«Нікуды не сыходзіць і чакае гаспадара». У Слоніме выкінулі на сметніцу пародзістага ката
У Слоніме нехта вынес на памыйніцу маладога пародзістага ката і кінуў там, цяпер яму шукаюць новы дом і гаспадароў, піша «Люстэрка».
Як распавялі зоаваланцёру Аксане Саўчук неабыякавыя слонімцы, хатняга пародзістага ката кінулі ля сметніцы на Шашэйнай вуліцы. Жывёла, якая аказалася на дварэ, нікуды не ідзе і чакае гаспадара.
Кот малады і, хоць знаходзіцца ў жаласным стане, «проста неверагодны», піша жанчына, якая знайшла яго. Паводле яе слоў, ён цалкам прывучаны да дому і латка. «Відаць, што вельмі сумуе. З лёгкасцю ідзе да людзей», — кажа яна.
Жанчына гатовая адвезці гадаванца да новых гаспадароў, а таксама аплаціць кастрацыю.
У сацсетках пішуць, што знойдзены кот — брытанскай пароды, аднак, мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра скоціш-фолд (шатландскую віславухую).
Аднак кацяняты і той, і іншай пароды ў гадавальніках каштуюць досыць дорага — да некалькіх тысяч даляраў, калі ў іх ёсць радавод і права гадоўлі. Чыстакроўнае кацяня з дакументамі можа каштаваць ад 200 да 800 даляраў, «бяспашпартнае» — ад 50 даляраў.
Каментары
Жывёла - не цацка.
Спадзяюся што котка знойдзе сапраўднага любаснага гаспадара. А тым хто яе выкінуў чакае карма