Што трэба ведаць пра гурт Tor Band — музыкаў, якіх пакаралі жахлівымі тэрмінамі за іх хіты

Песні рагачоўскага гурта Tor Band былі народнымі хітамі ў 2020 годзе. Іх кліпы сабралі мільёны праглядаў. Аўтарытэтны музычны крытык Арцемій Троіцкі называў песні Tor Band самай яскравай з'явай у беларускай музыцы 2020-га. У выніку іх арыштавалі за іх творчасць. Сёння музыкам агучылі прысуд — ад 7,5 да 9 гадоў зняволення.

31.10.2023 / 17:48

Гурт Tor Band і музыка Юрый Стыльскі. Фота: сацсеткі

Фатограф, гукарэжысёр і настаўнік

«Мы не быдло, стадо и трусы,
Мы живой народ, мы белорусы!» 

Гэтыя радкі Tor Band сталі па-сапраўднаму народнымі.

Гурт стварылі фатограф і гукарэжысёр з рагачоўскага Дома культуры, Дзмітрый Галавач і Яўген Бурло.

40-гадовы Дзмітрый — аўтар песень, вакаліст. Вучыўся ў Магілёве, а пасля з’ехаў у Маскву. Там ён пражыў 12 гадоў і вярнуўся ў Рагачоў. Яго жонка Юлія была прэс-сакратаркай гурта.

32-гадовы Яўген — барабаншчык. Мужчына граў у гурце і працягваў працаваць у рагачоўскім Доме культуры.

Бас-гітарыстам у гурце быў 30-гадовы Андрэй Ярэмчык. Ён выкладаў гісторыю ў школе.

Як стваралі самы вядомы свой хіт

В 2020-м Tor Band запісаў адзін з найвядомейшых сваіх хітоў «Мы не народец», які вірусіўся і сярод ябацек — тыя запісвалі відэа ў тыкток на гэтую песню.

«Я прынёс песню ў красавіку — тады яшчэ не было ніякіх пратэстаў, нікога не закрывалі, усё было добра і роўна, — казаў лідар гурта Дзмітрый Галавач пра стварэнне песні ў інтэрв’ю ў 2020-м. — Па сутнасці, мы не маглі планаваць такую рэакцыю, таму што песня першапачаткова не планавалася як пратэставая. Людзі нам пішуць: «Класны пратэставы трэк!» Але ён патрыятычны, а не пратэставы. Гэта песня пра тое, што насамрэч думаюць пра сябе людзі. Фразы пра «народзец» выклікалі абурэнне і ў мяне, і ў велізарнай колькасці людзей. Гэта вельмі моцна ўдарыла па самалюбстве беларускага народа».

Вядомасць здабылі таксама іншыя творы гурта: «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?». У 2021—2022 гадах музыкі выпусцілі песні «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля», «Я нарадзіўся тут».

Аўтарытэтны музычны крытык Арцемій Троіцкі называў песні Tor Band самай яскравай з'явай у беларускай музыцы 2020-га.

Сем'і затрымалі, кліпы выдалілі

Пасля таго як песні гурта зʼяўляліся ў інтэрнэце, музыкам званілі рагачоўскія чыноўнікі і прасілі не пець іх.

«Яны хацелі, каб Рагачоў ні ў якіх СМІ і песнях не фігураваў. Была адна фраза: «Мы хочам, каб у Рагачове было ціха», — казаў Дзмітрый Галавач.

Дзмітрыя Галавача, Яўгена Бурло і Андрэя Ярэмчыка затрымалі па адміністрацыйнай справе 28 кастрычніка 2022 года. Разам з імі тады затрымлівалі і жонак.

У лістападзе з афіцыйнага ютуб-канала Tor Band зніклі ўсе відэакліпы, якія музыкі размяшчалі цягам некалькіх гадоў. Агулам прагляды відэа перавысілі 5 мільёнаў разоў.

Імаверна, да канала атрымалі доступ сілавікі. 

Трыма месяцамі раней гомельскі суд прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сацыяльныя сеткі, лагатып і некалькі песень гурта. За кожную з іх музыкантам давалі па 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

У адным з пратаколаў, складзеных на Галавача, фігуравала песня «Родная зямля». Музыку за яе прызналі вінаватым у распаўсюджванні экстрэмісцкай інфармацыі. Тады яго ўтрымлівалі пад вартай ужо месяц.

16 студзеня 2023 года КДБ прызнаў Tor Band «экстрэмісцкім фармаваннем». У яго складзе значыліся Дзмітрый Галавач, яго жонка Юлія, Яўген Бурло і Андрэй Ярэмчык. На той момант гэта быў першы музычны калектыў, які стаў «экстрэмісцкім».

24 студзеня супраць трох удзельнікаў гурта Tor Band завялі крымінальныя справы, іх перавялі ў гомельскі СІЗА.

Закрыты суд і музыка на мыліцах

У зняволенні ў Яўгена Бурло здарыўся рэцыдыў некрозу тазабедраных суставаў і яго накіравалі ў медсанчастку следчага ізалятара.

На агучванні прысуду па крымінальнай справе музыкант быў на мыліцах, паведамляла «Радыё Свабода». 

У верасні зняволеным музыкам выставілі абвінавачанні ў «знявазе Лукашэнкі», «дыскрэдытацыі Беларусі», а таксама «распальванні варажнечы» ды «стварэнні экстрэмісцкага фармавання».

Суд над імі пачаўся 14 верасня ў закрытым рэжыме. Пра падрабязнасці справы і сутнасць абвінавачання нічога не вядома.

Агучванне прысуду зрабілі адкрытым. На ім былі сваякі. Адна з іх у час агучвання прысуду страціла прытомнасць.

Музыкі не планавалі з'язджаць, у сваіх інтэрвʼю падкрэслівалі, што яны толькі музыкі, якія пішуць і выконваюць песні. Падчас ператрусаў у іх былі канфіскаваныя музычныя інструменты. А пакаранне за хіты, якія пайшлі ў народ, аказалася надзвычай суровым.

У Беларусі працягваюцца масавыя рэпрэсіі, якіх ніводная краіна Еўропы не бачыла за апошнія 50 гадоў. Кіраўніцтва Следчага камітэта паведамляла пра 12 тысяч крымінальных спраў па «экстрэмісцкіх артыкулах» — гэта лукашэнкаўскі эўфемізм для палітычных спраў. Гэта азначае, што іх фігурантамі сталі дзясяткі тысяч людзей.

Яшчэ дзясяткі тысяч людзей прайшлі праз затрыманні, былі звольненыя з працы. Сотні тысяч былі вымушаныя пакінуць краіну.

Глядзіце таксама:

«Спачатку зайшла санслужба, пасля МНС, а потым — міліцыя». Затрыманні на Зыбіцкай пасля выканання песні «Акіяна Эльзы» — што вядома?

«З вашай рыторыкай можна сказаць, што і Лукашэнка любіць Беларусь». Словы Апейкіна ў фэйсбуку ўзнялі спрэчку

«Калі мужчына спявае, ён адчувае сябе моцным». Сяржук Доўгушаў стварае новы мужчынскі хор

Васіль Вашчыла