Пугачова: Грошы мае лічыце? Смешна назіраць за купкай ашалелых зайздроснікаў
Спявачка Ала Пугачова рэзка выказалася ў сацсетках. Яе словы, найхутчэй, былі адказам на абмеркаванне яе кароткага візіту ў Расію ў лістападзе. Розныя каналы выказвалі здагадкі, што яна вярнулася, ці то каб даць канцэрты, ці то каб паспрабаваць зняць статус «іншагента» з мужа Максіма Галкіна.
11.11.2023 / 17:30
Фота: інстаграм Пугачовай
«Смешна і сумна назіраць за купкай ашалелых недаасобаў, зайздроснікаў і паклёпнікаў.
Вы такія пацешныя! Дарэчы, менавіта вас я назвала рабамі і халопамі, народ жа ў дадзеным выпадку ні пры чым, ён закладнік цяперашняй сітуацыі. Я люблю яго і шкадую, а вы сваімі хамскімі выказваннямі ў мой адрас, абсурднымі выдумкамі і нахабнай хлуснёй спрабуеце адштурхнуць ад мяне людзей, для якіх я ўсё жыццё жыла і спявала, ахвяравала сваім здароўем і асабістым жыццём.
Не атрымаецца гэта ў вас, як бы вы ні стараліся. Так што не марнуйце сілы свае і сродкі на дарэмныя спробы знішчыць мяне ці абясцэніць маё жыццё і творчасць. Мая шматмільённая армія прыхільнікаў мне не здрадзіць!» — напісала Пугачова ў інстаграме.
«Грошы мае лічыце? Так, я шчыравала, я іх зарабляла ў адрозненне ад тых, хто прагуляў і прапіў сваю зорную гадзіну і бяздоказна заяўляе, што ім перакрыла кісларод Ала Пугачова. Як зручна, ці не праўда?
Ды і не ў грошах шчасце. Свабода — гэта галоўнае багацце. І я яе ў сабе берагу, гэтым жыву і паспрабую дажыць да перамогі святла над цемрай, перамогі дабра над злом, перамогі праўды над паклёпам», — заявіла артыстка.
Летась увосень Пугачова з сям'ёй выехала з Расіі, але пару разоў ненадоўга наведвала краіну (напрыклад, на пахаванне свайго сябра, дызайнера яе сцэнічных касцюмаў, мадэльера Валянціна Юдашкіна). Максіма Галкіна ўнеслі ў рэестр замежных агентаў. Пасля гэтага артыстка папрасіла дадаць яе ў шэрагі «іншагентаў» услед за мужам.
Чытайце таксама:
Гомельскія прапагандысты пазлараднічалі з нагоды вайны ў Ізраілі
На Алу Пугачову падалі ў суд з-за даўгоў. Але сума проста смешная