Лукашэнка адказаў Сахашчыку: Поўная дурасць
«Нам чужога не трэба, але сваё не аддамо», — паўтарыў ён ранейшыя выказванні.
26.03.2024 / 13:33
Лукашэнка назваў поўнай дурасцю заявы аб планах Расіі і Беларусі напасці на Захад, піша БелТА.
«Дурасць поўная. Мы не збіраемся на іх нападаць. Мы выбудоўваем тут сістэму абароны. Яны чакаюць гэта. Яны правакуюць нас, каб мы хоць неяк ім адказалі. Вазьміце закід дыверсійных груп праз украінскую мяжу. Яны зацікаўлены ў развязванні гэтай вайны. Дурныя людзі».
«Нам чужога не трэба, але сваё не аддамо.Вось наша логіка. Нам не трэба гэтая вайна. Але калі тузануцца, мы вельмі сур'ёзна адкажам», — сказаў ён
Нагадаем, што ў нядзелю «міністр абароны» ў кабінеце Ціханоўскай Валер Сахашчык заявіў, што ўлады Расіі і Беларусі рыхтуюць выкарыстанне ядзернай зброі і бліцкрыг на Вільню.
Паводле яго слоў, «беларускія генералы са сваімі калегамі з Масквы малююць стрэлкі на мапах у бок Вільні», а ўлады Расіі і Беларусі спадзяюцца, што «цывілізаваны свет будзе шакаваны» такой эскалацыяй агрэсіі і «спыніць супраціў».
Выкарыстанне ядзернай зброі і напад на Літву Масква і Мінск плануюць з-за няўдачы ў вайне з Украінай.
«Я, будучы спецыялістам вайсковым, маючы камунікацыю з калегамі ва ўсіх заходніх краінах, упэўнены на 100%: Расію чакае вялікая ваенная катастрофа. Я ўпэўнены, што расійскія і беларускія генералы добра гэта адчуваюць», — адзначыў тады Сахашчык.
«І можа так быць, што нас усіх чакаюць вельмі цяжкія часы. Але чым цяжэйшы шлях, тым даражэйшая перамога. Я ўпэўнены, што яна будзе», — падсумаваў у нядзелю Валер Сахашчык.
Чытайце таксама:
Улады Расіі і Беларусі рыхтуюць выкарыстанне ядзернай зброі і «бліцкрыг на Вільню» — Сахашчык
Каму з палітыкаў найбольш давяраюць каліноўцы? Зянону Пазняку