Ці могуць хусіты цалкам адсекчы сусветны інтэрнэт? Разбіраемся

Апошнія масавыя збоі ў працы буйных інтэрнэт-сэрвісаў планеты сталі часцей звязваць з дыверсіямі хусітаў — радыкальных ісламістаў і марыянетак Ірана, якія літаральна «сядзяць» на самым уразлівым участку сусветнай інфраструктуры інтэрнэту. Расказваем, у чым матыў хусітаў, якімі могуць быць наступствы іх далейшых дыверсій і ці здольныя яны цалкам выключыць глабальны інтэрнэт.

09.03.2024 / 13:38

Хусіт з кінжалам («джамбіяй») на фоне падводных інтэрнет-кабеляў у Чырвоным моры каля Емена, якія звязваюць паміж сабой цэлыя кантыненты і забяспечваюць фінансавыя аперацыі на трыльёны даляраў штодзень. Ілюстрацыйная выява: submarinecablemap.com / AP / Getty Images. Калаж: «Наша Ніва»

Днямі ва ўсім свеце адбыўся глабальны збой у працы шматлікіх папулярных інтэрнэт-сэрвісаў, сярод якіх былі X (былы Твітар), YouTube, WhatsApp, TikTok, многія сэрвісы Google і іншыя. 

Прычынай збою стала пашкоджанне 4 падводных інтэрнэт-кабеляў у раёне Чырвонага мора, якія адказваюць за 25% усяго інтэрнэт-трафіку паміж Еўропай, Азіяй і Блізкім Усходам. Пры гэтым, як заяўляе кампанія HGC Global Communications (адна з асноўных кампаній-вытворцаў падводных кабеляў), чатыры кабелі ў Чырвоным моры былі менавіта «перарэзаныя», а не «пашкоджаныя».

Сусветныя медыя і многія палітыкі ўбачылі ў гэтым прыкмету дзейнасці хусітаў — ваенізаванай і радыкальнай групоўкі шыітаў-зейдытаў, якая кантралюе траціну тэрыторыі Емена (міжнароднай супольнасцю іх улада там не прызнаная) і з нядаўніх часоў актыўна абстрэльвае любыя караблі, якія заходзяць у Чырвонае мора, што сур'ёзна парушыла глабальнае суднаходства.

Сама групоўка названая ў гонар яе заснавальніка і самаабвешчанага імама Хусэйна аль-Хусі, які ў 2004 падняў антыўрадавы мяцеж супраць афіцыйных уладаў Емена з-за «дыскрымінацыі зейдыцкага насельніцтва». У тым жа годзе Хусэйн аль-Хусі быў забіты еменскай урадавай арміяй, а кіраўніцтва групоўкай хусітаў перайшло да яго брата Абдэль-Маліка аль-Хусі.

Вялікі марш хусітаў у Емене, на чыіх шматлікіх сцягах напісана: «Алах вялікі, смерць Амерыцы, смерць Ізраілю, праклён габрэям, перамога ісламу». Фота: Osamah Abdulrahman / AP

Хусіты дзейнічаюць у цесным саюзе з Іранам, які з'яўляецца іх асноўным фундатарам і заступнікам. Рукамі хусітаў Іран спрабуе дапамагчы баевікам ХАМАС у сектары Газы і націснуць на краіны Захада.

Як толькі ізраільская армія ўвайшла ў Газу ў адказ на масавае тэрарыстычнае ўварванне ХАМАС, хусіты адразу пачалі атакаваць гандлёвыя судны ў Чырвоным моры, якія, па іх сцвярджэннях, звязаныя з Ізраілем, аднак неўзабаве пераключыліся і на ўсе астатнія. 

Абстрэлы дагэтуль не спыніліся, нягледзячы на некалькі серый наступных удараў у адказ па Емене з боку ЗША і Вялікабрытаніі. Многія гандлёвыя судны, якія курсуюць паміж Еўропай і Азіяй, пачалі абыходзіць раён Чырвонага мора і прытрымлівацца больш доўгага шляху вакол Афрыкі, што нашмат даражэй.

Але праблемы і пагрозы з боку хусітаў на гэтым не скончваюцца.

Яшчэ да дыверсіі з пераразаннем чатырох кабеляў звязаныя з хусітамі медыя пагражалі абсекчы абсалютна ўсю кабельную інфраструктуру на дне Чырвонага мора каля Емена. Хусіты не раз заяўлялі, што ведаюць месцазнаходжанне ўсіх гэтых кабеляў, і калі Ізраіль не спыніць вайсковыя дзеянні ў Газе, то пагрозы могуць быць здзейсненыя.

Афіцыйны ўрад Емена, які супрацьстаіць хусітам, таксама нядаўна папярэджваў пра рызыку сур'ёзных атак хусітаў на падводныя кабелі.

Ці блефуюць хусіты?

Глабальная падводная кабельная сувязь забяспечвае 95% усяго вядомага нам інтэрнэту. У свеце налічваецца больш за 550 такіх кабеляў, аднак найважнейшыя і найкаштоўнейшыя з іх (якія звязваюць паміж сабой кантыненты) пераважна праходзяць па дне Чырвонага мора.

У Чырвоным моры знаходзяцца 16 такіх кабеляў, і яны забяспечваюць амаль усю інтэрнэт-сувязь паміж Еўропай, Азіяй і Бліжнім Усходам. Праз іх штодня праходзяць фінансавыя аперацыі на трыльёны ці нават дзясяткі трыльёнаў даляраў.

Частка з усіх кабеляў Чырвонага мора знаходзіцца непасрэдна ў тэрытарыяльных водах Емена, асабліва ў водах хусітаў. Менавіта ў водах апошніх і былі перарэзаныя 4 кабелі.

Мапа, на якой адлюстраваныя ўсе падводныя кабелі сувязі, якія праходзяць па дне Чырвонага мора і звязваюць інтэрнэтам усю планету (частка з іх яшчэ будуецца, а чатыры ўжо пашкоджаныя). Кабелі знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад Емена (чырвоны), асабліва той яго часткі, якая кантралюецца хусітамі (зялёны) — радыкальнымі марыянеткамі Ірана. Крыніца: submarinecablemap.com. Інфаграфіка: «Наша Ніва»

Аднак усё яшчэ застаецца пытанне, якім чынам хусіты змаглі перарэзаць кабелі і ці змогуць яны паўтараць гэта ў будучыні.

Справа ў тым, што хоць кабелі і з'яўляюцца невялікімі і ў меру ўразлівымі, але яны ляжаць на глыбіні 100 метраў. Таму да іх будзе немагчыма падабрацца без спецыяльнай падрыхтоўкі, аквалангісцкага абсталявання і інструментаў.

Емен — вельмі бедная, разбураная вайной краіна, а хусіты ў дадатак яшчэ і ізаляваныя міжнароднымі санкцыямі. У хусітаў няма падводных лодак і іншага падводнага ўзбраення, а таксама няма магчымасці самастойна забяспечваць падрыхтоўку аквалангістаў і даваць ім неабходнае абсталяванне.

Здабыць усё неабходнае для дыверсіі на кабелях хусіты маглі толькі пры дапамозе Ірана, які пастаўляе хусітам большую частку зброі і фінансаў. Аднак у рэгіёне знаходзіцца флот ЗША і саюзнікаў, які рэгулярна перахоплівае іранскія караблі з дапамогай для хусітаў, а суседнія з Еменам краіны не гараць жаданнем дапамагаць хусітам, супраць якіх яшчэ нядаўна вялі доўгую і кровапралітную вайну. 

Але ў хусітаў ёсць яшчэ адзін спосаб, які не патрабуе апускання на дно мора. Як піша часопіс Time, хусіты могуць проста тараніць падводныя кабелі пры дапамозе якароў, якія тыя спускаюць з абстраляных і захопленых гандлёвых судоў.

Гэты спосаб дазваляе хусітам адмаўляць сваё прамое дачыненне да дыверсій і адначасова пазбягаць прамых удараў з боку ЗША, якія не будуць бамбіць гандлёвыя судны з закладнікамі на борце.

Хусіты на гандлёвым судне Galaxy Leader у лістападзе 2023 года. Для высадкі дэсанту ўжываўся верталёт. Фота: AP

З усяго гэтага выходзіць, што ў сваім жаданні і імкненні абрэзаць усе інтэрнэт-кабелі каля Емена хусіты відавочна не блефуюць (цалкам магчыма, што яны могуць праводзіць дыверсіі і за межамі сваіх тэрытарыяльных вод).

Аднак гэта не прывядзе да поўнага адключэння глабальнага інтэрнэту, бо трафік з перарэзаных кабеляў будзе перанакіраваны на астатнія за межамі Чырвонага мора.

Вядома, што ў такім выпадку хуткасць і даступнасць інтэрнэту ў свеце беспрэцэдэнтна моцна скараціцца, і гэты перыяд можа доўжыцца месяцы (ці больш, калі хусіты будуць наўмысна перашкаджаць рамантаваць кабелі). Але цалкам адключыць глабальны інтэрнэт у хусітаў ніяк не выйдзе.

Наадварот, гэты крок нашкодзіць шматлікім краінам і тым самым вымусіць іх даць калектыўны вайсковы адказ (што можа быць больш сур'ёзным за міжнародныя кампаніі супраць Афганістана і Ірака), каб засцерагчы працэс рамонту кабеляў і не дапусціць паўтарэння падобнай дыверсіі ў будучыні.

Чытайце таксама:

У Емене зрынутага дыктатара забілі і правалаклі па вуліцах сталіцы

«Возера НАТА». Як Захад перамог Расію ў Балтыйскім моры без адзінага стрэлу

Ці можа Расія анексаваць Прыднястроўе?

Марк Рыхтэр