Акторка Крысціна Дробыш: Вытрымала ў эміграцыі месяц і вярнулася ў Мінск. Але вытрымала ў ім толькі месяц
Былая акторка Купалаўскага тэатра Крысціна Дробыш, якая сышла ў 2020-м разам з трупай і з’ехала ў Варшаву, распавяла «Салідарнасці» чаму эміграцыя не далася з першага разу, што дапамагло не апусціць рукі і як падтрымаць, калі зусім дрэнна, а таксама пра развод
17.04.2024 / 13:04
— Крысціна, вы ідэальна выглядаеце, па інстаграму здаецеся пазітыўнай, суперспакойнай і ўпэўненай. Што за недасягальны сакрэт для эмігрантаў?
Крысціна Дробыш. Фота: сацыяльныя сеткі
— Гэта только знешне (смяецца). Напэўна, дапамагае акцёрская адукацыя.
Нас вучылі ў тэатры, што гледача не хвалюе, што ў цябе здарылася, хворы ты ці не. Магчыма, гэтая звычка засталася (Крысціна сышла з трупы Купалаўцаў улетку 2022-га, цяпер агучвае аўдыёкнігі).
Канешне, я шукаю добрыя моманты, каб не сядзець і не думаць, што ўсё памёрла, і я зараз таксама памру. Падзеі падзеямі, але гэта маё жыццё, і я хачу яго ўсё ж такі пажыць. Маё жыццё належыць не ўладам, якія забралі працу, не дзяржаве, якая мяне выкінула, а толькі мне.
Бываюць вельмі цяжкія моманты. Я не хаваю таго, што каторы год прымаю антыдэпрэсанты, і гэта мяне ратуе. Праходзіла і псіхатэрапію, ужо пасля таго, як з’ехала з Беларусі. Разумела, што адных прэпаратаў мала і, калі хачу выйсці на нармальную жыццёвую сітуацыю, трэба дапамога спецыяліста.
І канешне ж, адказнасць за сына. Калі б была адна, магчыма б, і апусціла рукі. Але ў мяне ёсць чалавек, які не дае гэтага зрабіць, я не маю маральнага права.
Крысціна Дробыш. Фота: сацыяльныя сеткі
Стараюся сачыць за сабой, але бывае вельмі па-рознаму. Эміграцыя далася мне досыць цяжка, і фізічна, і маральна. Я рада, канешне, што так выглядаю, але назаву гэта страшным словам «фасад». Не скажу, што ў мяне трагічнае жыццё, але з боку яно выглядае лепей, чым на самой справе.
— На святкаванні 106-й гадавіны БНР вы былі на сцэне ў чырвонай сукенцы, вам вельмі пасуе! Такая вось тэрапія прыгажосцю і колерам.
— Дзякуй. Заўважыла, што пасля эміграцыі і тэрапіі пачала набываць рознакаляровае адзенне. У Беларусі гардэроб складаўся ў асноўным з чорнага і шэрага, была ўнутраная задача схаваць сябе як мага далей, стаць непрыкметнай. І вось праз гады я набыла сабе чырвоную сукенку.
«Я спрабавала з’ехаць, але першы раз мне не даўся»
— Які самы цяжкі перыяд выдаўся ў эміграцыі?
— Я з’язджала ў той час, калі яшчэ не было так небяспечна вяртацца ў Беларусь. З першага разу эміграцыя ў мяне не атрымалася: поўны адчай, неразуменне і слёзы, слёзы, слёзы.
Крысціна Дробыш. Фота: сацыяльныя сеткі
Не магла есці, толькі спаць. Прачыналася, выходзіла на балкон папаліць, глядзела кіно, зноў засынала, каб хутчэй усё гэта скончылася. Хацела, каб гэты час хуценька прайшоў, і каб глядзець на яго збоку. Але не выходзіла.
Вытрымала ў эміграцыі месяц і вярнулася ў Менск. Я была такая шчаслівая! Пакінула дома тэлефон, проста ішла па вуліцы і дыхала, дыхала.
Але гэта было ненадоўга. Бо ёсць рэальнасць, якую ты разумееш.
Праз месяц у Мінску прыйшла іншая думка: «Не, Крысціна, цяпер бяры сябе ў рукі, і пагналі». Бо ёсць не толькі ты, але і чалавек, за якога нясеш адказнасць.
Я не хацела, каб сын ішоў у цяперашнюю школу, нават дакранаўся да гэтага. Прыйшло асэнсаванне, што я магу даць яму шанец на іншую адукацыю, краіну, дзе ёсць разуменне свабоды, іншы менталітэт, людзі. Каб сын проста паспытаў гэтай свабоды.
Крысціна Дробыш. Фота: сацыяльныя сеткі
Давялося сабраць усю волю ў кулак, сабрацца і ехаць зноў. Я прыняла рашэнне, калі нават думка пра тое, што трэба з’язджаць, перастала выклікаць слёзы. «Гэта твая рэальнасць, прымай». Нікуды, ні з чым — у пустэчу.
Гэты эмігранцкі крызіс у сярэднім доўжыцца да трох гадоў. Страшную рэч скажу, хтосьці не зразумее, але ў мяне зараз няма настальгіі па Менску.
Я гляджу на фота і не бачу свой горад. Вядома, ён змяніўся. Але галоўнае — зусім іншая атмасфера. Таго Менску, у якім я жыла, яго ўжо няма. Бачу яго на старых здымках. Мне даслалі альбом былых фотаздымкаў Менску, дзе ён такі, якім яго памятаю. Тая Асмалоўка, плошча Перамогі, паркі. Калі гляджу на сённяшнія здымкі ў сацсетках — таго адчування няма. Таму няма і тугі па вяртанні.
«Давай прымусім сябе жыць добра»
— Першы час пасля эміграцыі я была ў складзе Купалаўцаў. Мы шмат пераязджалі, дзесьці з паўгады жылі на валізах. З горада ў горад, з краіны ў краіну. Задача была не абрастаць рэчамі, бо 3-4 валізы на ўсіх, пры гэтым з дзіцёнкам.
Сын хадзіў з намі на рэпетыцыі. І хварэлі, і кавід перанеслі з ім разам у адным з інтэрнатаў тэатральнай рэзідэнцыі. І калі мы нарэшце знялі кватэру, у яго з’явіўся свой пакой, а я змагла паставіць свой кубак і свой чайнік, я трошкі выдыхнула. Зразумела, что ў мяне ёсць кропка апоры. Нават калі гэта кропка апоры з’явілася праз два тыдні пасля пачатку вайны, і ўсё зноў выляцела з-пад ног.
Мазгі навучыліся працаваць рацыянальна нават у стрэсавых сітуацыях. Яны выбіваюцца, канешне, часам. Але ўжо не так моцна.
— Што робіце, калі мазгі выбіваюцца?
— Мне трэба шмат спаць. Калі разумею, што стамілася, і арганізм патрабуе спаць содні, ляжаць тры дні — значыцца, так трэба. Плюс адкладаць дэвайсы, адключаць інтэрнэт і ўсю сувязь, папярэдзіўшы загадзя блізкіх.
Добрая парада ад псіхолага — не глядзець навіны на вялікім экране, чытаць дазавана. Не лезці бясконца ў сацсеткі.
І трошачкі азірнуцца навокал. Мы жывем у буйных гарадах. У Варшаве ўлетку, па нядзелях, ля помніку Шапэну у Лазенках адбываюцца фантастычныя канцэрты на свежым паветры. Так, часам складана падняць сваю попу і данесці яе куды-небудзь. Але варта хаця б паспрабаваць. Як сказаў мне адзін добры чалавек: «Давай прымусім сябе жыць добра».
Мы хадзілі з сынам на Шагала. Я ў Менску не бачыла столькі Шагала, як тут. Пазнаёміць з беларускім мастацтвам, распавесці. Пашукаць козачак на кожнай карціне. Простыя чалавечыя, чорт вазьмі, рэчы.
Мой любімы занятак апошнім часам — кава з відам на жыццё. Ёсць вельмі шмат кавярняў з прыгожым відам альбо проста з відам на вуліцу. Назіраць за людзьмі: якія яны, куды ідуць, іх стасункі. Заўважаць простае, яно заўсёды пад бокам. Гэта ж сапраўдны жыццёвы тэатр.
«Чаму мяне мусяць выносіць з тэатра па смерці? А можа я не хачу?»
— Што было самым складаным пасля вяртання ў Варшаву?
— Апроч побытавых пытанняў — разуменне сваёй тоеснасці: хто я тут, навошта, што я тут магу і для каго?
Я пакуль не разумею, хто я тут, і гэта самае складанае. Усё больш прываблівае філасофія людзей свету. Аб тым, што чалавек не прывязаны да дзяржавы і яе межаў. Трэба навучыцца пачувацца камфортна ў любой краіне.
Крысціна Дробыш. Фота: сацыяльныя сеткі
Твая нацыянальнасць не змяняецца ад пераезду. Гэта як у акторстве. Ты выходзіш на сцэну, граеш нейкую ролю, але гэта ўсё адно ты.
Нас вучылі, што мы павінны скончыць школу, універсітэт, атрымаць спецыяльнасць і паспяхова ўсё жыццё з ёй працаваць. Знайсці свайго чалавека, ажаніцца, а развод — гэта вельмі страшна.
Але ў нейкі момант я зразумела: «Можа, ўсё не так?» Чаму я павінна працаваць па адной спецыяльнасці ўсё жыццё? Чаму мяне мусяць выносіць з тэатра па смерці? Можа я не хачу? Калі я проста іншы чалавек? І раптам зразумела, наколькі мы залежныя ад стэрэатыпаў постсавецкага грамадства.
Памятаю майстар-клас брытанскага рэжысёра, які прыязджаў у Купалаўскі і казаў пра звычку кожныя сем гадоў нешта глабальна змяняць у жыцці. Мне вельмі запала тады гэтая думка. Па іроніі лёсу я звольнілася з Купалаўскага роўна праз сем год, адпрацаваўшы роўна сем сезонаў.
— У 2020-м вы сабе паабяцалі, што абавязкова яшчэ выйдзеце на сцэну Купалаўскага.
— Нават памятаю гэты момант, калі апошні раз заходзіла ў будынак тэатра па свае рэчы. Нас суправаджаў чалавек у форме. Памятаю, як спакавала валізу (нешта я там занадта абжылася ў грымёрцы). І пайшла з гэтай валізай не праз бліжэйшы выхад, а праз сцэну. Была цемра, усё выключана, я зайшла на сцэну, прысела.
У артыстаў ёсць звычай павітацца і развітацца са сцэнай. Прысесці да яе на калена і дакрануцца. Нават ёсць недзе фотка купалаўцаў, якія развітваліся са сцэнай, калі тэатр закрывалі на рэканструкцыю. Дужа кранальна.
Я таксама прысела, дакранулася і ўслых прамовіла, што абяцаю вярнуцца. І мая нага абавязкова ступіць на гэтую сцэну.
Не кажу, што вярнуся ў тэатр, дзе буду граць. Хутчэй за ўсё, не. Я даўно не выходзіла на сцэну і, напэўна, буду ўжо прафнепрыдатная. Гэта прафесія, якая патрабуе трэніровак. Але выйсці і абазначыць, што магу паўнапраўна стаяць на сваёй роднай Купалаўскай сцэне — я хачу гэта зрабіць.
Я б дужа хацела пабачыць, што Купалаўскі тэатр свабодны, што гэта больш не проста будынак, а мой тэатр. І што я стаю на гэтай сцэне.
«Нас забіваюць маленькія штодзённыя рэчы, якія сыходзяцца ў адну вялізную»
— Сёння шмат каму баліць, некаторыя не спраўляюцца. Гаруюць і нічога з гэтым не могуць зрабіць. Хтосьці называе іх «токсамі», нехта падтрымлівае ці шкадуе.
Паколькі вы былі ў падобным стане, падкажыце, ці варта дапамагаць гэтым людзям і як? Ці, як некаторыя, лепш прайсці міма, каб захаваць свой рэсурс і не «заразіцца»?
— Заразіцца можна ротавірусам. У астатнім усе мы дарослыя дзядзі і цёці. Я ні ў якім разе не хачу абурацца гэтымі людзьмі, таму што ўсе мы бываем у розных сітуацыях.
Ёсць агульныя правілы, калі чалавеку кепска. Нельга казаць, што ўсё будзе добра, «збярыся, ануча!» ці «не гаруй!». Не вучыць, як трэба жыць, не навязваць дапамогу. Прасцейшае — спытаць: «Чым я магу табе дапамагчы?»
Цудоўны прыклад Насты Базар, якая дапамагала каляжанкам: пасядзець з дзецьмі, прыбраць у кватэры. Бо ў некаторых — калі адна, без грошай, а муж у беларускай турме — няма сіл і на гэта. Прыгатаваць паесці, купіць ежы, выслухаць. Сэнс у дробязях, якія трохі аблягчаюць табе штодзённае жыццё.
Глабальная дапамога — класна. Але нас забіваюць маленькія штодзённыя рэчы, якія сходзяцца ў адну вялізную.
Але спачатку трэба разабрацца з сабой — ці ёсць рэсурс для дапамогі?
Я сутыкнулася з падобным, калі мне было вельмі цяжка. Побач быў чалавек, які вельмі хацеў дапамагчы, але не ведаў як. Ён разгубіўся. І я не ведала, як мне дапамагчы. Вось гэта і быў тупік.
— Што б вы параілі сабе тагачаснай сёння?
— Выпіць як мага болей валяр’янкі і не адмаўляцца ад дапамогі. Не злавацца, калі дапамогу прапануюць. Набрацца сіл выслухаць людзей побач. А таму, хто побач — не злавацца праз тое, што я не разумею, што рабіць.
Чалавек, які трапляе ў складанае становішча — невінаваты. У такія моманты вельмі шмат эмоцый, з абодвух бакоў. І гэта самая складаная частка. Людзі ў такім стане адно аднога не чуюць. Але трэба зрабіць высілак абодвум, не здавацца.
Цярпенне, толькі цярпенне. Ну, і, безумоўна, каханне.
Былыя акцёры Купалаўскага тэатра прэзентавалі свой першы фільм — эмбіентную камедыю
Як 30 гадоў таму судзілі Святлану Алексіевіч, а ў Купалаўскім ішоў спектакль па яе кнізе