Грамадства77

«Боль ніколі не знікае». Кацярына Ваданосава — пра жыццё пасля раку і змены, якія цяжка прыняць

«Дужа баюся не паспець чагосьці, што я запланавала». Больш за год мінула з апошняй хіміятэрапіі спявачкі Кацярыны Ваданосавай, якая перажыла рак грудзей. У шчырай гутарцы яна дзеліцца тым, што схавана ад вачэй большасці.

Фота: Kaciaryna Vadanosava / Facebook

«Мае шнары — таксама мой досвед, чаму я мушу яго саромецца?»

«Наша Ніва»: Вы нядаўна адзначылі год без хіміятэрапіі. Як ён для вас прайшоў?

Кацярына Ваданосава: Думала, што калі выйду з хіміятэрапіі, буду ляжаць і адпачываць, ні пра што не думаць. Але так не атрымалася, на сёння ў мяне чатыры працы.

Заканчэнне хіміятэрапіі не значыць, што скончыліся хвароба і лячэнне, пасля хіміі ў мяне было яшчэ трыццаць сеансаў радыётэрапіі, то-бок апраменьвання. А цяпер я штодзень п’ю гармоны, і піць мне іх яшчэ некалькі гадоў, штотыдзень атрымліваю ўколы і штомесяц — кропельніцы для костак, бо тыя гармоны, што я п’ю, трохі разбураюць косткі. Таму, каб не было астэапарозу, трэба піць дадатковыя таблеткі і рабіць кропельнічкі. Але ў параўнанні з хіміямі гэта ўсё фігня.

«НН»: Якім быў пераход да жыцця без хіміі і раку? Ці можна казаць, што вы ў рэмісіі?

КВ: Рэмісія наступае тады, калі лячэнне цалкам адмяняецца. Тады чалавек проста становіцца на ўлік, мусіць быць пад наглядам дактароў і прыходзіць на прафілактычныя агляды. Таму, калі так глядзець, рэмісія яшчэ не наступіла.

Падчас хваробы не вельмі мяняла лад жыцця — не ляжала на бальнічных, ні разу не сыходзіла ў доўгатэрміновы адпачынак, працавала нават падчас хіміятэрапіі. Тое, што я лячуся бясплатна, абумоўлена тым, што я працую ў Польшчы, на маёй працы не прадугледжаныя бальнічныя. 

Таму рэжым у мяне не надта змяніўся, хіба што дадалося яшчэ трошкі працы і з мяне стаў большы попыт. Калі былі хіміі, мяне часам перад камерай ванітавала і людзі мяне трошкі шкадавалі, ставіліся як да хворага чалавека. Цяпер гэтае стаўленне прайшло, і, напэўна, гэта добра. Я ўжо паўнавартасны член грамадства і па меры магчымасцей стараюся выконваць усе свае абавязкі. 

Не магу сказаць, што нешта змянілася і ў сям’і. У мяне дзеці, муж, ён таксама працуе. Дзякуй Богу, нейкім чынам прымудраемся дзяліць хатнія абавязкі, з павагай ставімся адно да аднаго. У нас няма дакладнага падзелу — напрыклад, я прыбіраю кватэру, а ён гатуе есці. Хіба што я заўсёды гатую, а ён адказвае за тое, каб класці посуд у пасудамыйку (усміхаецца). Але гэта было заўсёды.

«НН»: Што цяпер у вашым жыцці нагадвае вам пра перажыты рак? 

КВ: Па-першае, шнары — візуальна яны даволі страшненькія. Таксама нагадвае тое, што ў мяне імплант большы за натуральную цыцку, то-бок я заўсёды падкладаю з таго боку, дзе мая натуральная цыцка, некалькі падушачак, каб візуальна ўраўнаважыць грудзі.

Ёсць боль, але гэта такая штука, з якой звыкаешся. Першыя некалькі месяцаў пасля ампутацыі лімфавузлоў і цыцкі я жыла з надзеяй, што калісьці гэта ж мусіць прайсці, мусіць вярнуцца адчувальнасць на скуры. Але калі пакапацца ў сабе, аказваецца, што боль ніколі не знікае. Ён, вядома, не такі моцны, як адразу пасля ампутацыі, але ўнутры ўсё роўна балюча.

Адчувальнасць скуры не вярнулася. Увесь левы бок грудной клеткі баліць унутры, але калі я датыкаюся да сваёй скуры, нічога не адчуваю, быццам гэта не маё цела. Але да гэтага таксама можна прывыкнуць, яно перастае замінаць.

Фота: Kaciaryna Vadanosava / Facebook

Пасля аперацыі, калі з цябе выцягваюць лімфавузлы, ёсць адчуванне, што праз усё цела — ад кончыкаў пальцаў да таліі — праходзіць вельмі моцна нацягнутая нітка, якая не дае падымаць руку, быццам ад гэтага лопнуць жылы. Але цяпер гэта прайшло, рука падымаецца на дастатковую вышыню і функцыянуе. Часам па звычцы я яшчэ цягнуся на верхнюю паліцу правай рукой, хаця я ляўша.

Пасля хіміятэрапіі я села на цудоўныя гарманальныя таблеткі і за апошні год паправілася на восем кілаграмаў. Гэта немагчыма скінуць, што б я ні рабіла, колькі б ні спрабавала займацца фізкультурай, плаваннем, абмяжоўваць сябе ў ежы і садзіцца на суперздаровыя дыеты. Баюся, што мне з гэтымі кілаграмамі прыйдзецца хадзіць да скону дзён (смяецца).

Таблеткі ўвялі мяне ў стан менапаўзы, я ніколі не змагу больш мець дзяцей. Цяпер у мяне той стан, які звычайна перажываюць жанчыны ва ўзросце 50+. То-бок у мяне няма месячных, у мяне прылівы — гэта калі ўсё цела быццам абдаецца жарам. Крыўдна, што гэта са мной здарылася ў 37, але як ёсць. Гармоны глушаць усё лібіда, і я зараз успрымаю супрацьлеглы пол толькі як сваіх братоў. Не магу нават сказаць, хто сімпатычны, а хто — не, яны ўсе трохі аднолькавыя.

Больш за ўсё мяне пужала страта валасоў. За год яны ў мяне ўжо адраслі сантыметраў на дванаццаць. Але я ўсё жыццё хадзіла з доўгімі валасамі, гэта быў мой гонар, таму я да гэтага часу не магу звыкнуцца з тым, што ў мяне на галаве нешта кароткае. Можа, гэта смешна прагучыць у параўнанні з ампутацыяй цыцкі і стратай лібіда, але па валасах я чамусьці дагэтуль больш за ўсё сумую.

«НН»: Ёсць розныя метады працы са шнарамі ад раку, напрыклад, татуяванне. Не думалі пра гэта?

КВ: Мне гэта не трэба, вельмі спакойна стаўлюся да сваёй знешнасці, калі гэта не тычыцца прычоскі. Тое, што ў мяне цяпер грудзі рознага памеру, што адна спаласаваная шнарамі, мне абсалютна па барабане. Не разумею, навошта закрываць гэтыя шнары, гэта таксама досвед. Некаторыя па ўласнай волі займаюцца скарыфікацыяй і потым паказваюць шнары ўсім — глядзіце, які я прайшоў абрад ініцыяцыі! 

Мае шнары — таксама мой досвед, чаму я мушу яго саромецца? Тым больш што я не кожны дзень паказваю гэтыя свае шнары, адзіны, хто іх бачыць — гэта мой муж. Таму такі варыянт нават не разглядаю.

Ніколі не задумвалася над тым, каб зрабіць сабе татуіроўку. У мяне ёсць тату, якія мне зрабілі ў кабінеце радыетэрапіі: тры палосачкі, каб я ў трубу, дзе апраменьваюць людзей, кожны раз клалася роўна. Мне гэтых трох палосачак — па баках і ў цэнтры паміж цыцкамі — хапае. Думаю, што бліжэйшым часам я новай татуіроўкі не зраблю.

«Чалавек, які сутыкнуўся з ракам, заўсёды будзе памятаць, што ў любы момант ягонаму жыццю можа прыйсці канец»

«НН»: Як вы ўспрымаеце перамены ў сабе?

КВ: Не занураюся ва ўсе гэтыя рэчы, бо ў мяне на гэта няма часу і магчымасцяў. Не сяджу і не думаю «ах, як мне кепска». Былі моманты, калі было вельмі цяжка эмацыйна, асабліва калі пачаліся хіміі і я стала лысая, фізічна таксама было цяжка. Нават даходзіла да таго, што нейкія іншыя людзі, якія хварэюць на рак, могуць сабе дазволіць паляжаць, а мяне пасля хіміі муж на руках адносіць у прыбіральню, і на наступны дзень я іду на працу. Было крыўдна і балюча, так цяжка, што прыйшлося звярнуцца да спецыяліста. У мяне была дыягнаставаная дэпрэсія, мне прапісалі таблетачкі.

Мая бабуля казала «трэба жыць, як набяжыць», я так цяпер і жыву. Не будую далёкіх планаў і не занураюся ў пастаянны страх смерці, хаця ён прысутнічае. Рак — такая хвароба, якая не хутка цябе адпускае, і той чалавек, які з гэтым сутыкнуўся, заўсёды будзе памятаць, што ў любы момант ягонаму жыццю можа прыйсці канец.

Але сядзець і плакаць з гэтай нагоды ці баяцца таго, што непазбежна прыйдзе да любога чалавека, я лічу не вельмі мэтазгодным.

Фота: Kaciaryna Vadanosava / Facebook

Дужа баюся не паспець чагосьці, што я запланавала, што ўмею і магу даць, распавесці, запісаць, адыграць усе магчымыя канцэрты і выдаць усе магчымыя кніжкі, якія ў мяне ляжаць гадамі. Мой тата памёр, калі мне было чатыры гады, ён быў вельмі таленавіты музыкант і навуковец. Памятаю свой стан, калі знаходзіла яго песні, партытуры, вершы, чарнавікі, мне было так крыўдна, што гэта ўсё ніколі не пабачыла свет. Гэтыя матэрыялы былі ў такім стане, што адаптаваць іх начыста мог толькі ён. Вось прапісаў ён партыю бас-гітары — і ўсё, а што было ў яго галаве, калі ён яе рабіў, як гучала б фінальная версія? Ніхто ніколі не даведаецца.

І мне страшна, што людзі не даведаюцца пра тое, што ёсць у маёй галаве.

«НН»: Ці змянілася за год ваша стаўленне да досведу раку?

КВ: Бывае па-рознаму. Да таго, як у мяне пачаліся хіміі, я ставілася да раку вельмі аптымістычна, мяне ў гэтым нават аперацыі не спынілі. А вось калі пачаліся хіміі, усё паламалася.

Цяпер мой стан можа быць абсалютна розны. Магу радавацца, што я гэта ўсё-ткі перажыла, што ў мяне цяпер у грудзях усё чыста. А праз пару гадзін прыходзіць асэнсаванне: а калі ён не толькі ў грудзях, калі ён яшчэ недзе сядзіць у мяне? На наступны дзень думаеш: лухта, класна, што я жыву ў Польшчы, тут такое крутое лячэнне і ў мяне ёсць магчымасць купляць сабе таблеткі, бо ў Беларусі з гэтым цяпер праблемы. 

Развагі пра рак моцна абумоўленыя тым асяроддзем і раскладам, у якім чалавек функцыянуе. У мяне гэтыя расклады змяняюцца па дзесяць разоў на дзень, таму і стан мой моцна змяняецца.

«НН»: Пасля хваробы вы змянілі нешта ў ладзе жыцця?

КВ: Не, я і да гэтага вяла здаровы лад жыцця. Хіба што зараз я не магу сабе дазволіць хадзіць у трэнажорку з-за рукі і швоў, яшчэ не прайшло дастаткова часу. А да 2020 года я вельмі любіла цягаць жалеза ў трэнажорцы, цяпер я яго, напэўна, ніколі не пацягаю. Трэба абіраць сабе нейкія іншыя заняткі фізічнай культурай, але пакуль я не знайшла, што б мне падабалася настолькі ж.

Да людзей я таксама не стала ставіцца па-іншаму, хто быў маім сябрам, той ім і застаецца. Некаторыя людзі адваліліся, калі даведаліся пра мой дыягназ. У некаторай ступені магу іх зразумець, бо чалавек, які хварэе, вельмі занураны ў сваю хваробу. Напэўна, не вельмі цікава камунікаваць з чалавекам, які пастаянна рыгае і лысы (смяецца). 

«Вельмі цяжка паказаць, наколькі ты слабы і як залежыш ад свайго цела»

«НН»: Досвед анкалогіі магчыма перажыць і забыць? Ці гэта нешта такое, што застаецца з табой назаўсёды?

КВ: Мне падаецца, што ўсё залежыць ад чалавека. Знаёмая з людзьмі, якія перажылі анкалогію і забыліся на гэты досвед. Не ведаю, ці іх мозг яго выціснуў, ці яны гэта нейкім чынам зрабілі свядома, ці для іх гэта быў проста адзін з этапаў жыцця.

У мяне адназначна не так, гэты досвед заўсёды будзе са мной. Я нядаўна перабірала ў галаве, што мяне сфармавала як чалавека, і аказалася, што гэта куча нейкіх непрыемных рэчаў, якія сапраўды моцна ўплываюць на ўсё далейшае жыццё. Тут анкалогія будзе стаяць у адным шэрагу з гвалтам 2020 года, з пачаткам [паўнамаштабнай] вайны, які мы сустрэлі ў Кіеве, з тым, як я засталася адна з двума дзецьмі. Гэта рэчы аднаго шэрагу, і пазбавіцца іх мне было б вельмі цяжка.

Фота: Kaciaryna Vadanosava / Facebook

Напэўна, калі пачынаецца анкалогія, частка цябе ў лепшым выпадку проста замірае, а то і адмірае. Сыходзіць адчуванне лёгкасці жыцця. Пасля анкалогіі я кожны дзень буду памятаць, што маё жыццё мае канец, я гэта ведаю і адчуваю. Разумею, што мне недаступна веданне таго, калі гэты канец наступіць. Напэўна, гэта самая вялікая метамарфоза, якую я перажыла — адчуванне memento mori.

«НН»: Гэтае адчуванне каштоўнае?

КВ: Не ведаю, яно проста ёсць. У кожнага па-свойму. Хтосьці можа яго перакаваць у нешта крэатыўнае і жыццесцвярджальнае — маўляў, стварай, рабі, пакуль навокал смерць! А хтосьці, наадварот, падпадае пад уплыў гэтага дэментара ўласнай смяротнасці, у мяне гэта таксама па-рознаму. Яно можа служыць вялікім каталізатарам для дзейнасці, а можа ўганяць у тугу і нуду. Усё залежыць ад душэўнага стану на дадзены момант і ад знешніх абставінаў.

«НН»: Што вам як чалавеку, які перажыў анкалагічную хваробу, хацелася б бачыць у грамадстве?

КВ: Можа, праз тое, што наша грамадства не схільнае да выказвання эмоцый і шкадавання, у нас так сталася, што мы не вельмі ўмеем суперажываць. І нават калі адчуваюць унутры спагаду, часта баяцца яе выказаць — магчыма, з-за таго, што баяцца паказацца слабымі. 

Канешне, гаворка не ідзе пра курсы «Як падтрымаць чалавека з анкалогіяй». Але было б файна хаця б зрабіць памятку для людзей, якія сутыкаюцца з анкахворымі. Бо ёсць рэчы, якія вельмі раняць, а ёсць тое, што наадварот надае сілы змагацца і адчуваць, што не ўсё яшчэ страчанае і што тваё жыццё камусьці патрэбнае. Гэта вельмі важна.

Калі пачаліся мае хіміятэрапіі, я адчувала сябе зусім нікому не патрэбнай. Гэта было больш у маёй галаве, чым насамрэч, і мне было вельмі важна адчуць падтрымку ад людзей, якія знаходзяцца побач, прычым падтрымку вербалізаваную. Людзі могуць хадзіць побач з табой і думаць: маўляў, я адсуну ёй крэсліца, яна сядзе і так я ёй выкажу падтрымку. А чалавеку патрэбныя і словы, правільныя словы. Не пытайцеся, якія, бо ў кожнага чалавека гэта свае словы. Файна, калі людзі ставяцца па-чалавечаму і шкадуюць.

Часам людзі кажуць — маўляў, не люблю, каб мяне шкадавалі. Але анкахворым варта паказваць, што іх жыццё, здароўе і душэўны спакой вельмі каштоўныя. Класна, калі людзі могуць гэта зрабіць са сваім блізкім ці далёкім чалавекам, каго напаткала гэтая хвароба.

«НН»: Ці важная гэтая падтрымка і тады, калі шлях шмат у чым ужо пройдзены, як у вашым выпадку?

КВ: Безумоўна. Я нядаўна напісала посцік — і жыццесцвярджальны, і трохі саркастычна-іранічны, паколькі мой эмацыйны стан вагаецца. Напісала пра тое, што ўсё добра, я магу ужо пару гадзін праспаць на левым боку і боль ужо не такі моцны, і што мае валасы ўжо адраслі сантыметраў на дванаццаць. Я гэта пісала і адчувала душэўны боль, бо вельмі цяжка паказаць, наколькі ты слабы і як залежыш ад свайго цела, наколькі ты яшчэ нездаровы, што гэта вельмі доўгі, цяжкі і складаны шлях. Ненармальна ў 30 з нечым гадоў напаткаць менапаўзу, разумець, што ніколі больш не зможаш мець дзяцей, адчуваць боль.

Я пра гэта напісала, але неяк так завуалявана, што 90% каментароў былі: ваў, клас, супер, мы так рады, што ты здаровая! Разумею, што людзі хочуць мяне падтрымаць такім чынам, вельмі ўдзячная ім за гэта, але гэта не зусім тое, што я хацела выказаць. І падтрымка чалавека, які нават знаходзіцца ў рэмісіі — гэта вельмі тонкая рэч. Яна і важная, і як шкляная статуэтка: трэба вельмі беражліва ставіцца да чалавека, ягоных эмоцый, да таго, што ён хоча, але не можа сказаць у сілу нейкіх абставінаў. 

Не пойдзеш жа ты скардзіцца кожны дзень: у мяне ўсё добра, але насамрэч мне яшчэ фігова, гэта неразумна. Часам хочацца, каб людзі былі трошкі больш чулыя.

«НН»: Калі перажываеш нешта страшнае, гэта вучыць эмпатыі?

КВ: Вядома. Не магу сказаць, што раней я была нейкая бессардэчная гадзюка. Але мне падаецца, што пасля гэтай хваробы ты больш адчуваеш людзей, больш востра і ёміста ўспрымаеш іх эмацыйны стан, боль. Напрыклад, калі я думаю пра палітвязняў і тое, што яны перажываюць зараз, мне не хапае паветра, я не магу прадыхацца. Калі я думаю пра тое, што адбываецца зараз на вайне, як бамбяць дамы, я не магу гэта ўспрымаць спакойна. Так было і раней, але цяпер ты быццам бы кожны раз улазіш у скуру іншага чалавека.

У нечым хочацца абстрагавацца ад гэтага ўсяго, нагадваеш сабе, што мне нельга хвалявацца, нават доктар гэта казаў. Але абстрагавацца не атрымліваецца, таму што ўсе гэтыя пачуцці і эмоцыі вельмі абвостраныя, і ты быццам бачыш трошкі больш, чым раней. Куды ад гэтага падзецца? Калі я разумею, што магу чымсьці дапамагчы, я з радасцю дапамагаю, а так тут няма ўніверсальнага рэцэпту, што з гэтым рабіць. Стараюся часцей абдымаць дзяцей, хаця мая старэйшая — ужо падлетак, яна не вельмі любіць абдымацца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Беларуская спявачка пагаліла галаву перад сеансам хіміі. Глядзіце, якая яна прыгожая

«Хвароба — душ, які змывае з цябе ўсё лішняе». Каця Пытлева і яе шчыры аповед пра рак

Канец мамаграфіі? Выпрабоўваюць тэст на рак грудзей па поце

Каментары7

  • Алек. Ру
    16.12.2023
    Абавязкова, жыві, дарагая!!!
  • Тэкля
    16.12.2023
    Ачуньвай канчаткова! Абавязкова!
  • Вероятный
    16.12.2023
    Каця, ты цудоўная, і робіш найкарыснейшую цяпер працу - адукацыйную. Моцы і шчасця табе! 

Што зменіць дазвол біць ракетамі ATACMS углыб тэрыторыі Расіі?2

Што зменіць дазвол біць ракетамі ATACMS углыб тэрыторыі Расіі?

Усе навіны →
Усе навіны

«Пайшоў ты!» Першая лэдзі Бразіліі аблаяла Ілана Маска — той адказаў8

Расійскія ракеты раніцай не праляталі над Беларуссю

Беларуска сцвярджае, што прадстаўнік Ціханоўскай у Кіеве Манько скраў яе сабаку. Што?38

Галоўны рэдактар «СБ» паскардзіўся, што TikTok выдаліў больш за 20 акаўнтаў выдання10

Памёр першы саліст гурта «На-На»4

Беларусаў чакаюць змены па візах у Вялікабрытанію1

«Адна з найбуйнейшых паветраных атак». Расія выпусціла па Украіне 120 ракет і 90 дронаў6

Доктар гісторыі: Абвінавачваць медыкаў і настаўнікаў у сучаснай Беларусі ў калабарацыянізме проста абсурдна16

На беларуска-польскай мяжы расце чарга з легкавых аўто

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што зменіць дазвол біць ракетамі ATACMS углыб тэрыторыі Расіі?2

Што зменіць дазвол біць ракетамі ATACMS углыб тэрыторыі Расіі?

Галоўнае
Усе навіны →