Малдоўскія і заходнія медыя прадказваюць, што з'езд дэпутатаў Прыднястроўя можа звярнуцца да Пуціна з просьбай уключыць непрызнаную тэрыторыю ў склад Расіі. Прааналізавалі, ці выгадны цяпер такі сцэнар Расіі, колькі расійскіх салдат у Прыднястроўі, якія суадносіны сіл у рэгіёне і ці можа быць новая вайна.
Агенцтва Euronews і Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляюць, што дэпутаты так званай «Прыднястроўскай малдоўскай рэспублікі (ПМР)» у хуткім часе зладзяць з'езд, на якім могуць афіцыйна папрасіць Пуціна «абараніць» іх ад Малдовы і ўключыць у склад Расіі.
«Прарасійскі рэгіён, які адкалоўся ад Малдовы, падчас дэпутацкага з'езду 28 лютага можа запатрабаваць арганізаваць рэферэндум па далучэнні Прыднястроўя да Расіі. Падставай для такога закліку магла б стаць меркаваная неабходнасць «абараніць» расіян і іншых жыхароў Прыднястроўя ад пагроз з боку Малдовы ці НАТА», — піша ISW.
Пра магчымасць анексіі Прыднястроўя таксама заявілі і малдоўскія медыя са спасылкай на прадстаўніка прыднястроўскай апазіцыі Генадзя Чорбы. Той мяркуе, што на з'ездзе павінна быць агучаная просьба ад імя грамадзян «ПМР» прыняць іх у склад Расія, а Пуцін нібыта абвесціць пра гэтую просьбу ў сваім звароце да Федэральнага Сходу 29 лютага і прыме рашэнне яе задаволіць.
Сам з'езд, як адзначае адміністрацыя непрызнанай рэспублікі, сапраўды павінен адбыцца ўжо 28 лютага «з-за эканамічнага ціску Малдовы і імавернай гуманітарнай катастрофы ў Прыднястроўі». Намер далучыцца да Расіі пры гэтым публічна агучаны не быў.
У адказ на інфармацыю аб магчымай расійскай анексіі Прыднястроўя ўрад Малдовы афіцыйна заявіў, «што ўважліва сочыць за сітуацыяй у прыднястроўскім рэгіёне і спадзяецца, што Ціраспаль (сталіца непрызнанай рэспублікі — «НН») усведамляе наступствы, якія могуць адбыцца ў выпадку неабдуманых крокаў».
Такое ж папярэджанне выказала і суседняя Украіна. Але потым украінская выведка паведаміла, «што чуткі пра магчымую анексію Прыднястроўя з'яўляюцца наўмыснай дэзынфармацыяй, накіраванай на дэстабілізацыю сітуацыі ў рэгіёне».
Нягледзячы на гэта, мы ўсё ж вырашылі прааналізаваць, што можа адбыцца, калі Расія сапраўды вырашыцца на анексію Прыднястроўя.
Хто мацнейшы?
Пачнем з таго, што тэрыторыя непрызнанага Прыднястроўя значна меншая за Малдову і не мае выхаду да мора. Выцягнутасць тэрыторыі «ПМР» і раўнінны характар яе мясцовасці робіць абарону гэтых земляў амаль невыканальнай задачай, асабліва калі непрызнаная прарасійская рэспубліка цалкам акружана супернікамі Крамля — Малдовай і Украінай.
Апошняя ваюе з Расіяй ужо два гады і праз наяўнасць ў Прыднястроўі расійскіх салдат трымае побач значны вайсковы кантынгент, каб не быць знянацку заспетай з тыла.
Армія «ПМР» (па стане на 2024 год) мае ад 5 да 7 тысяч вайскоўцаў разам з рэзервам да 80 тысяч чалавек. Узброеныя сілы Малдовы, у сваю чаргу, налічваюць 8500 чалавек, а 67 тысяч могуць быць дадаткова выкліканы з рэзерву.
У той жа час колькасць расійскіх «міратворцаў» у Прыднястроўі складае каля 1500 чалавек. А ўкраінцы трымаюць на мяжы з «ПМР» ад 4 тысяч вайскоўцаў.
І Малдова, і «ПМР» маюць дрэннае і малалікае вайсковае абсталяванне (у асноўным гэта старыя савецкія ўзбраенні і тэхніка), аднак у Малдове гэтая праблема можа быць вырашана бесперабойнымі пастаўкамі зброі ад саюзнікаў, чым лагістычна адрэзанае ад Расіі Прыднястроўе пахваліцца ніяк не можа (у Малдовы ёсць саюзны сусед — Румынія, якая ўваходзіць у НАТА).
Аднойчы Расія ўжо ратавала «ПМР» ад паразы ў вайне з Малдовай, калі ў пачатку 1990-ых адкрыта ўмяшалася ў канфлікт паміж імі і знішчыла некалькі сотняў малдоўскіх салдат. Тады гэта прымусіла Малдову пайсці на мір з Прыднястроўем і пагадзіцца на размяшчэнне там расійскага вайсковага кантынгента, які Малдова дагэтуль не можа адтуль выгнаць.
Але цяпер, у адрозненне ад 1990-ых, у Расіі няма свабоднага і бяспечнага доступу да Прыднястроўя, які ў асноўным забяспечваўся за кошт добрых адносін з Украінай. Ва ўмовах вайны з апошняй Расія хацела сілай прабіць сухапутны калідор да Прыднястроўя, але пераацаніла свае магчымасці і недаацаніла моц Украіны, таму план застаўся нерэалізаваны.
У цяперашніх умовах у Расіі ёсць чатыры варыянты, як падтрымаць непрызнанае Прыднястроўе на фоне магчымай вайны з Малдовай.
Першы — забяспечыць стабільныя паветраныя вайсковыя пастаўкі ў «ПМР» праз паўднёвую частку Украіны з абавязковай падтрымкай расійскага чарнаморскага флота. Аднак у Украіны ёсць сучасныя супрацьпаветраныя і супрацькарабельныя ўзбраенні, ад якіх Расія ўжо значна пацярпела, страціўшы за два гады вайны траціну чарнаморскага флота, а таксама 340 самалётаў і 325 верталётаў.
Другі — афіцыйна прызнаць Прыднястроўе і затым адразу ж прыняць яго ў склад Расіі (па прыкладзе марыянеткавых «ДНР» і «ЛНР») з разлікам на тое, што Малдова, як і ў мінулым, можа пабаяцца адказаць сілай (што не гарантавана). Аднак гэта не вырашыць праблему лагістычнай ізаляцыі Прыднястроўя і зробіць яе законнай вайсковай цэллю для Украіны (Малдова можа наўпрост папрасіць яе ўмяшацца).
Трэці — прызнаць Прыднястроўе, але не анексаваць яго. Само па сабе прызнанне «ПМР» з боку Расіі не будзе мець для яе ніякіх практычных выгод, паколькі Расія і так фактычна кантралюе непрызнаную рэспубліку. Да вайны з Украінай расійскія чыноўнікі рэгулярна наведвалі Прыднястроўе і нават ладзілі там сумесныя вайсковыя парады. Адзінае, да чаго можа прывесці прызнанне, гэта яшчэ большае пагаршэнне адносін з Малдовай і ўзмацненне вайсковых паставак ёй з боку краін Захаду.
Чацвёрты — не прызнаваць і не анексаваць Прыднястроўе, захоўваючы цяперашні статус-кво як мінімум да канца вайны з Украінай і тым самым абараняючы «ПМР» ад патэнцыйнай паразы. Далейшы лёс Прыднястроўя будзе залежыць ад вынікаў вайны.
Таму Расіі на цяперашні момант няма сэнсу анексаваць Прыднястроўе — бо пасля гэтага Расія з вялікай доляй верагоднасці адразу ж яго страціць. Таму адзінае, што ёй застаецца — працягваць выкарыстоўваць Прыднястроўе як інструмент ціску на Малдову і Украіну, і пры гэтым пазбягаць пачатку новай вайны.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары