убейте об стену телефон

    дауно так и сделала

    https://d2b0v286pbg9yh.cloudfront.net/322166
  • даведка
    21.07.2023
    Мошенники при обзвоне сами сбрасываются с молдавских и пр. номеров, когда понимают, что телефон кнопочный.

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі2

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Усе навіны →
Усе навіны

У Оршы ля крамы зрабілі прыгожую фотазону. Пасярод дня адтуль скралі вялікае медзведзяня10

Аўтобус Гомель — Уроцлаў з'ехаў у кювет у Польшчы

У Мінску сутыкнуліся пяць легкавікоў

Цяжкое выпрабаванне: у Паўднёвай Карэі здаюць экзамен, які доўжыцца 8 гадзін і цалкам вызначае будучыню4

«У хляве сляды ад лап, усё ў крыві». Зграя сабак парвала дарагіх авечак пад Слуцкам2

Даляр абнавіў абсалютны максімум3

Бацька Калеснікавай абмяркоўваў з ёй магчымы зварот да Лукашэнкі аб памілаванні9

Адзін з раёнаў Мінска застаўся без святла1

Жыхар Брэста прадаваў месцы ў чарзе на мяжы. Колькі ён заплаціў штрафаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі2

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Галоўнае
Усе навіны →