ЗША застаюцца без пандаў. Кітай забірае ўсіх назад

Гіганцкія панды жылі ў ЗША з часоў нармалізацыі адносін пасля гістарычнага візіту прэзідэнта Рычарда Ніксана ў Кітай у 1972 годзе.

29.09.2023 / 13:49

Фота: Сhristophe Boisvieux / Getty Images

Усе панды з амерыканскіх заапаркаў адпраўляюцца дадому ў Кітай, і ЗША рызыкуюць ужо ў наступным годзе аказацца зусім без гіганцкай панды з-за напружаных адносін паміж дзвюма вядучымі дзяржавамі планеты, піша Бі-бі-сі.

Вашынгтонскі заапарк развітваецца з мядзведзямі Мэй Сян, Цянь Цянь і іх сынком Сяа Ці Цзі. Гіганцкім пандам зладзілі «гіганцкія праводзіны». Фестываль будзе працягвацца дзевяць дзён, а ў снежні жывёлы адправяцца дадому ў Кітай.

У Кітая манаполія на пандаў, і ён не прадае іх, а аддае ў арэнду, часцяком за сотні тысяч даляраў за год. Прадаўжаць дамовы з амерыканскімі заапаркамі Кітай пакуль не хоча, і эксперты бачаць у гэтым чарговы эпізод «панда-дыпламатыі».

Гіганцкія панды гасцявалі ў ЗША з часоў нармалізацыі адносін пасля гістарычнага візіту прэзідэнта Рычарда Ніксана ў Кітай у 1972 годзе.

Кітай традыцыйна адпраўляў мядзведзяў у заапаркі дружалюбных краін у якасці заахвочвання або падзякі. СССР атрымаў самца Пінь-Пінь у 1957 годзе за тое, што першым прызнаў камуністычны Кітай.

У Амерыцы панды засталіся яшчэ ў Атланце і Сан-Дыега, але і ў іх ужо ёсць зваротныя квіткі.

З заапарка Мемфіса Кітай адклікаў дзвюх пандаў са скандалам у пачатку гэтага года. Самец Лэ Лэ памёр — стала дрэнна з сэрцам, а яго сяброўка Я Я злёгку аблезла, і кітайцы западозрылі дрэннае стаўленне да жывёл.

Ветэрынары абедзвюх краін пацвердзілі, што з Я Я ўсё ў парадку, але асадак застаўся.

Абодва бакі адмаўляюць палітычную падаплёку вяртання пандаў з Амерыкі ў Кітай. Некаторыя ў гэта не вераць.

«Той факт, што ўсе панды з'едуць з ЗША ў Кітай да канца наступнага года, мае пэўнае значэнне», — цытуе агенцтва Bloomberg аўтара кнігі аб кітайскай «панда-дыпламатыі» і прафесара Каліфарнійскага Saint Mary's College Алену Сонгстэр.

«Кітайцы дзейнічаюць паводле плана. Яны ведаюць, што робяць»

Магчыма, яны яшчэ перадумаюць. Крыніцы Bloomberg у Белым доме кажуць, што пытанне аб пандах будзе падымацца ў перамовах з кітайцамі ў найбліжэйшы час.

Не выключана, што панды будуць згаданыя на сустрэчы прэзідэнта Джо Байдэна з кітайскім старшынёй Сі Цзіньпінам, калі ён прыедзе ў сярэдзіне лістапада ў Сан-Францыска на саміт АТЭС.

Чытайце таксама:

У Ганконгу памерла самая старая ў свеце панда

Мінскі заапарк просіць падзяліцца ўраджаем

«Нікуды не сыходзіць і чакае гаспадара». У Слоніме выкінулі на сметніцу пародзістага ката

Nashaniva.com