Wargaming збірае грошы на падтрымку Украіны праз продаж спецыяльных гульнявых набораў
Кампанія з беларускімі каранямі Wargaming адкрыла для гульцоў шасці сваіх гульняў продаж спецыяльных набораў, прысвечаных Украіне. Гэтыя наборы будуць утрымліваць элементы вонкавага выгляду, створаныя мастакамі з кіеўскай студыі кампаніі. Грошы ад продажу набораў кампанія паабяцала перадаць на куплю спецыяльных машын хуткай дапамогі праз афіцыйную платформу United24, запушчаную ўладамі Украіны.
18.10.2023 / 23:01
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Daniel Boczarski / WireImage / GettyImage
«Мы ў Wargaming любім ваенныя гульні, але ненавідзім сапраўдную вайну. І гэтая тэма для нас асабліва адчувальная, бо ў Кіеве ў нас ёсць цэлая студыя, якая ўпарта працуе над World Of Tanks і іншымі прадуктамі, нягледзячы на ўсе жахі, якія штодня перажывае іх краіна», — заявіла кампанія, адзначыўшы, што з пачатку расійскага ўварвання дапамагае жыхарам Украіны.
Збор будзе праходзіць з 18 кастрычніка па 1 лістапада.
Усе грошы ад продажу спецыяльных набораў кампанія паабяцала перадаць на куплю спецыяльных машын хуткай дапамогі праз афіцыйную платформу United24, запушчаную ўладамі Украіны.
Пасля заявы Wargaming расійская кампанія Lesta Game, якая раней атрымала бізнэс распрацоўшчыкаў World of Tanks у РФ і Беларусі, заявіла, што яе праекты «па-за палітыкай».
«Нашы праекты па-за палітыкай, і мы не маем дачынення да іншых гульняў і праектаў падобнай тэматыкі. Мы настойліва раім нашым гульцам быць уважлівымі пры здзяйсненні плацяжоў і пакупак анлайн, каб не парушаць заканадаўства Расійскай Федэрацыі або Рэспублікі Беларусь», — заявілі ў гэтай кампаніі.
Чытайце таксама:
Каго садзяць за данаты, а каму дазваляюць адкупіцца. Вось якая логіка