«Мне толькі хочацца, каб яна выжыла». Сястра Марыі Калеснікавай — пра год без сувязі з ёй
15 лютага 2023-га сям’я Марыі Калеснікавай атрымала ад яе апошні на сёння ліст, і з таго часу да іх далятаюць толькі ўрыўкі інфармацыі пра палітзняволеную. «Наша Ніва» задала Таццяне Хоміч, сястры Марыі, некалькі пытанняў пра гэты год цішыні.
15.02.2024 / 22:52
Фота: Ramil Nasibulin / BelTA pool photo via AP
Таццяна пацвярджае — ніякай новай інфармацыі ад Марыі ці пра яе не было: «Апошнім кантактам былі лісты ад Марыі, і якраз апошні з іх прыйшоў 15 лютага 2023 года, Марыя даслала яго 12 лютага. На пачатку лютага яе яшчэ бачыў адвакат — Марыя тады якраз папраўлялася пасля аперацыі, ужо лепш выглядала і лепей сябе адчувала, але была яшчэ слабая».
Па той інфармацыі, якую змаглі атрымаць родныя Марыі, недзе год таму яна была пераведзеная ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), і яе знікненне якраз звязанае са змяшчэннем туды. Марыя там знаходзіцца адна, яна не мае магчымасці камунікаваць з іншымі жанчынамі, не ходзіць на працу, хаця ў 2022 годзе яна працавала, як і мноства жанчын там, швачкай.
Яна мае на дзень максімум 30 хвілін шпацыру на вуліцы і 20 хвілін душу, няма ні званкоў, ні лістоў, ні візітаў родных, ні візітаў адваката.
Таццяна Хоміч і Святлана Ціханоўская. Фота: офіс Святланы Ціханоўскай
У мінулым годзе сваякі Марыі спрабавалі дамагчыся нейкай інфармацыі афіцыйнымі зваротамі і сустрэчамі, але атрымлівалі толькі адпіскі. «Мы звярталіся да адміністрацыі калоніі, пракуратуры Гомельскай вобласці, упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў. Таксама накіроўвалі ў МУС розныя звароты і скаргі наконт Машы — чаму з ёй няма сувязі, які ў яе стан здароўя, ці атрымлівае яна лячэнне і гэтак далей. І зноў заўсёды былі адпіскі, нават не было пацверджання, што Маша знаходзіцца ў ПКТ, ёй змянілі рэжым і ёсць нейкія абмежаванні.
Аргументацыя [чыноўнікаў] была стандартная, як і ў многіх [іншых вязняў]: Маша не піша і не звоніць, таму што быццам не хоча, яна не хоча бачыць адваката, таму ад яе няма зваротаў на сустрэчу з ім»,
— расказвае Таццяна.
Яшчэ ў мінулым годзе адвакаты Калеснікавай падрыхтавалі зварот да Камітэта па правах чалавека ААН, звязаны з тымі ўмовамі ўтрымання, якія былі ў Марыі ў 2022 годзе, шэраг спецдакладчыкаў тады адпраўлялі агульны зварот да беларускіх уладаў. І ўжо ў сувязі з тым, як Марыю ўтрымліваюць цяпер, што з ёй няма сувязі, яе адвакаты лічаць, што можна казаць пра знікненне палітзняволенай. Адвакаты праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill падрыхтавалі зварот у Працоўную групу ААН па гвалтоўных знікненнях, група яго мусіла разгледзець і вырашыць, ці можна казаць пра знікненне Марыі.
Адказнасць за гэта нясуць беларускія ўлады. Гэта значыць, што калі сітуацыя з Марыяй будзе прызнаная знікненнем, працоўная група павінна адправіць зварот беларускім уладам. У пэўны час — па даных Таццяны, гэта 60 дзён — улады павінны адказаць на гэты запыт і даць інфармацыю, што з Марыяй, аднавіць яе сувязь з роднымі і адвакатам адпаведна ўмовам калоніі.
Можна толькі здагадвацца, чаму Марыю пазбавілі сувязі са светам, лічыць Таццяна: «Напэўна, ёсць памкненні зламаць псіхалагічна самых вядомых палітзняволеных. Мы ведаем, што гэта адбываецца не толькі з Марыяй, такая ж сітуацыя з Сяргеем Ціханоўскім, Віктарам Бабарыкам, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Максімам Знакам. Таксама перыядычна знікае сувязь з Алесем Бяляцкім. Гэта ціск на іх, і, канешне, гэта катаванні. У праваабарончым свеце інкамунікада, адсутнасць сувязі са знешнім светам, лічыцца адным з самых цяжкіх выпрабаванняў для зняволеных.
Гэта робіцца і для таго, каб людзі пра іх забылі. Мы ведаем, які ўплыў яны (Марыя і іншыя вядомыя вязні са статусам інкамунікада. — «НН») дагэтуль маюць на людзей, ведаем пра іх здольнасць натхняць. Таксама ёсць памкненні, каб і свет забыўся на гэтых людзей — на тое, што існуюць палітвязні, існуе Марыя Калеснікава».
Тым не менш, такія дзеянні ўладаў даюць процілеглы вынік, мяркуе суразмоўца — толькі прыцягваюць больш увагі да крызісу з правамі чалавека ў Беларусі. Міжнародная супольнасць не бачыць пратэстаў на вуліцах, але яна чуе, што зняволеныя фактычна знікаюць, бачыць, у якіх умовах яны ўтрымліваюцца. Гэта дае магчымасць рабіць высновы пра сітуацыю ўнутры Беларусі.
«Сёння я б хацела не толькі ўбачыць Марыю, але і, канешне, каб яна была на волі. Не ведаю, праз што ёй цяпер даводзіцца праходзіць і наколькі гэта складана.
Мне толькі хочацца, каб яна фактычна выжыла, асабліва пасля аперацыі на язву — яе стан здароўя тады вельмі пагоршыўся і яна згубіла 15 кілаграм.
Хацела б, каб міжнародная супольнасць працавала над вызваленнем палітзняволеных, Марыі і іншых, каб яна зберагла сябе і як хутчэй апынулася на волі, як і ўсе астатнія», — кажа Таццяна Хоміч.
Чытайце таксама:
Марыя Калеснікава моцна схуднела, а ў Вольгі Маёравай праблемы з горлам
У калонію, дзе сядзяць Калеснікава і Золатава, прывезлі салодкія падарункі ад Лукашэнкі