Кныровіч назваў галоўную хлусню Лукашэнкі
«Мы можам гаварыць пра нулявыя як пра нармальную краіну. І пра дзясятыя — як пра страчанае дзесяцігоддзе».
23.05.2024 / 11:32
Аляксандр Лукашэнка. Photo by Contributor Getty Images
Падчас размовы ў новым выпуску ТОКу бізнэсмен Аляксандр Кныровіч звярнуў увагу на заяву Лукашэнкі аб тым, што «ў кожнага беларуса цэлая тысяча долараў у банку». Ён лічыць гэта галоўнай хлуснёй.
Бізнэсмен заўважае, што для разліку бярэцца агульная колькасць грошай на рахунку:
«На дэпазітах ляжыць $595. А астатнія $400 — гэта заробак, які сёння прыйшоў, а заўтра чалавек яго патраціць. Ці гэта пенсія, якая прыйшла і будзе выдаткавана на звычайныя рэчы».
Бізнэсмен таксама прапануе паглядзець, колькі чалавек маюць уклады ў банках. Па яго словах, з 9 мільёнаў насельніцтва «толькі мільён нешта мае ўкласці на гэты дэпазіт. Восем мільёнаў не маюць наогул ніякіх дэпазітаў».
Кныровіч параўноўвае сітуацыю з суседніх з Беларуссю краінах Еўропы:
«У Латвіі лічба самая малая — гэта 6 тысяч долараў на чалавека. Самая вялікая будзе больш за 8 тысяч. Такім чынам, на дэпазітах у літоўцаў і палякаў у 15 разоў больш грошай. І там амаль кожная сям'я мае дэпазіт».
На пытанне аб тым, што, можа, беларусы захоўваюць свае зберажэнні дома пад падушкай, Кныровіч адказаў: «Упэўнены, што гэта не так. Магчыма мы атрымаем яшчэ 600 долараў, якія схаваныя пад матрацам да тых 600, што ў банку.
І на гэтым усё. Менавіта таму што заробак у Беларусі чыстымі 550 долараў, а ў Эстоніі, Літве гэта ўжо лічба 1200-1300 пасля падаткаў».
Аляксандр Кныровіч. Скрын відэа TOK_talk / YouTube
«Мы — краіна, якая засталася на месцы. Любы чыноўнік (і сам Лукашэнка) калі пачынае казаць «у параўнанні з 91-м годам», ці з 2000-м, ці «за 30 гадоў», вось з гэтага месца пачынаецца хлусня.
Чаму? Таму што, калі ты глядзіш на развіццё Беларусі, ты бачыш, што напрыканцы 1990-х гэта быў такі рост, калі мы нашу вытворчасць (тыя самыя МАЗы) загружалі, і гэта пачынала працаваць. 2000-я гады гэта быў «вуглевадародны бум» услед за Расіяй. У 2011-м мы сталі колам. Пачалося балота. І за апошнія 10 гадоў мы засталіся на месцы. <…> Гэта страчанае дзесяцігоддзе. <…> Мы можам гаварыць пра нулявыя як пра нармальную краіну і дзясятыя як пра страчанае дзесяцігоддзе».
Глядзіце цалкам:
Кныровіч як бізнэс-анёл уклаў у стартапы сотні тысяч даляраў. Не стрэліў ніводзін
Кныровіч: Будучы прэзідэнт Беларусі знаходзіцца цяпер у Беларусі
Кныровіч: «Бабарыка – ідэаліст. Гэта не памылка, а хрысціянская ахвярнасць»