Belita выпусціла гель для душа, які «ўплывае на эмоцыі». Навуковец: «Гэта інфамахлярства»
У айчыннага касметычнага вытворцы Belita выйшла навінка — гелі для душа, якія нібыта ўплываюць на эмоцыі чалавека. «Наша Ніва» разабралася, ці варта чакаць ваў-эфекту ад бутэлек за 7 рублёў.
01.11.2023 / 18:42
Фота: belitaby / Instagram
Учора ў інстаграме Belita выйшаў пост пра калекцыю геляў-пахаў для душу From Belita with love. Паводле вытворцы, распрацоўшчыкі новага прадукту выкарысталі араматычную тэхналогію пад назвай Actimood Technology. Яна быццам «счытвае мазгавыя хвалі чалавека і аналізуе, як той ці іншы пах уплывае на запуск эмоцый — дадае радасць ці супакаенне, расслабленне ці прыцягальнасць».
Таксама, згодна з публікацыяй у інстаграме Belita, кампазіцыі пахаў гэтай калекцыі яшчэ і «прымаюць удзел у стварэнні розных эмоцый» — дораць «асалоду, расслабленне і прыцягальнасць». Каштуе магічная бутэлька 7 рублёў 14 капеек.
Гучыць непраўдападобна, ці не так? Для таго каб выдзяліць (ідэнтыфікаваць) мазгавыя хвалі (ці, кажучы па-навуковаму, рытмы галаўнога мозгу), не трэба прыдумляць ніякія новыя тэхналогіі, з гэтай задачай выдатна справіцца метад электраэнцэфалаграфіі (ЭЭГ). Пазначаныя ў пасце расслабленне і прыцягальнасць — гэта не эмоцыі. Нарэшце, пра ўплыў пахаў на эмацыйны стан чалавека даўно вядома, і для гэтага зноў жа не трэба ствараць нейкіх інавацыйных тэхналогій.
Што за метад Actimood Technology? У чэрвені 2022-га кампанія Symrise, нямецкі вытворца араматызатараў, прадуктаў харчавання, касметыкі і парфумерыі, запусціў запатэнтаваную праграму Actimood. Яе сэнс — у стварэнні пахаў, якія быццам бы ўплывалі на настрой кліентаў і змянялі б яго, напрыклад, у бок адчування абароненасці, рэлаксацыі, энергіі ці асалоды. У інтэрнэт-краме Belita на старонцы геля пазначана: «Эфектыўнасць паху даказаная кампаніяй Symrise (Германія)».
Нямецкі вытворца нічога не кажа пра тое, якім чынам распрацаваная гэтая праграма. Мы таксама не здолелі знайсці, якія навуковыя даныя стаяць за «інавацыяй» ад Belita.
З’яўленне навінкі ад Belita пракаментаваў навуковец Сяргей Бесараб:
«Уздзеянне любых прыемных пахаў будзе даваць станоўчы эфект, і тут не патрэбныя ні гелі ад Belita, ні Actimood. Важны толькі адзін нюанс — для кожнага асобнага чалавека будзе розным паняцце прыемнага і непрыемнага паху.
На ўспрыманне паху вельмі моцна ўплывае ўзрост, пол і стан здароўя паддоследнага. Успрыманне таксама залежыць ад мінулага досведу кантакту з пэўным пахам (сувязь з пэўнай падзеяй ці эмоцыяй), ад кагнітыўных установак чалавека адносна чаканага паху, нават ад асаблівасцяў культуры паддоследнага. Пах будзе ўспрымацца па-рознаму пры розных спосабах дастаўкі і часу ўздзеяння. Пакуль няма спосабаў уніфікаваць уплыў усіх пахаў, няма нават адзінай іх класіфікацыі».
Бесараб кажа, што ўсе сцвярджэнні пра здольнасць пахаў выклікаць устойлівыя эмоцыі ў адных і тых жа груп людзей — гэта не больш чым навукападобны папулізм або такі ж маркетынг.
Ён таксама лічыць, што ў гэтай гісторыі размовы пра мазгавыя хвалі ні пры чым: любы пах выклікае змяненне мазгавога рытму, якое можна зафіксаваць з дапамогай ЭЭГ, і не больш за тое. Калі гэты пах і выклікае нейкую эмоцыю, вызначыць яе з дапамогай вывучэння мазгавых рытмаў не ўдасца.
У каментары «Нашай Ніве» навуковец робіць выснову: «Гэтыя гелі — абсалютна таннае інфамахлярства, якое эксплуатуе звычайны фізіялагічны эфект».
Б'юці-сродкі для вагіны: што гэта такое і ці ўхваляе гінеколаг
Новы трэнд у тыктоку: карыстальнікаў адгаворваюць купляць непатрэбнае