«Была маленькая, а цяпер зусім схуднела». Адвакатку Юргілевіч і журналіста Паўла Мажэйку адпраўляюць «на этап»
17 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргі журналіста з Гродна Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч на вырак, вынесены ім Гродзенскім абласным судом за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», піша Радыё Свабода.
17.10.2023 / 13:22
Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч у судзе. Фота: БелТА
Тэрмін у 6 гадоў зняволення для абаіх застаўся нязменным. Дзе будуць адбываць пакаранне асуджаныя, пакуль не вядома.
Паводле крыніцы, знаёмай са сваякамі асуджанага журналіста Паўла Мажэйкі, ён ад пачатку не верыў у адмену прысуду і загадзя пачаў рыхтавацца да этапавання ў калонію.
«Рыхтуецца да этапу. Яму перадалі цёплую вопратку, тэрмабялізну, электрабрытву. Схуднеў, але кажа, што пачуваецца добра», — расказалі пра Паўла Мажэйку. Напярэдадні этапавання ў калонію ў Паўла застаецца нявырашанай праблема з лекамі.
«Медыцынскай перадачы яму так і не прынялі. І дыягназы перадавалі, і ён пісаў патрэбную заяву, але безвынікова. Невядома, чаму», — кажа крыніца пра лёс медыцынскай бандэролі для Паўла Мажэйкі, якая з верасня не можа да яго трапіць.
Пра адвакатку Юлію Юргілевіч, якую асудзілі разам з Паўлам Мажэйкам, звестак яшчэ менш.
Юлія Юргілевіч
Паводле праваабаронцаў з «Вясны», падчас следства адвакатка казала, што яе трымаюць «у скоцкіх умовах» і не даюць азнаёміцца са справай. У зняволенні Юлія Юргілевіч была ўганараваная міжнароднай прэміяй Людовіка Тэр’е ў галіне правоў чалавека.
«Яна моцна схуднела. І так была маленькая, а цяпер зусім схуднела», — сказала крыніца пра стан Юліі Юргілевіч напярэдадні разгляду апеляцыі.
Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч арыштавалі 30 жніўня 2022 года. Працэс над імі праходзіў з 10 ліпеня 2023 году ў гродзенскім абласным судзе ў адкрытым рэжыме пад старшынствам суддзі Максіма Філатава. Па выніках разгляду справы Юліі Юргілевіч прысудзілі 6 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, Паўлу Мажэйку — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Беларускія праваабаронцы прызналі Юлію Юргілевіч і Паўла Мажэйку палітвязнямі.
Чытайце таксама:
Паўлу Мажэйку і Юліі Юргілевіч прысудзілі па 6 гадоў калоніі
Другі дзень суда над Мажэйкам і Юргілевіч. Юлія заявіла, што яе трымаюць у «скоцкіх умовах»