Памёр экс-кіраўнік кампартыі Савецкай Эстоніі. У 1988-м ён не пабаяўся выступіць за незалежнасць
Вайна Вяльясу было 92 гады. Прэзідэнт Алар Карыс выказаў спачуванні сям'і і сябрам нябожчыка.
17.01.2024 / 08:29
Вайна Вяльяс. Wikimedia Commons
Вайна Вяльяс (Vaino Väljas) нарадзіўся 28 сакавіка 1931 года на востраве Хіюмаа. У 1955 годзе скончыў Тартускі дзяржаўны ўніверсітэт. З 1949 года быў на камсамольскай працы.
У 1980—1986 гадах Вяльяс працаваў паслом СССР у Венесуэле, а ў 1986—1988 гадах — паслом у Нікарагуа.
У чэрвені 1988 года ён быў абраны першым сакратаром Кампартыі Эстонскай ССР. У лістападзе 1988 года Вайна Вяльяс выступіў за прыняцце Дэкларацыі аб суверэнітэце, якая абвяшчала вяршэнства законаў Эстонскай ССР над законамі СССР.
Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Эстоніі стала першай на «парадзе суверэнітэтаў» рэспублік СССР. 16 лістапада цяпер штогод адзначаецца ў Эстоніі як Дзень адраджэння.
Праз паўтара года, 8 мая 1990 года, Вярхоўны Савет Эстонскай ССР прагаласаваў за аднаўленне дзеяння Канстытуцыі незалежнай Эстоніі 1938 года.
Незалежнасць Эстонія, у адрозненне ад падзей у Літве і Латвіі, атрымала досыць бяскроўна.
Пасля расколу ў шэрагах камуністаў Вяльяс узначальваў праэстонскае крыло партыі з 1990 па 1992 год. З 1992 па 1995 год быў старшынёй Эстонскай дэмакратычнай рабочай партыі.
У незалежнай Эстоніі ён атрымаў некалькі ўзнагарод і быў уключаны ў спіс 100 найвыбітных эстонцаў.
Чытайце таксама:
Эстонія стала першай постсавецкай краінай, якая дазволіла аднаполыя шлюбы
У Эстоніі пытанне аб пазбаўленні беларусаў і расіян выбарчых правоў зайшло ў тупік
Вядомае эстонскае адвакацкае бюро нарэшце сыходзіць з Беларусі