Сцвярджаецца, што беларуская вакцына ад кавіду можа неўзабаве паступіць у абарот
Клінічныя выпрабаванні прэпарату павінны завяршыцца на днях.
26.12.2023 / 14:34
Фота: Julia Borodun Belarus Health Ministry via AP
Айчынная вакцына распрацоўваецца ў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. Даклінічныя выпрабаванні прэпарату ўжо завяршыліся, цяпер прэпарат знаходзіцца на стадыі клінічных выпрабаванняў. Але і іх плануюць завяршыць літаральна на днях, піша Tochka.by.
«Такім чынам, неўзабаве можна чакаць, што вакцына будзе зарэгістраваная і можа паступіць у грамадзянскі абарот», — адзначыла загадчыца лабараторыі грыпу і грыпападобных захворванняў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля Шмялёва.
У сакавіку 2021 года Аляксандр Лукашэнка даручыў навукоўцам стварыць сваю вакцыну ад каранавіруса, заявіўшы, што гэта справа гонару для Мінздароўя і НАН Беларусі.
Прэпарат у прабірцы быў атрыманы ўжо ў маі 2021-га. Гэта інактываваная вакцына, падобная да кітайскай Sinopharm або расійскай «Кавівак».
Як заяўляў раней кіраўнік НАН Уладзімір Гусакоў, прататып вакцыны добра пераносіцца і не мае «пабочак». Ён таксама падкрэсліваў, што прэпарат «стымулюе выпрацоўку антыцелаў супраць віруса SARS-CoV-2 на ўзроўні не ніжэйшым за сусветныя аналагі».
У студзені 2023 года стала вядома, што беларускую вакцыну ад каранавіруса тэстуюць на жывёлах.
Чытайце таксама:
У Беларусі з'явіцца ўласная вакцына супраць грыпу
У Беларусі распрацоўваюць тры вакцыны ад кавіду
Мінздароўя Расіі ўжо зарэгістравала абноўлены «Спутнік лайт»