«Цяжкое рашэнне». EPAM звольніць частку каманды ў Беларусі
EPAM прыняў рашэнне скараціць каля 2% штату ў Беларусі. Пра гэта выданню dev.by расказалі супрацоўнікі кампаніі. У EPAM пацвердзілі звальненні, але не назвалі лічбы.
25.10.2023 / 18:34
Камандзе паведамілі аб скарачэннях сёння на анлайн-мітынгу. Усім, хто трапіў пад скарачэнне, абяцалі даслаць паведамляльны ліст на працягу працоўнага дня. Вось што dev.by расказаў адзін з супрацоўнікаў:
«Крытэраў [выбару супрацоўнікаў], якія патрапяць пад скарачэнне, не агучылі. Але ўсім звольненым выплацяць выхадную дапамогу ў адпаведнасці з заканадаўствам».
Са слоў крыніц, кампанія патлумачыла, што вымушаная пайсці на скарачэнні, каб аптымізаваць выдаткі. Ва ўмовах складанай геапалітычнай сітуацыі, эканамічнага крызісу і скарачэння бюджэтаў замоўцамі EPAM не можа забяспечыць працай усіх супрацоўнікаў.
Дакладная колькасць супрацоўнікаў, якіх кампанія звольніць, невядомая. Паводле слоў адной з крыніц, «калі 2%, то скарачэнне закране не менш за 100 чалавек».
Паводле інфармацыі dev.by, у беларускім EPAM на канец 2022 года працавалі 6000+ чалавек, з іх вытворчых спецыялістаў — 4500+. Па колькасці супрацоўнікаў беларускі офіс (самы буйны да 2022 года) ужо прайграе ўкраінскаму, польскаму і індыйскаму.
У самой кампаніі рашэнне пацвердзілі:
«Скарачэнне каманды ў Беларусі — гэта цяжкое, але неабходнае і адказнае рашэнне. Яно стала аб'ектыўным адлюстраваннем эканамічнай сітуацыі на глабальным рынку кліентаў за апошнія 12-18 месяцаў. Супрацоўнікі, якіх гэтае рашэнне закранула, атрымаюць усе прадугледжаныя заканадаўствам выхадныя дапамогі і падтрымку кампаніі».
Чытайце таксама:
«Часам гэта можа быць лэвэл даўн». Што з працай і заробкамі ў беларускім ІТ-сектары
За год актывы EPAM у Беларусі скараціліся на 17%
EPAM абышла Wargaming па выплаце падаткаў у Літве
Wargaming збірае грошы на падтрымку Украіны праз продаж спецыяльных гульнявых набораў