«З вашай рыторыкай можна сказаць, што і Лукашэнка любіць Беларусь». Словы Апейкіна ў фэйсбуку ўзнялі спрэчку
Старшыня Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін апублікаваў пост, які выклікаў дыскусію пра тое, што лічыць любоўю да роднага краю, і скончыўся згадкай пра патрыятызм Лукашэнкі.
А пачалося ўсё з паста ў фэйсбуку пра гурт «Дразды» і яго лідара Віталя Карпанава, якія, як піша Апейкін, твораць невялікую гісторыю. Аляксандр адзначыў, што «малавядомы шырокай гламурнай публіцы беларускі выканаўца аб'ехаў вялікую колькасць гарадоў і мястэчак Беларусі», вядзе свае канцэрты і спявае па-беларуску.
«Так, Карпанаў і «Дразды» спяваюць пад ЧЗ [чырвона-зялёным сцягам] і дэкларуюць падтрымліваць «стабільнасць». Але я дакладна не магу залічыць яго ў прапагандысты. І ўвесь дзень мяне не пакідае адно пытанне: хто з нас усё ж такі больш любіць Беларусь — я, ты ці Карпанаў?» — задаўся пытаннем у канцы Аляксандр Апейкін.
Многія каментатары не пагадзіліся з Апейкіным. Хтосьці палічыў, што Карпанаў проста зарабляе грошы, згадалі яго словы падзякі Лукашэнку. Апейкін у адказ напісаў, што Карпанаў здаецца яму сумленным чалавекам, які любіць Беларусь, але па-свойму.
А далей спрэчка зайшла ў іншае рэчышча.
Кінакрытык Тарас Тарналіцкі зрабіў Апейкіну заўвагу:
«Ну з вашай рыторыкай можна сказаць, што і Лукашэнка любіць Беларусь, але своеасабліва».
Апейкін адказаў:
«Дык так і ёсць. Ці вы не ў курсе, што існуе іншы бок Беларусі?»
У Апейкіна ўдакладнілі:
«То-бок, калі каты выносілі б прысуды па-беларуску, то яны б таксама ўносілі нешта ў беларушчыну?»
«Гэта пераход у іншае лагічнае вымярэнне», — адрэагаваў Аляксандр. «Карпанаў не накідваў нікому вяроўкі», — дадаў спартовец.
«Наша Ніва» папрасіла Апейкіна патлумачыць яго адказ пра Лукашэнку. Той адпісаў, што не каментуе пазіцыю Лукашэнкі і не цікавіцца ягоным жыццём.
Гурт «Дразды» — беларускамоўны калектыў. Яго песня «Хата бацькоў», дзе спяваецца, што родная хата не прадаецца, стала хітом, у ютубе ў гэтага кліпа 1,9 млн праглядаў. Гурт нядаўна крытыкавалі некаторыя лукашэнкаўскія актывісты. Прапагандыст Мікіта Рачылоўскі на поўным сурʼёзе прапаноўваў забараніць «Дразды», бо «музыкі незразумела сябе паводзяць з гледзішча ідэалогіі».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Тур па Расіі і ўзнагароды ад міліцыі. Што адбываецца ў жыцці праўладных беларускіх зорак?
Што сабой уяўляе і з каго складаецца сетка расейскага ўплыву ў Беларусі
-
ГУБАЗіК перастаў выкладаць відэа з затрыманымі. З дня, калі да гэтага заклікаў канал, блізкі да Маркава
-
Калі Украіна захавае суверэнітэт узамен за нейтральнасць, што гэта будзе значыць для Беларусі?
-
Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?
Каментары