Кныровіч: «Бабарыка – ідэаліст. Гэта не памылка, а хрысціянская ахвярнасць»
Бізнесовец Аляксандр Кныровіч у новым выпуску ТОКу выказаў свой погляд на Віктара Бабарыку.
Падчас гутаркі Кныровіча папрасілі назваць тры памылкі Віктара Бабарыкі. На гэта бізнесовец задумаўся: «А ці былі памылкі?» І патлумачыў:
«Чалавек верыў у тое, што ў рамках сістэмы магчымы перамены, законныя перамены».
Кныровіч адзначыў, што цалкам упэўнены, што ўдзел Бабарыкі ў выбарах — не «расійскі праект», а «яго асабістае жаданне і асабісты выбар на гэтым этапе жыцця зрабіць вельмі важную для краіны справу. Ён верыў і шчыра гаварыў, што яго саджаць няма за што, і ён шчыра хоча паўдзельнічаць у выбарах».
Бізнэсмен заўважае, што прадстаўнікі старой апазіцыі, якія даўно ўдзельнічалі ў выбарах, даведаўшыся аб намеры Бабарыкі балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах, «пакруцілі каля скроні: «Куды ты лезеш? Цябе растопчуць». Але ён быў і ёсць ідэалістам. Ён уяўляў сабе магчымасць гэтых перамен і захацеў паспрабаваць».
Кныровіч падкрэслівае, што не можа назваць рашэнне Бабарыкі памылкай, і дадае:
«Для мяне сёння Бабарыка гэта хрысціянская ахвярнасць. Гэта ахвяра ў імя будучыні Беларусі. Ён паспрабаваў зрабіць па законе. Па законе ён бы перамог.
І тое, што яму не далі гэта зрабіць, прывяло ў тым ліку да пратэстаў 2020 года і разуменню беларускім грамадствам, у якім больш як 50 працэнтаў прагаласавала за перамены, што немагчымы ніякі бясплатны і бясшоўны пераход ад сённяшняй Беларусі да нармальнай еўрапейскай краіны».
Каб не было Бабарыкі, мы б да гэтай пары памыляліся, і шмат чаго было «калі б». Таму ён здзейсніў цалкам хрысціянскую ахвяру. Пайшоў на гэтую галгофу і працягвае за нас усіх несці свой крыж. Таму я не магу назваць ніводнай памылкі, бо не лічу, што ён памыліўся».
Глядзіце цалкам:
Каментары
То бок у 2010м годзе, калі ўсіх кандыдатаў пасадзілі, іх "было за што", па меркаванні Бабарыкі?
То бок усе папярэднія кандыдаты ў прэзідэнты (Аляксандр Мілінкевіч, Аляксандр Казулін, Яраслаў Раманчук, Рыгор Кастусёў, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Алесь Міхалевіч, Мікалай Статкевіч) не спрабавалі па законе рабіць? Адзін толькі Бабарыка спрабаваў па законе рабіць?