Свет77

Вітаўтас Ландсбергіс: Расія цалкам выраджаецца, яна нясе чалавецтву зло, яна — бяда і хвароба

Так першы кіраўнік незалежнай Літвы ў 1990-я, прафесар Вітаўтас Ландсбергіс канстатаваў пасля весткі пра смерць Аляксея Навальнага. Ён спрагназаваў будучыню Расіі і сказаў, што гэтая краіна застанецца толькі на карце, а ўплыў у свеце будуць падзяляць ЗША і Кітай, піша Delfi.lt.

Вітаўтас Ландсбергіс. Фота: фэйсбук прафесара Ландсбергіса

Пасля смерці Навальнага ўздымаецца пытанне, ці прывядзе гэта да якіх-небудзь пераменаў у Расіі, яе грамадстве.

«Думаю, не. Быць можа хто-небудзь, калі-небудзь напіша кнігу, даследаванне, псіхалагічны раман пра тое, чаму Навальны вырашыў пакончыць з сабой.

Бо вяртанне ў Расію было самагубствам, ён жа ведаў, якая там улада, які Пуцін, што ён не даруе яму. Асабліва калі быў створаны фільм пра карупцыю. І наогул яго тэзіс пра ўладу Пуціна быў ясным і адназначным — ва ўладзе ашуканцы і злодзеі. Іншымі словамі, дзяржаву захапіў клан махляроў і злодзеяў, Навальны пра гэта гучна заявіў, не трэба думаць, што мафія махляроў і злодзеяў яму гэта даравала б.

А чаму ён вярнуўся ў Расію — можа, стаміўся. Ад чаго? Ад безнадзейнасці ў свеце. Смеласць была памылкай, калі ён думаў, што гэта будзе мець нейкае значэнне, разварушыць расійскае грамадства», — сказаў Ландсбергіс.

У 2020 годзе спроба атруціць Навальнага правалілася, ён выжыў, ачуняў. Можа, гэта стала прычынай яго вяртання ў Расію ў надзеі, што ўдасца змагацца за іншую краіну і выжыць?

«Кара-Мурза двойчы цудам выжыў і вярнуўся ў Расію. Я яму казаў, Уладзімір, трэці раз цябе дакладна заб'юць. Ён сказаў, што не можа сядзець на Захадзе, калі сябры гінуць у Расіі.

Ён зрабіў выбар, людзі робяць і такі выбар, які зрабіў Кара-Мурза, насамрэч гэта страшны лёс, яго цяпер забіваюць у турме, як забівалі Навальнага, а свет абыякава назірае», — пашкадаваў прафесар.

На пытанне, кім быў Навальны, якога некаторыя называлі не крытыкам, а крамлёўскім праектам, Ландсбергіс адказаў:

«Цяпер ясна, што ён — не праект Крамля. Калі ён і быў запасным праектам Крамля, то ад гэтага адмовіўся.

Можна было падумаць, і некаторыя палітыкі думалі, што яго трымаюць пра запас пасля Пуціна, калі Расія апынецца ў поўнай катастрофе, і ёй зноў давядзецца падманваць Захад, як тады, калі падсунулі Гарбачова, каб дурыць Захад, браць у яго грошы і сілу, а потым яго знішчыць. Можа, гэта яшчэ адзін варыянт «перабудовы» з Навальным, але цяпер ясна, што гэтага праекта няма, ад яго адмовіліся, мабыць, помста мафіі больш магутная, чым мудрагелістыя планы палітыкі», — сказаў Ландсбергіс.

Помнік у Кярнаве. Вітаўтас Ландсбергіс, кароль Міндоўг, прэзідэнт міжваеннай Літвы Антанас Смятона і … Вітаўтас Ландсбергіс. Фота: фэйсбук прафесара Ландсбергіса

Пасля смерці Навальнага сталі больш казаць пра іншых расійскіх апазіцыянераў у расійскіх турмах і за мяжой. Але ёсць пытанне — можна іх лічыць дэмакратамі, бо ў іх крыві ёсць пэўная доля імперыялізму і, калі кажуць, што Навальны не быў сумленны да канца, што ён усё ж хацеў бачыць Расію як імперыю, гэта распаўсюджваецца на ўсіх апазіцыянераў. Ці так гэта, ці ёсць у Расіі апазіцыя наогул?

«Ну, яна прынамсі не бачная, яе цяжка заўважыць. Нават тыя людзі, якія са зброяй у руках гатовыя змагацца з пуцінізмам, наўрад ці яны ясна выказаліся па ўсіх палітычных пытаннях. Яны за мір, за тое, каб вайна спынілася, што Захад — не вораг, што Расія не можа ізалявацца і сядзець у нейкім асяроддзі, куды яе цяпер загнаў Пуцін, як пацука ў кут. Гэтая апазіцыя дзесьці ваюе, абяцае ваяваць, толькі цяжка сказаць, ці могуць яны мець нейкі ўплыў ва Узброеных сілах, каб адтуль прыйшло іншае меркаванне аб тым, як Расіі трэба жыць. Дзесьці павінна сваімі дзеяннямі праявіць сябе апазіцыя, а калі яна абмяжоўваецца словамі і звадамі паміж сабой, значыць, яе няма, ні яны самі, ні Пуцін, ні Захад да іх сур'ёзна не ставяцца», — канстатаваў прафесар.

Ён сказаў, што сам Навальны не стаў дэмакратычным лідарам. Не хапіла часу? «Які тут час трэба, прыйшоў, паклаў галаву на плаху, і ўсё працягваецца. Ён паклаў галаву на плаху, але, не думаю, што ён спадзяваўся, што гэта прывядзе да сур'ёзных і значных наступстваў для Расіі, я чамусьці так не лічу», — сказаў суразмоўца.

Фота: Marcus Schreiber / AP

Забойства Навальнага паказала, што Расія стала яшчэ больш небяспечнай, а рэпрэсіўныя структуры яшчэ больш жорсткімі, яны могуць расправіцца з усімі, хто супраць рэжыму. «Расія цалкам выраджаецца. Яе рэжым бесчалавечны. Яе ідэалогія бесчалавечная, чалавечнасць там — катэгорыя для смеху, улада там — усё, панаванне і насмешка з тых, хто слабейшы. А ўсе павінны быць слабейшымі, адзіная сіла, з якой яны лічацца, гэта Кітай, я не ведаю, ці думаюць яны падмануць Кітай, яны тады былі б наіўнымі, але яны дакладна спадзяюцца падмануць Амерыку, тут няма сумневаў, пра Еўропу і казаць няма чаго», — сказаў Ландсбергіс.

Ён не сумняваецца, што Расія ўжо плануе: як быць, калі на выбарах пераможа Дональд Трамп.

Прафесар Вітаўтас Ландсбергіс, Уладзімір Зяленскі, Гітанас Наўседа і першая лэдзі Літвы, экс-прэзідэнт Даля Грыбаўскайце. Вільня, 12 студзеня 2024 года. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны via AP

Ландсбергіс падкрэсліў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі з самага пачатку вайны прасіў, маліў і патрабаваў абараніць неба над Украінай, бо немагчыма ваяваць, калі ў небе пануюць піраты, якія забіваюць, руйнуюць, знішчаюць цэлыя гарады. «Але іх не абаранілі, глядзелі, колькі ўкраінцы пратрымаюцца. Вось прыйшлося аддаць Аўдзееўку, пасля яе будзе наступны пункт. Аддалі Аўдзееўку, а калі аддадуць Кіеў?» — пытаўся Ландсбергіс.

З ягоных слоў, горш за ўсё, што Захад сыходзіць з трасы: не прызнае вайну, не прызнае агрэсію пуцінскай Расіі, з якой няма іншай размовы, як толькі знішчэнне, як было з гітлераўскай Нямеччынай.

«Падобна на тое, у Расіі няма шляху назад, ці ж яна так заяўляе, каб гучала страшней. Мы, як загнаны ў кут пацук, вы яшчэ не бачылі, які страшны бывае пацук, якога загналі ў кут, убачыце. Гэта словы Пуціна, ён сам сябе назваў пацуком, можа, цяпер абгрызе парэшткі Навальнага, каб не вяртаць іх сям'і, спаліць, аддасць попел, скажа, якая розніца», — сказаў Ландсбергіс.

Вітаўтас Ландсбергіс быў адным з тых, хто ў канцы 1980-х вярнуў Літве незалежнасць. Фота: фэйсбук прафесара Ландсбергіса

Ён не стаў прагназаваць, як сітуацыя зменіцца, калі да ўлады вернецца Трамп. «Калі ён стане прэзідэнтам, гэта не значыць, што Пуціну ад гэтага будзе добра. Можа быць, Трамп думае, што сусветны парадак павінны ладзіць ён і Расея. Магчыма, гэта яго ўяўленне. Але ён яшчэ не спытаў, што думае таварыш Сі (лідар Кітая Сі Цзіньпін) па гэтым пытанні. Думаю, парадак у свеце будзе знаходзіць Сі, можа быць, разам з Амерыкай, калі яна выстаіць, пакажа характар, пакажа, што можа змагацца», — сказаў прафесар. А дзе Расія?

«Нідзе. Расіі не будзе. Будзе яма. Як нехта з польскіх мысляроў прыгожа сказаў, калі не будзе нас, будзе лес. Таксама варыянт. Расіі на самай справе няма, ёсць карта, яны радуюцца вялікай карце, а людзей там няма, эканомікі няма».

На пытанне, ці ўтапічны гэта сцэнар — Расіі не будзе, ён паўтарыў, што яе не будзе, бо яна коціцца ў прорву. «Ці можа такая краіна доўга пратрымацца і знішчаць усё вакол. У яе была такая ідэалогія, што яна павінна ўсім кіраваць, інакш існаванне не мае сэнсу. Адзіны сэнс — улада, панаванне, знішчэнне, тэрор, удушэнне. Гэта такая краіна, але яна не можа кіраваць усім светам, бо ў Свету ёсць свае ідэі і мэты», — заўважыў прафесар.

Уладзімір Пуцін падчас інтэрв'ю Такеру Карлсану. Фота: Gavriil Grigorov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

З ягоных слоў, Пуцін адчувае, што ягонае сонца хіліцца да заходу. «І яго сонца хіліцца да заходу, і сонца яго краіны. Яго краіна на карце вялікая, але там увесь Далёкі Усход ужо не яго, там ужо Кітай наводзіць эканамічны і іншы парадак, там ужо расейцы вучаць кітайскую, чытаюць кітайскія газеты, там хутка не застанецца рускай мовы. Яны гэта таксама, хутчэй за ўсё, бачаць, можа саступяць. А можа, Кітай яшчэ дазволіць ім там пабыць, пагуляць у імператара», — разважаў прафесар. 

«У першую чаргу трэба па сутнасці адказаць на пытанне, ці будзем мы абараняцца, ці настроены мы на абарону. Я цяпер не ведаю, ці ёсць яшчэ тыя навучэнцы-дурні, якія за 5 рублёў паўтараюць, што Расія мірная дзяржава, наш сябар, я не ведаю, дзе гэтыя дурні атрымліваюць свае дывідэнды. Людзі, напэўна, трохі зразумелі, бачаць, што адбываецца, але ці адказ гэта на пытанне, ці будзем мы абараняцца, мы ўзбройваемся, у кожнага будзе стрэльба, будзем страляць з кожнага акна», — сказаў Ландсбергіс.

«Чырвоная лямпачка ўнутры Літвы — гэта рознагалоссі паміж інстытутамі ўлады. Такога не павінна быць», — сказаў ён, нагадаўшы пра рознагалоссі паміж кіраўніком МЗС, сваім унукам Габрыэлюсам Ландсбергісам і прэзідэнтам Гітанасам Наўседам.

Каментары7

  • Ганьба
    24.02.2024
    Парадаксальныя думкі. З аднаго боку, прызнае, што Захад - слабы, бязвольны і з большага дазваляе Расеі рабіць, што яна хоча. З іншага - Расеі няма, будзе руліць Кітай з Трампам.
  • Mafkees
    24.02.2024
    Имел честь с ним однажды пообщаться,умнейший и порядочный человек.
  • ром
    24.02.2024
    Оно и видно как сша рулит)) слабее ,чем сейчас, сша небыли никогда..
    Импотентная политика что сша что ес…
    Они игркбт спектакль, с целью сохранить свое лицо… не более.. результат войны будет победа рф…

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»1

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

«Белавія» праводзіць распродаж квіткоў. Што можна ўзяць па акцыі?

Лукашэнка прапанаваў вярнуць Лінгвістычнаму ўніверсітэту ранейшую назву31

Пачаўся суд над кіраўніком ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыем Кучуком

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы: Знаходжанне Верамейчыка на тэрыторыі краіны ўяўляла пагрозу нацыянальнай бяспецы35

Гайдукевіч сцвярджае, што сабраў 100 тысяч подпісаў11

У Беларусі з'явіўся новы вытворца аўтобусаў2

Блогер Шэры Кот, арыштаваны яшчэ да выбараў-2020, не выйдзе пасля сканчэння тэрміну2

СДПГ зноў вылучыць Олафа Шольца на пасаду канцлера Германіі4

Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Іспаніі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»1

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →