Завочна будуць судзіць полацкага бізнэсмена Захарава
Следчы камітэт паведаміў пра завядзенне спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да Уладзіміра Захарава. Яму прапануецца з'явіцца ва ўпраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці.
15.04.2024 / 15:21
Фота: forum.gipsyteam.ru
Уладзіміру Захараву інкрымінуюцца чатыры артыкулы Крымінальнага кодэкса:
- ч. 3 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў»);
- ч. 2 арт. 243-1 («Ухіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні падаткаў, збораў»);
- ч. 1 арт. 243-3 («Ухіленне ад выплаты страхавых узносаў»);
- арт. 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Уладзімір Захараў у лепшыя свае часы быў багатым бізнэсменам, валодаў вялікай колькасцю нерухомасці ў Полацку і Наваполацку. Але год таму, як паведамлялася ў дзяржаўных СМІ, у дачыненні да яго былі заведзеныя тры крымінальныя справы, а на маёмасць накладзены арышт, у тым ліку на 68 аб'ектаў нерухомасці, 23 з якіх з'яўляюцца гандлёвымі цэнтрамі.
Прэтэнзіі да Захарава ўзнікалі адносна драбнення бізнэсу, сам ён, не чакаючы арышту, з'ехаў з Беларусі.
З-за мяжы бізнесмен разгарнуў сапраўдную барацьбу за свае немалыя актывы. Спрабуючы дамовіцца ён пісаў лісты прэм'еру Галоўчанку, кіраўніку КДБ Церцелю, старшыні Савета Рэспублікі Качанавай і іншым.
У іх ён называў апазіцыю «жопазіцыяй» і запэўніваў, што яго «пазіцыя па пытаннях гісторыі і сучаснай праблематыкі (тэмы Украіны)» поўнасцю супадае з пазіцыяй дзейнай улады ў Беларусі. Асобныя з гэтых лістоў мы публікавалі.
Выглядае, што Захараву дамовіцца не ўдалося. Цяпер бізнесмена запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці.
Вядомы полацкі бізнэсмен распрадае дзясяткі гандлёвых аб'ектаў па ўсёй Беларусі