«У пекле ён будзе найлепшым». Біяграфія Прыгожына
Хлопец з яўрэйскай сям'і, крымінальнік, кухар Пуціна, яго мільярдэр для спецыяльных даручэнняў ды, нарэшце, камандзір, які расчараваўся ва ўкраінскай вайне, і мяцежнік.
24.08.2023 / 01:43
Доўгі час Прыгожын заставаўся ў цені высокіх чыноў, але выхад з яго аказаўся смяротным. Фота: Stringer / Anadolu Agency via Getty Images
Яўген Прыгожын, як і ягоны будучы патрон Пуцін, нарадзіўся ў Ленінградзе, але ў 1961 годзе. Прыгожын вырас у яўрэйскай сям'і. Спачатку ішоў па шляху спартоўца, на які яго паставіў айчым-трэнер, але лёс прымусіў яго збочыць. Ужо ў 18 гадоў няўдалы спартсмен-лыжнік атрымаў свой першы тэрмін за крадзеж, але тады яшчэ ўмоўны. Тады ж Жако (іранічна, але, магчыма, ад Жаркой — прозвішча айчыма, які накіроўваў яго зусім у іншы бок), як яго празвалі памагатыя, стаў на чале мясцовай злачыннай групоўкі.
Жако, па назіраннях яго знаёмага, якога цытуе расійскае выданне «Проект», уласцівая «ўнутраная жорсткасць», і яна дазваляла яму падпарадкоўваць сваёй волі людзей. Ягоная групоўка паспяхова ўзломвала і рабавала кватэры, але папаўся Жако на спробе абрабаваць дзяўчыну. Ён атрымаў 13 гадоў пазбаўлення волі за крадзеж, разбой, махлярства і ўцягванне непаўналетняга ў злачынную дзейнасць.
У зняволенні ён адсвяткаваў сваё 19-годдзе. Менавіта ў калоніі Прыгожын страціў фалангу безназоўнага пальца левай рукі. У будучыні па гэтай прыкмеце сапраўднага Прыгожына будуць адрозніваць ад ягоных двайнікоў.
Свайго тэрмінц ён цалкам не адсядзеў і ў 1990 годзе выйшаў з калоніі, раптам апынуўшыся ў зусім іншай краіне. Ніякіх праўдзівых сведчанняў пра гэты перыяд жыцця Прыгожына не існуе. Сам ён сцвярджаў, што прадаваў хот-догі, іншыя ж сцвярджаюць, што круціўся каля стыхійнага аўтарынку, дзе пачыналі сваю кар’еру пецярбургскія бандыты. Тут ён гандляваў трохі падлатанымі пасляаварыйнымі машынамі.
Праз некалькі год крымінальніку дапаможа пачаць свой шлях у вялікі бізнэс былы аднакласнік Барыс Спектар, які разам са сваім партнёрам, бандытам Міхаілам Мірылашвілі, адкрыў у Пецярбургу некалькі казіно, а таксама валодаў сеткай прадуктовых крам. Прыгожына ён паставіў якраз топ-менеджарам рознічнай сеткі.
Прыгожын на сустрэчы Уладзіміра Пуціна з Джорджам Бушам-малодшым у 2006 годзе. Фота: Sergei Zhukov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
У канцы 1995 года побач са стрэлкай Васільеўскага вострава Прыгожыным быў адкрыты рэстаран з рэдкімі тады фуа-гра і вустрыцамі, на які яму далі грошы Мірылашвілі і Спектар. Установу хутка ацанілі першыя людзі ў горадзе, тут бываў з жонкай тагачасны мэр Анатоль Сабчак, а таксама ягоны намеснік — Уладзімір Пуцін. Так Прыгожын упершыню з ім і пазнаёміўся.
Але пераломным момантам у кар’еры стаў іншы праект Прыгожына — пераабсталяваны ў 1997 годзе пад плывучы рэстаран прагулачны цеплаход з відам на Ісакіеўскі сабор і Адміралцейства. Менавіта тут Пуцін, калі стане прэзідэнтам, будзе праводзіць сустрэчы з сусветнымі лідарамі, у тым ліку з Бушам-малодшым і Жакам Шыракам, і святкаваць свае дні народзінаў.
Прыгожын абслугоўвае за сталом прэзідэнта Расіі — за гэта ён атрымае мянушку «Кухара Пуціна», 2011 год. Фота: AP Photo
Пуцін, відаць, ацаніў тое, як Прыгожын з нічога падняў паспяховы бізнэс. Прыгожыну ж да прэзідэнта яшчэ больш наблізіцца дапамог кіраўнік спраў Пуціна.
Былы крымінальнік стаў атрымліваць добрыя заказы на абслугоўванне дзяржаўных банкетаў, ператварыўшыся ў таго самага «Кухара Пуціна».
Партнёраў, якія калісьці давалі яму грошы на ягоную справу, Прыгожын пазбыўся — усе іхнія рэстараны раптам дасталіся Прыгожыну.
Прыгожын не цураўся гвалту. У ягоным офісе гвалт «быў пастаўлены на паток»,
і за гэтым сачыў спецыяльны чалавек. Расследавання выпадкаў злачынстваў, учыненых Прыгожыным, праваахоўныя органы не праводзілі зусім або праводзілі максімальна фармальна. Вядома, прынамсі, пра паўтара дзясятка выпадкаў, калі яго супрацоўнікаў падазравалі ў збіванні людзей, якія скончыліся смерцю або сур'ёзнай шкодай для здароўя ахвяр. Ніхто з іх не панёс адказнасці.
Афіцыянты падслухоўвалі сваіх кліентаў у час прыёмаў і даносілі сэнс гутарак да свайго кіраўніка. На ключавых мерапрыемствах з удзелам кіраўніцтва краіны Прыгожын працаваў асабіста. Пра Пуціна ён заўсёды адгукаўся з дэманстратыўнай павагай, а калі пісаў пра яго, то выключна вялікімі літарамі — ЁН.
«Фабрыка троляў» стала першым важным палітычным праектам Прыгожына. Паводле адной з версій, ён стварыў яе пасля гутарак з Вячаславам Валодзіным. Да гэтага на сродкі Прыгожына быў зняты фільм «Анатомія пратэсту», у якім расказвалася, што на мітынгі апазіцыі людзей нібыта звозяць за грошы.
У 2010-я гады расійскія ўлады падглядзелі ідэю прыватных вайсковых кампаній, што складаліся з сілавікоў, якія фармальна выйшлі на пенсію, але прайшлі падрыхтоўку і маюць досвед баявых дзеянняў. Высокапастаўленыя афіцэры Мінабароны Расіі падтрымалі ідэю стварэння ПВК і даверыць яе «Кухару Пуціна». Першапачаткова Прыгожын быў не ў захапленні.
Прыгожын сярод расійскіх вайскоўцаў на нарадзе па Лівіі. Фота: Libyan National Army via AP
Гэтая ваенізаваная групоўка, як высветлілася пасля, удзельнічала яшчэ ў расійскай агрэсіі супраць Украіны на Данбасе, але ўпершыню пра ПВК «Вагнер» загаварылі ў 2015 годзе, калі кампанія шукала байцоў для ўдзелу ў ваеннай аперацыі ў Сірыі. Затым ПВК брала ўдзел у Афрыцы, дзе расійскія найміты і паліттэхнолагі дапамагалі мясцовым лідарам захопліваць або ўтрымліваць уладу.
Увесну 2018 гады кампаніі Прыгожына пачалі будаваць фабрыку па здабычы золата ў Судане.
Яўген Прыгожын у Афрыцы, 21 жніўня 2023. Фота: Wagner Account / Anadolu Agency via Getty Images
Выхаванне ў яўрэйскай сям’і ніяк не замінала Прыгожыну трымаць на чале сваёй арміі адкрытага нацыста Дзмітрыя Уткіна. Пазыўны Уткіна, «Вагнер», узяты ад прозвішча любімага кампазітара Гітлера, нават даў назву ўсёй ПВК. Пазнаёміліся яны ў час украінскай кампаніі ў 2014 годзе. Да Прыгожына прымацавалі Вагнера ў якасці камандзіра сілавой падтрымкі.
Прыгожын доўгі час лячыўся ад абдамінальнага раку і праходзіў тэрапію. Праз сваю хваробу ён прытрымліваўся строгай дыеты і вёў здаровы лад жыцця. Як чалавек з анкалогіяй, ён вельмі баяўся каранавіруснай інфекцыі, пісала расійскае выданне «Фонтанка», і нават ператварыў адзін з пакояў у сваім загарадным доме ў бальнічную палату на выпадак, калі захварэе.
Дзеля бяспекі ў Прыгожына былі не толькі фальшывыя дакументы, але і сама меней адзін двайнік.
Канфлікт з Мінабароны ў Прыгожына пачаўся яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. З 2017 года ён не мог дараваць Шайгу і яго генералам, што яны забралі сабе ўсе лаўры за паўторны штурм сірыйскай Пальміры ў 2017 годзе, хаця ў ім удзельнічала ПВК «Вагнер». Казалі, што ў 2021 годзе Прыгожын нават ударыў кагосьці з генералаў, якога Шайгу адправіў да яго на перамовы.
З лютага 2022 года імперыя Прыгожына стала неабходная пуцінскаму рэжыму як ніколі раней. Асабліва пасля таго, як наступ рэгулярнай арміі фактычна захлынуўся на большасці кірункаў і давялося адступаць з ужо, здавалася б, занятых украінскіх зямель. Расійскія ўлады адчулі востры недахоп у жывой сіле.
Прыгожын на развітанні з Уладленам Татарскім на Траякураўскіх могілках Масквы ў красавіку 2023 года. Фота: AP Photo
Выправіць сітуацыю нечаканым чынам узяўся менавіта Прыгожын, які асабіста наведваў расійскія калоніі, добра вядомыя яму па маладосці, і вербаваў зняволеных у ПВК «Вагнер» для ўдзелу ў вайне ў абмен на волю і пашану. Але гэтых непрафесійных навабранцаў можна было выкарыстоўваць выключна як «гарматнае мяса», як, уласна, Прыгожын імі і карыстаўся. Тым не менш гэтая тактыка дазволіла яму дасягнуць даволі значных поспехаў сваімі прафесійнымі сіламі.
З вялікімі праблемамі вагнераўцы сутыкнуліся ў час баёў за Бахмут. Украінцы зацята біліся за кожны квадратны метр зруйнавага дашчэнту горада, а найміты Прыгожына, якому было палітычна важна захапіць гэты населены пункт, масава гінулі пад агнём, не маючы магчымасці паўнавартасна адказваць украінцам. Гэта прывяло да таго, што ў канцы 2022 года зноў разгарэўся канфлікт Прыгожына з Мінабароны РФ. Ён абражаў военачальнікаў, патрабаваў боепрыпасы і абвінавачваў іх у вялікіх ахвярах падчас штурму горада.
Днём 23 чэрвеня Яўген Прыгожын выпусціў вялікае інтэрв'ю з рэзкімі абвінавачваннямі ў адрас кіраўніцтва Міністэрства абароны Расіі, у якім заявіў, што тое наўмысна падманвала расійскую грамадскасць і Уладзіміра Пуціна ў 2022 годзе і што ніякіх падстаў для ўварвання ва Украіну не было.
Прыгожын ад'язджае са штаба ПВА ў Растове 24 чэрвеня 2023. Фота: AP Photo
У сваім чарговым звароце Прыгожын заявіў, што ягонае 25-тысячнае войска «ідзе разбірацца, чаму ў краіне адбываецца бязмежжа», і заклікаў усіх ахвотных далучацца. Уначы 24 чэрвеня байцы ПВК «Вагнер» увайшлі ў Растоў-на-Доне і блакавалі ключавыя аб'екты ў горадзе, у тым ліку штаб Паўднёвай вайсковай акругі.
Днём калоны вагнераўцаў рушылі па федэральнай трасе ў бок Масквы. У расійскіх праўладных колах і прапагандысцкіх медыя пачалася паніка. Уладзімір Пуцін падчас зваротаў па дзяржаўных тэлеканалах назваў мяцеж «здрадай», а таксама «ўдарам у спіну» і паабяцаў, што ўсе, хто стаў на шлях мяцяжу, «панясуць немінучае пакаранне». Супраць Прыгожына былі заведзеныя крымінальныя справы і адбыліся ператрусы ў яго офісах і кватэрах.
Аднак справа нечакана вырашылася мірам. Для гэтага быў задзейнічаны Аляксандр Лукашэнка, які быццам бы дамовіўся з Пуціным, што пад ягоныя гарантыі Прыгожын і тыя вагнераўцы, якія пажадаюць, змогуць перабрацца ў Беларусь. Рух на Маскву быў спынены, а пад Асіповічамі з’явіўся велізарны лагер. Праўда, як здавалася спачатку, Прыгожын не трапіў у апалу: ён ездзіў у Расію па сваіх справах, сустракаўся з Пуціным, крымінальныя справы замялі, маёмасць вярнулі, ачарненне ва ўсіх медыя нечакана скончылася.
І ніякіх прыкмет таго, што расійскі кіраўнік збіраецца яму адпомсціць, да здзіўлення большасці экспертаў, быццам бы і не існавала. Аж да сёння.
Звязаны з ПВК «Вагнер» тэлеграм-канал, каментуючы гібель кіраўніка наймітаў, выказаў меркаванне, што «ў пекле ён будзе найлепшым!».
Чытайце таксама:
«Смерць Прыгожына робіць самога Лукашэнку ў нейкай ступені «новым Прыгожыным»
Раней Прыгожын ужо «паміраў» у авіякатастрофе. Тлумачым
«Так я падаўжаю сваю маладосць». У Прыгожына быў цэлы «канвеер» па пазбаўленні дзяўчат цнатлівасці