Яўген Прыгожын, акрамя прыватнай вайсковай кампаніі, да нядаўняга часу валодаў яшчэ і медыяхолдынгам «Патрыёт». Яго супрацоўнікі не мелі права расказваць пра тое, што там адбываецца. Пасля падзення медыяімперыі журналісты змаглі пагаварыць з некалькімі былымі супрацоўнікамі.
Медыягрупа «Патрыёт» была створаная ў кастрычніку 2019 года. У яе ўвайшлі «Федэральнае агенцтва навін», «Народныя навіны», «Эканоміка сёння», «Неўскія навіны», «Палітыка сёння» і некалькі іншых выданняў. Апякунскую раду ўзначаліў Яўген Прыгожын. У маі 2023 года ён перайшоў на пасаду намесніка.
Як адзначае РБК са спасылкай на словы генеральнага дырэктара «Федэральнага агенцтва навін» Яўгена Зубарава, першыя пляцоўкі будучага медыяхолдынга з'явіліся яшчэ ў 2009 годзе, калі першыя 20 каментатараў размясціліся ў катэджным пасёлку Паўночны Версаль. Менавіта тады Яўген Прыгожын завяршаў работы над комплексам, дзе працавалі блогеры. Першыя каментатары працавалі супраць Аляксея Навальнага і іншых прадстаўнікоў апазіцыі.
У 2011 годзе пачалі працаваць асобныя медыя. А ў 2013 годзе стала вядома аб існаванні на вуліцы Савушкіна ў Санкт-Пецярбургу «Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў», яно ж — «фабрыка троляў», супрацоўнікі якой пісалі праўладныя каментары ў сацсетках. У склад «фабрыкі» ўваходзілі такія медыя, як «Федэральнае агенцтва навін» (ФАН) і «Неўскія навіны».
У 2017 годзе, паводле ацэнак РБК, тады яшчэ нефармальны медыяхолдынг стаў самым буйным гульцом у медыяпрасторы Расіі. У тым жа самым годзе ўлады ЗША з-за дзейнасці «фабрыкі троляў» абвінавацілі Прыгожына ва ўмяшанні ў выбары і ўвялі ў дачыненні да бізнэсоўца санкцыі.
Пасля заснавання ў 2019 годзе холдынга ў яго афіцыйна ўвайшло 11 медыя. Але, як адзначаюць аналітыкі, сама «фабрыка троляў» уключала каля 400 кампаній.
Як адзначаў Зубараў, у 2022 годзе рэсурсы медыягрупы наведвалі каля 80 млн чалавек у дзень, у 2023 годзе — каля 100 млн чалавек у дзень. Агульны трафік медыягрупы складаў 300 млн унікальных наведвальнікаў у суткі.
У дзень мяцяжу Прыгожына і ПВК «Вагнер», 24 чэрвеня 2023 года, Раскамнагляд пачаў блакаваць звязаныя з ім рэсурсы. 30 чэрвеня стала вядома, што Прыгожын распусціў медыяхолдынг.
Інтэрнэт-выданне «Бумага» змагло пагутарыць з некалькімі ўжо былымі супрацоўнікамі «фабрыкі троляў».
Праверкі на «дэтэктары хлусні»
Паводле інфармацыі выдання, у 2019 годзе ў холдынгу была ўведзена сістэма праверкі супрацоўнікаў на паліграфе. Новых супрацоўнікаў адводзілі ў памяшканне, дзе з імі працавалі спецыялісты службы бяспекі і задавалі пытанні пра наркотыкі ды супрацоўніцтва з апазіцыянерамі, асабліва з Навальным.
Часам, як узгадваюць супрацоўнікі, здараліся і паўторныя праверкі на паліграфе для тых, хто працаваў больш за два гады.
Акрамя паліграфа, па словах былых супрацоўнікаў «Патрыёта», былі і іншыя праверкі. За людзьмі імкнуліся назіраць: «сачылі па электронных пропусках, па камерах, а ўсе запісы з экранаў камп'ютараў трансляваліся ў службу бяспекі».
З пачаткам вайны ва Украіне служба бяспекі холдынга больш стала звяртаць увагу не на сувязі з апазіцыяй, а на наяўнасць у супрацоўнікаў сваякоў з Украіны.
Хто быў супрацоўнікам
У канцы 2019 года выданні холдынга перахалі на Прыморскі праспект у асобны комплекс. У ім для кожнага медыя вылучылі паверх. Маленькія рэдакцыі сядзелі разам.
Па словах супрацоўнікаў, сама праца ў офісе была падобная да закрытага вайсковага прадпрыемства. Нярэдка працавалі аператары з ваенным мінулым або «досведам Данбаса».
У той жа час, па словах некаторых суразмоўцаў, большасць людзей у холдынгу былі «безыдэйнымі» і «палітычна незацікаўленым кантынгентам». Сярод супрацоўнікаў былі і тыя, хто падтрымліваў апазіцыю ці выступаў супраць вайны ва Украіне.
Па словах былых супрацоўнікаў, «людзі проста друкавалі тэкст. Гэта не адметнасць «Патрыёта», такое ёсць масава ў іншых медыя». Сярод іх не было «заўзятых пуціністаў». У асноўным гэта былі «людзі, якія хацелі атрымліваць стабільныя грошы, з якіх можна не плаціць падаткі, бо іх выдаюць наяўнымі».
Як распавяла выданню адна ананімная крыніца, аднойчы адзін супрацоўнік змог узламаць сістэмы і знішчыць базу даных. Пасля ён збег у Польшчу. А сярод рэдактараў тэлеграм-каналаў выявілася двое супрацоўнікаў, якія паралельна вялі ўкраінскія каналы.
Як ствараліся навіны
Як адзначаюць былыя супрацоўнікі, калі холдынг «Патрыёт» толькі адкрыўся, у ім існаваў спецыяльны аддзел, які размяшчаўся на асобным паверсе, куды быў абмежаваны доступ. Аддзел займаўся заказнымі матэрыяламі пра апазіцыю і пасля адпраўляў тэксты ва ўсю сетку холдынга.
У падкантрольных Прыгожыну медыя «былі блокі» на палітолагаў, якія крытыкуюць ПВК. На Ігара Стралкова, з якім апошнім часам канфліктаваў кіраўнік ПВК «Вагнер». Акрамя таго, забаранялася згадваць пра цёзку па прозвішчы Яўгена Прыгожына — прадзюсара Іосіфа Прыгожына.
Журналістаў інструктавалі, як рыхтаваць рэпартажы з Данбаса. Як распавёў выданню былы супрацоўнік «Федэральнага агенцтва навін», большая частка людзей, якія ў такіх сюжэтах паўставалі «ахвярамі» ўкраінскіх Узброеных сіл, былі падстаўнымі, якіх спецыяльна для гэтага наймалі. Гэтыя персанажы паўтаралі загадзя завучаныя рэплікі. З імі таксама перагаворваўся аператар за кадрам, інструктаваў іх казаць «павольней» ці «вось гэты момант яшчэ раз вымавіць».
Суразмоўцы выдання адзначаюць, што асобнай задачай «фабрыкі троляў» было прыдумванне тэм для крытыкі губернатара Пецярбурга Аляксандра Бяглова, з якім у Прыгожына з пачатку 2021 года пачалося актыўнае супрацьстаянне.
Адзін з былых супрацоўнікаў успамінае, што часам планы, «якія ні ты, ні я б не прыдумалі», па дыскрэдытацыі губернатара складаў сам Прыгожын. У яго, па словах крыніцы, была «вялікая фантазія, вельмі дасціпная».
З пачаткам вайны ва Украіне да крытыкі губернатара за дрэнную працу камунальных службаў дадаліся петыцыі за яго адстаўку, якія рэгулярна ствараліся. Таксама сталі распаўсюджвацца патрабаванні судзіць Бяглова за «дзяржздраду».
Сюжэты пра Бяглова і навіны з фронту імкнуліся разбаўляць навінамі шоу-бізнэсу, аглядамі фільмаў, міжнароднымі навінамі, сярод якіх былі і матэрыялы холдынга Russia Today.
Якія задачы выконвала «фабрыка троляў»
Як адзначаюць крыніцы «Бумагі», задачай медыя, якія ўваходзілі ў холдынг, было стварэнне інфармацыйнага шуму, які генераваўся разам з рэалізацыяй інтарэсаў Прыгожына, каб «забіваць парадак дня».
Па словах былога журналіста «Федэральнага агенцтва навін», пакуль адны «адцягвалі людзей праблемамі іншых краін, усялякімі мясцовымі знакамітасцямі і аглядамі тупых фільмаў, іншыя, на перадавой, прамывалі людзям мазгі матэрыяламі з «зоны СВА».
У холдынгу таксама працавалі боты. У іх задачу ўваходзіла стварэнне каментароў з падтрымкай Прыгожына і ПВК «Вагнер» , а таксама з крытыкай яго апанентаў. Такіх людзей было каля 30—50 чалавек.
Як пісала «Новая газета. Европа», пасля паведамлення аб закрыцці холдынга супрацоўнікаў звольнілі без выхадной дапамогі, толькі выплаціўшы заробак за чэрвень і дні прастою. Большасць людзей былі аформленыя не па працоўнай кніжцы.
Чытайце яшчэ:
Пасля мяцяжу «вагнераўцаў» ад міжнароднага аўтарытэту Пуціна застаўся пыл — Le Monde
Каментары