У Латвіі прапануюць замініраваць мяжу з Беларуссю

Міністэрства абароны Латвіі прапануе ўмацаваць усходнюю мяжу з дапамогай супрацьтанкавых мін і зубоў, жалезабетонных канструкцый і іншых перашкод. Пра гэта паведаміла міністарка абароны Інара Мурніецэ, прадставіўшы абноўленую канцэпцыю дзяржаўнай абароны.

05.09.2023 / 21:50

Фота ілюстрацыйнае

Мурніецэ падкрэсліла неабходнасць умацавання мяжы як з вайсковага, так і з тэхнічнага пункту гледжання. Улады плануюць даследаваць мясцовасць для вызначэння найбольш эфектыўных мер па абмежаванні руху на розных участках мяжы.

Для каардынацыі намаганняў стварылі працоўную групу, у якую ўвойдуць спецыялісты міністэрстваў унутраных спраў і абароны.

«МУС адказвае за будаўніцтва плота, устаноўку датчыкаў, кабеляў, і гэта павінна быць зроблена як мага хутчэй. Але мяжа павінна быць упарадкаваная і з вайсковага пункту гледжання, таму што мы бачым, як хутка развіваецца сітуацыя ў Беларусі», — падкрэсліла міністарка.

Чытайце таксама:

У Рызе пачаўся суд над «палітуцекачамі»: іх абвінавачваюць у выкраданні і забойстве беларускай бізнэсвумен

Мяжа ЕС з Беларуссю пакуль не будзе закрытая — кіраўнік МЗС Латвіі

Кіраўнікі памежных службаў Літвы, Латвіі і Польшчы абмеркавалі магчымы сцэнар закрыцця мяжы з Беларуссю

Nashaniva.com