Беларусы з Польшчы данацілі Украіне, але іх данаты ўзялі і замарозілі
Двое беларусаў, што жывуць у Польшчы, пераводзілі грошы ва Украіну, а ў выніку аказаліся ў аднолькавай сітуацыі: іх грошы не дайшлі да адрасатаў, але і не вярнуліся назад. Яны застаюцца «заблакаванымі» ва ўкраінскім банку (пакуль не бестэрмінова). Dzik Pic паразмаўляў з імі.
Гісторыя 1. «Невядома, дайшлі хоць нейкія мае данаты ва Украіну ці я ахвяравала грошы мясцовым банкам»
«Я жыву ў Польшчы з 2021 года, у лютым 2023-га атрымала гуманітарны дазвол на жыхарства. З пачаткам вайны я актыўна данаціла грошы ва Украіну на самыя розныя дабрачынныя мэты. Грошы з карткі спісваліся, таму я была ўпэўненая, што ўсё як мае быць.
Сёлета ў чэрвені я перавяла $80 са сваёй польскай карты ва ўкраінскі фонд дапамогі, дзе працуюць мае знаёмыя. Так і даведалася ад іх, што грошы не прыйшлі. Яны, са свайго боку, вырашылі высветліць у Прыватбанка, што здарылася. Банк, спасылаючыся на дакумент Нацбанка, паведаміў, што не прымае пераводаў
— у беларускіх і расійскіх рублях;
— ад людзей і кампаній, якія зарэгістраваныя / пастаянна пражываюць у Расіі або Беларусі.
У маім адрасе пражывання ў польскім PKO Bank дагэтуль пазначаны беларускі адрас, які адлюстроўваецца пры пераводзе грошай. Тады мы разам вырашылі даслаць фота маёй карты побыту і дадатковую дамову з фондам пра тое, што я сапраўды аказваю дабрачынную дапамогу.
Мне таксама параілі пазначыць польскі адрас рэгістрацыі. Але ў аплікацыі гэтага зрабіць нельга, а ў аддзяленні ПКО мне ў просьбе адмовілі (прычым даволі груба): «А што вы хацелі, супраць Беларусі ўведзены санкцыі. Пакуль адрас мы вам мяняць не можам. Вось калі атрымаеце сталы побыт, тады і прыходзьце!»
Пры гэтым я данаціла на нумар рахунку ў аплікацыі ПКО, а мой муж данаціў у той жа фонд праз сайт фонду — яго грошы прыйшлі. Выявілася, ён адпраўляў іх не ва ўкраінскі банк, а ў польскі (на сайце таксама ёсць польскі рахунак, адтуль валанцёры потым выводзяць грошы ва Украіну).
У выніку мне нічога не дапамагло. Банк абяцаў вярнуць мне грошы, але праз два месяцы нічога не адбылося. І я нават не ведаю: ці дайшлі хоць нейкія мае данаты ва Украіну, ці ўсе паўтара года я ахвяравала грошы мясцовым банкам, бо ўсе яны карыстаюцца той самай пастановай Нацбанка.
На мой погляд, гэта нейкая дзікасць: банк нават сваім жа ўкраінскім фондам не аддае грошы падчас вайны! І пры гэтым ніхто — ні адпраўнік, ні атрымальнік — можа не ведаць пра гэта. Шчыра кажучы, у мяне няма ўпэўненасці, што грошы «замарожаныя» і атрымаюць хоць нейкі рух у далейшым. Пакуль гэта выглядае як канфіскацыя».
Гісторыя 2. «Я змяніў адрас на польскі, але грошы па-ранейшаму заблакаваныя»
«Паўгода таму я пераводзіў грошы з банка «Міленіум» ва ўкраінскі банк. Гэта быў звычайны прыватны грашовы перавод на 50 еўра з рахунку ў еўра на прыватны рахунак сябра ва ўкраінскім банку. І толькі таму, што гэта быў мой знаёмы, я даведаўся, што грошы яму не прыйшлі.
Выявілася, што рэч у адрасе рэгістрацыі. Я адкрываў рахунак яшчэ да пераезду ў Польшчу каля 10 гадоў таму, таму там быў пазначаны мой адрас у Беларусі. Я на гэта ніколі не звяртаў увагі, бо маю часовы побыт і адрас для карэспандэнцыі там заўсёды быў пазначаны польскі.
Я змог змяніць адрас на польскі праз банк, але па сутнасці гэта нічога не змяніла — грошы па-ранейшаму заблакаваныя. Калі я даслаў усе паперы ва ўкраінскі банк, гэтага было недастаткова — мне параілі яшчэ пайсці ў польскі банк і змяніць даныя ў трансферы, але пакуль часу не было на гэта.
Таксама я стаў думаць пра тое, дзе цяпер усе мае данаты, бо атрымліваецца вельмі цікавая рэч. Усе тыя, хто пералічваў свае грошы на добрыя справы Украіне падчас вайны, але жыве ў іншых краінах і мае пазначаны ў банку беларускі або расійскі адрас рэгістрацыі, насамрэч пералічвалі іх не ў фонды, а банку, а да адрасата яны не даходзілі. Бо калі ты робіш данаты, даведацца, ці дайшлі яны, ты не можаш».
Каментары