«Я іх перамагла!» Кацярыне Ваданосавай удалося даказаць, што яна мела права на бясплатнае лячэнне ў Польшчы
Тэлевядучая і спявачка Кацярына Ваданосава даказала, што мела права на бясплатнае лячэнне ад анкалагічнага захворвання ў Польшчы. Да гэтага Нацыянальны фонд здароўя (NFZ) выставіў ёй рахунак. Сваю гісторыю Кацярына расказала на старонцы ў інстаграме.
13.06.2024 / 23:00
Анкалагічная хвароба грудзей у Ваданосавай была дыягнаставаная ў 2022 годзе. Яна была тады ўжо ў эміграцыі ў Польшчы, у Беларусь вярнуцца не магла, таму мусіла лячыцца ў гэтай краіне.
Як асоба, што знаходзілася тады ў чаканні міжнароднай аховы, Кацярына Ваданосава мела права праходзіць лячэнне бясплатна, але NFZ чамусьці вырашыў інакш, таму, як піша жанчына, «выставіў мне дзікі рахунак за аперацыі, хіміятэрапіі ды рэабілітацыю».
Яна з гэтым не пагадзілася і не змірылася, тым больш што пасля таго, як па яе справе аб ахове было вынесена станоўчае рашэнне, яна ўжо працавала па дамове, што прадугледжвала і медыцынскую страхоўку.
«Дык вось, калі працу па ўмове (і, адпаведна, унёскі ў фундуш здароўя) даказаць было даволі лёгка (хаця я да гэтага часу не разумею, чаму NFZ не атрымаў гэтую інфу ад ZUS), то са страхоўкай у чаканні аховы прыйшлося трошкі папацець», — піша Ваданосава.
Ёй прыйшлося прайсці праз моцныя бюракратычныя перашкоды:
«Прыйшлося некалькі разоў абіваць парогі цэнтра бежанцаў, шпіталя, уласна NFZ, а яны мяне шпынялі, як мячык футбольны: цэнтр пасуе шпіталю, шпіталь — цэнтру, цэнтр — лагеру бежанцаў, лагер — медцэнтру Petra Medica, і г. д. па коле».
Рэч у тым, што накіраванне ў шпіталь Ваданосава атрымала спачатку ў медпункце прыёмніка-размеркавальніка бежанцаў у Беластоку, а для анкалагічнага шпіталя гэта быў першы такі кейс, і адпаведна не было адпрацаванага алгарытму, што ў такіх выпадках рабіць.
«Але я іх перамагла! І яны нават выбачыліся! NFZ выбачыўся, уяўляеце?! Божа, якія цудоўныя людзі! І я не буду прадаваць нырку! Ды ніхто б і не купіў яе, з падазрэннем-та на злаякаснае ўтварэнне!», — радуецца Кацярына, дзякуючы ўсім тым, хто дапамагаў ёй на розных этапах.
Кацярына Ваданосава расказала, як піла піва з Дзермантам і была з Марзалюком на курганах
«Боль ніколі не знікае». Кацярына Ваданосава — пра жыццё пасля раку і змены, якія цяжка прыняць
Кацярына Ваданосава вышыла шыкоўны вясельны строй — толькі паглядзіце