Навальны ведаў пра падрыхтоўку абмену і даў згоду на яго — Reuters
Аляксей Навальны і яго жонка Юлія ведалі пра падрыхтоўку абмену і былі згодныя на яго. Аб гэтым піша агенцтва Reuters, спасылаючыся на ўласную крыніцу, знаёмую з ходам перамоваў. Абмен павінен быў адбыцца ў сярэдзіне лютага.
27.02.2024 / 14:23
Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto via Getty Images
Паводле выдання, абмеркаванне магчымага абмену вялося пры ўдзеле расійскага бізнесмена Рамана Абрамовіча (пра тое ж узгадвала ў сваім звароце паплечніца Навальнага Марыя Пеўчых, але Абрамовіч ёй гэта не пацвердзіў і сітуацыю ніяк не пракаментаваў).
У абмене ўдзельнічалі прадстаўнікі ўлад Расіі і Германіі. Першапачаткова размова ішла пра абмен карэспандэнта Wall Street Journal Эвана Гершковіча, абвінавачанага ў Расіі ў шпіянажы, на супрацоўніка ФСБ Вадзіма Красікава, які адбывае пакаранне ў Германіі за забойства чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі.
Пуцін гатовы быў здзейсніць абмен толькі на Красікава, аднак улады Германіі адмаўляліся выдаць яго ў абмен на Гершковіча, лічачы вызваленне журналіста «праблемай амерыканцаў».
Калі ў якасці яшчэ адной кандыдатуры на абмен быў названы Навальны, прадстаўнікі Германіі пагадзіліся, распавёў суразмоўца агенцтва.
Марыя Пеўчых раней заявіла, што напярэдадні забойства Навальнага ў калоніі перамовы аб яго абмене знаходзіліся ў фінальнай стадыі.
«Я атрымала пацверджанне аб тым, што перамовы вядуцца і знаходзяцца на фінальнай стадыі, увечары 15 лютага. 16 лютага Аляксей быў забіты», — сказала яна.
Financial Times са спасылкай на крыніцы ўчора напісала, што пасля смерці Аляксея Навальнага ў калоніі ўлады Германіі страцілі цікавасць да абмену Красікава. Але ж амерыканцы па-ранейшаму будуць спрабаваць вызваліць Гершковіча і былога марскога пехацінца ЗША Пола Уілана.
Аляксей Навальны памёр 16 лютага ў ПК-3 «Палярны воўк» — паводле афіцыйнай версіі, яму нібыта падчас прагулкі стала дрэнна.
Чытайце таксама:
Вітаўтас Ландсбергіс: Расія цалкам выраджаецца, яна нясе чалавецтву зло, яна — бяда і хвароба
Байдэн афіцыйна заявіў пра 500 новых санкцыйных абмежаванняў супраць Расіі
Паплечнік Навальнага назваў фэйкамі паведамленні пра яго пахаванне 29 лютага