65-гадовая пенсіянерка пералічыла махлярам 15 тысяч рублёў. А не трэба было верыць фэйкаваму Азаронку

У пачатку снежня жыхарка Гродна ўбачыла ў тэлеграме рэкламу з Азаронкам, дзе той нібыта прапаноўваў укласціся ў акцыі кампаніі «Газпрам». Ролік быў зроблены пры дапамозе нейрасеткі.

07.02.2024 / 14:53

Натуральна, што Азаронак да яго стварэння не меў ніякага дачынення. Вось толькі жанчына пра гэта не ведала і вырашыла паспрабаваць, паведамляе абласная міліцыя.

Яна звязалася з уладальнікамі платформы, і тыя паабяцалі хуткія заробкі за кароткія тэрміны. Натуральна, каб нешта зарабіць, трэба нешта ўкласці. Таму жанчына аформіла ў банку крэдыт на суму звыш 15000 рублёў, а грошы перавяла на ўказаны рахунак.

У сярэдзіне студзеня арганізатары платформы зноў звязаліся з жанчынай. Для павелічэння даходаў яны прапанавалі ёй прадаць усе свае рэчы і кватэру, а грошы перавесці ім. Пасля гэтага жанчына зразумела, што мае справу з ашуканцамі.

Пра гэта яна і паведаміла ў Ленінскі РАУС.

Гродзенскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта па гэтым факце заведзена крымінальная справа па артыкуле «махлярства, здзейсненае ў буйным памеры».

Чытайце таксама:

Расійскія махляры дураць галовы беларусам, паклікаўшы на падмогу Азаронка

Мінчанка, ашуканая махляром, адмовілася вызваляць прададзеную кватэру і пайшла ў суд. Што з гэтага выйшла?

У Мінску накрылі офіс псеўдаброкераў

Махляры дураць беларусаў, абяцаючы ім канцэрты Макса Каржа

У Латвіі тэлефонныя махляры пачалі выкарыстоўваць штучны інтэлект для размовы на латышскай мове

Nashaniva.com