Уласнікаў помнікаў архітэктуры вызвалілі ад двух падаткаў
Змяненні закрануць тысячы аб'ектаў па ўсёй краіне.
28.03.2024 / 14:59
Завод «Аліварыя» ў Мінску размяшчаецца ў гістарычным комплексе, прызнаным гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
26 сакавіка 2024 года набыла моц пастанова Міністэрства культуры ад 7 сакавіка 2024 г. № 22 «Аб вызначэнні пераліку капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), іх частак».
Паводле яе, з 1 студзеня 2024 г. помнікі архітэктуры і помнікі горадабудаўніцтва, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, вызваляюцца ад падатку на нерухомасць і зямельнага падатку.
Вызначыць, ці належыць гісторыка-культурная каштоўнасць да пералічаных катэгорый, можна па чацвёртым знаку ў шыфры. Чацвёрты знак у шыфры прадстаўляе звесткі аб гісторыка-культурнай каштоўнасці ў адпаведнасці з яе характарыстыкамі: А — дакументальныя помнікі; Б — запаведныя мясціны; В — помнікі археалогіі; Г — помнікі архітэктуры; Д — помнікі гісторыі; Е — помнікі горадабудаўніцтва; Ж — помнікі мастацтва; М — калекцыя; Н — камплект.
Пад палажэнні пастановы падпадаюць толькі культурныя каштоўнасці са знакамі Г (помнікі архітэктуры) і Е (помнікі горадабудаўніцтва) у шыфры.
На сёння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь уключана 1838 помнікаў архітэктуры і 14 помнікаў горадабудаўніцтва. Апошнія гэта ў першую чаргу гістарычныя цэнтры — комплексныя аб'екты, у якія ўваходзяць дзясяткі і сотні будынкі. Такім чынам агульная колькасць помнікаў, якія вызваляюцца ад падаткаў, складзе некалькі тысяч.
Нарматыўны акт прыняты для спрыяльных умоў у тым ліку для інвестараў, якія карыстаюцца помнікамі, падтрымліваюць іх у належным стане і рэстаўруюць. Да сёння ніякай дзяржаўнай падтрымкі праектам аднаўлення і рэстаўрацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей не аказваецца, цяжар выдаткаў на захаванне помнікаў цалкам кладзецца на ўласнікаў.
Нягледзячы на падатковыя паслабленні, плаціць дзяржаве за карыстанне помнікамі ўсё роўна давядзецца.
Паводле беларускага заканадаўства за ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці, якая «аказвае непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурную каштоўнасць або зоны аховы», беларускія юрыдычныя і фізічныя асобы мусяць выплачваць 5 % прыбытку ў Фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, а замежныя — 25 % ад прыбытку.
Частка грошай з Фонду пасля ідзе на рэстаўрацыю і кансервацыю знакавых аб'ектаў — Старога замка ў Гродне, Крэўскага і Гальшанскага замкаў, касцёла езуітаў у Мсціславе. Але сапраўдныя памеры Фонду застаюцца невядомымі.
Чытайце таксама:
Спынілі крыміналку супраць супрацоўнікаў маёнтка «Падароск»
Зняволеных з мінскай «Валадаркі» перавядуць у іншае месца да канца чэрвеня