Беларуска ў Польшчы данаціла ў полк Каліноўскага, але грошы не дайшлі. Па вяртанні ў Беларусь яе асудзілі на тры гады калоніі

Сталі вядомыя падрабязнасці суда над палітзняволенай Настассяй Петрачэнкай, якая спрабавала перавесці грошы палку імя Кастуся Каліноўскага, але транзакцыя не прайшла. Дзяўчыне перакваліфікавалі абвінавачанне, піша «Вясна».

23.08.2023 / 13:07

Настасся Петрачэнка. Фота: сацыяльныя сеткі

Як стала вядома з судовай пастановы, Настасся пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пераехала з Беларусі ў Польшчу.

Знаходзячыся ў суседняй краіне, яна паспрабавала зрабіць ахвяраванне са свайго беларускага банкаўскага рахунка праз інтэрнэт-банкінг палку імя Каліноўскага памерам 16,71 даляра, аднак транзакцыя не прайшла.

Пазней палітзняволеная вырашыла вярнуцца ў Беларусь, дзе была затрыманая. У выніку яе абвінавацілі ў замаху на фінансаванне экстрэмісцкага фармавання і перакваліфікавалі абвінавачанне з ч. 1 арт. 361-2 на ч. 1 арт. 14 — ч. 1 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса.

Варта адзначыць, што на момант пераліку сродкаў Настассяй полк імя Каліноўскага не быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».

14 чэрвеня 2023 суддзя Руслан Царук асудзіў Настассю Петрачэнку на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Падтрымайце палітзняволеную: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Настасся Алегаўна Петрачэнка.

Чытайце таксама:

Беларусы з Польшчы данацілі Украіне, але іх данаты ўзялі і замарозілі

Былога выкладчыка БДУІР Мікалая Банькова асудзілі да 4 гадоў калоніі

Навукоўца Юрыя Адамава асудзілі да трох гадоў калоніі за данаты

Nashaniva.com