«Каманда не будзе аспрэчваць лідарства Дзікавіцкага, але за ім будуць прыглядаць». Ці зменіцца «Белсат» з новым кіраўніком
Былы журналіст «Белсату» прыадкрыў кухню тэлеканала і паразважаў пра ролю новага кіраўніка. Ім стаў 50-гадовы Аляксей Дзікавіцкі.
«Дзікавіцкі — крэатура звольненай дырэктаркі…»
Аляксей Дзікавіцкі выехаў у Польшчу праз палітычны пераслед на радзіме. На «Белсаце» ён з 2007 года. На тэлеканале кіраваў рэдакцыяй інфармацыйных праграм, быў намеснікам дырэктара. Цяпер стаў дырэктарам.
Былы журналіст «Белсату», які пажадаў не называць свайго імя, настойвае, што Дзікавіцкі — крэатура звольненай Агнешкі Рамашэўскай-Гузы. Яна кіравала каналам 17 гадоў. Увесь яго персанал быў «абсалютна лаяльны ёй».
«Аляксей з кім заўгодна мог скандаліць, але толькі не з Рамашэўскай, — кажа суразмоўца. — Цяпер усе, хто ў камандзе «Белсата», прысягнуць Дзікавіцкаму на вернасць».
Тым не менш вонкава выглядае, што Рамашэўская-Гузы не гатовая адназначна падтрымаць павышэнне Дзікавіцкага. «Няхай ён сам расказвае пра сваё рашэнне. Дапускаю, што ён кіраваўся логікай, што лепш, каб нехта быў знутры «Белсату», чым чужы. Ён пытаўся ў мяне, што я думаю на гэты конт. Я яму шчыра адказала, што мне ўсё роўна, хто будзе забіваць «Белсат» за гэтыя прапанаваныя 40 мільёнаў. Не важна, свой ці чужы», — адрэагавала яна на сваю адстаўку і прызначэнне Дзікавіцкага.
«Рамашэўскую хацелі пасунуць даўно…»
Змены ў кіраўніцтве «Белсата», як паведамляецца, звязаныя з працай над новай мадэллю замежных каналаў TVP, якія фінансуюцца Міністэрствам замежных спраў Польшчы.
Суразмоўца «Нашай Нівы» кажа, што Рамашэўскую-Гузы хацелі пасунуць даўно, але не выходзіла. «Яна досыць моцна трымалася на сваёй пасадзе», — гаворыць ён.
Журналіст дапускае, што ў Дзікавіцкага можа і не быць крэатыўных ідэй па развіцці канала. Раней яны ў яго былі, але ён змяніўся. Цяпер Аляксей — не малады амбітны журналіст, а медыйны функцыянер.
Былы белсатавец дадае, што для Рамашэўскай-Гузы пасада кіраўніцы тэлеканалам была палітычнай. За творчую ж частку адказваў Дзікавіцкі, і менавіта на ім трымаўся канал, але ў яго няма тых сувязяў, якія мела яго папярэдніца.
«Белсатаўцы не будуць пратэставаць супраць змяншэння заробкаў»
Былы журналіст «Белсату» дапускае, што Дзікавіцкі не будзе самастойным у прыняцці рашэнняў. Але тое будзе залежаць, хто прыйдзе па рэфармаванні ў галоўны офіс грамадскага тэлебачання TVP.
«За ім будуць прыглядаць і даваць парады, ад якіх ён не зможа адмовіцца», — мяркуе суразмоўца.
Дзікавіцкаму давядзецца справіцца з мноствам праблемаў, фактычна вярнуцца на 10 гадоў назад.
«Цяперашні бюджэт канала роўны тагачаснаму фінансаванню, — тлумачыць суразмоўца. — Але ў той час можна было аператару ў Беларусі плаціць $500, а цяпер у Польшчы $1000 будзе замала. Таму Дзікавіцкаму трэба думаць, што з гэтым рабіць».
Непераадольная праблема у тым, што ў Беларусі цяпер немагчыма стварыць аператарскіх груп, што ўплывае на запаўненне эфіру уласным беларускім кантэнтам, даводзіць былы белсатавец.
Ён лічыць, што ніхто з яго былых калег не будзе пратэставаць супраць змяншэння заробкаў. Колькі дадуць, столькі і засвояць. І будуць удзячныя любому варыянту.
Дзікавіцкі: хочам, каб нас глядзелі і ў Расіі, і ва Украіне
У ранейшых сваіх інтэрв'ю Дзікавіцкі запэўніваў, што «Белсат» застанецца беларускамоўным каналам.
Паводле яго, па-беларуску «Белсат вяшчае 17—18 гадзін на дзень. Расейскай мове адведзены да дзвюх з паловай гадзін. Неабходнасць захавання расейскамоўнага эфіру тлумачыў наяўнасцю глядацкай аўдыторыі з Расіі і Украіны.
«Таму мы працягваем рускамоўнае вяшчанне, — казаў Дзікавіцкі. — Мы хочам, каб нас глядзелі і ў Расіі, і ва Украіне, у нас ёсць цяпер дзве беларуска-ўкраінскія праграмы. Так што мы ўсё больш становімся рэгіянальным тэлеканалам, абсалютна не губляючы сваёй беларускай ідэнтычнасці».
Дзікавіцкі лічыў у 2012 годзе, што «Белсат» змусіў кіраўніцтва Беларусі на беларусізацыю дзяржаўных каналаў. Лукашэнкаўцы абяцалі запусціць цалкам беларускамоўны канал «Беларусь-3».
«Прысутнасць у медыяпрасторы цалкам беларускамоўнага «Белсата» дало падставы заварушыцца і чыноўнікам: трэба канкураваць. Гэта пазітыўны фактар. Іншая справа, наколькі якасна гэты канал будзе зроблены, колькі ў ім будзе беларускасці. Нават калі і не атрымаецца — прынамсі, творчаму калектыву будзе карысна: падвучаць родную мову», — даводзіў тады Дзікавіцкі.
Аляксей Дзікавіцкі даследуе палескую мову
Аляксей Дзікавіцкі з Пінска — горада, які лічыцца сталіцай беларускага Палесся. У яго жыхароў адметная гаворка.
На палескай мове Дзікавіцкі выдаў зборнік вершаў і эсэ «Оньдэ».
Паводле яго меркавання, Палессе ў этнакультурным плане вельмі адрозніваецца ад іншых рэгіёнаў Беларусі. Але ментальна палешукі бліжэй да беларусаў, чым да некага іншага, у прыватнасці, украінцаў.
Палешукі ў савецкай Беларусі былі дыскрымінацыйнай групай насельніцтва, даводзіў Дзікавіцкі.
«Чалавек, які гаворыць «на чістом русском» — першы гатунак. Па-беларуску — другі гатунак. Палешукі не гаварылі ні так, ні гэтак. Таму — людзі трэцяга гатунку… Калі беларусы прыязджалі ў горад з вёскі і як хутчэй стараліся пазбыцца акцэнту, то палешукі тым больш», — тлумачыў ён.
Аляксей Дзікавіцкі, як прадстаўнік Рады БНР уручаў медалі БНР. Ён быў сярод падпісантаў звароту да кіраўніцтва Літвы з просьбай пахаваць Кастуся Каліноўскага ў Беларусі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
За кратамі знаходзіцца 17 супрацоўнікаў Белсата — дырэктарка тэлеканала
Дырэктарка «Белсата» патлумачыла, што азначае скарачэнне фінансавання тэлеканала
-
Беларус атрымаў прапанову ад польскай Google, але стаў беспрацоўным. Праз візавы скандал беларусам усё часцей адмаўляюць у візах
-
Польскі суд адмовіў у экстрадыцыі беларускага актывіста Дзмітрыя Плескачова
-
За распрацоўку праграмнага забеспячэння для «Кіберпартызан» жыхара Барысава асудзілі на чатыры з паловай гады хіміі
Каментары
Адразу бачна стрыманы голас культурнага і талерантнага беларуса.
аналізпераказ расейскай прапаганды.Не тое, што Зеркало, на жаль НН апошні час ці іншыя "беларускія" СМІ, якія рэгулярна паведамляюць аб новых расейскіх серыялах, што там у расейскіх зорак і ўвогуле ў русском мире, каб беларусы на страцілі сувязь з отечественными трэндамі.