Агнешка Рамашэўская-Гузы падала ў суд на TVP
Былая дырэктарка «Белсата» падала ў суд на тэлекампанію, структурнай адзінкай якога з'яўляецца беларускі канал.
04.04.2024 / 13:03
Агнешка Рамашэўская-Гузы. Фота: Белсат
«Учора я падала першы пазоў супраць TVP, яшчэ адзін на наступным тыдні. Аднак гэта не павінна быць так, што пасля 32 гадоў працы чалавека выкідваюць як смецце», — напісала яна ў фэйсбуку.
«Але яшчэ больш не павінна быць так, каб без асаблівай прычыны хтосьці, у канцы прафесійнай кар'еры, забіраў у яго праект, які быў для яго больш, чым праца, і якому ён прысвяціў 18 гадоў свайго жыцця — адмовіўшыся на яго карысць практычна ад усяго: ад асабістага жыцця, ад забаў, падтрымання сацыяльных адносін. І давайце будзем сумленнымі: толькі дзякуючы такому ўзроўню прыхільнасці гэты праект быў створаны, выжыў і дамогся поспеху, які на самай справе ніхто не адмаўляе…», — дадала яна.
Экс-топ-менеджар «Белсата» перакананая, што так не павінна быць у нармальнай краіне.
Яна гаворыць, што адсуджаныя грошы яна перадасць у фонд «Зона салідарнасці», які падтрымлівае асобныя праекты Белсата.
Агнешку Рамашэўскую-Гузы 12 сакавіка пасля 17 год кіравання «Белсатам» звольнілі з пасады дырэктаркі. Пры гэтым ёй нібыта спярша прапанавалі звольніцца па ўласным жаданні і «з залатым парашутам», то-бок на вельмі добрых умовах, але жанчына на гэта не пагадзілася.
Кіраўніком «Белсата» стаў Аляксей Дзікавіцкі.
Чытайце таксама:
Дырэктарка «Белсата»: Мяне звольнілі па дысцыплінарным артыкуле