Афёра на 3 млрд: Nestlé гадамі прадавала ваду з крыніц з фекаліямі і бактэрыямі пад выглядам прыроднай мінеральнай

Кампанія прадала мільярды бутэлек вады, выкарыстоўваючы забароненыя метады ачысткі і уводзячы ў зман пакупнікоў.

22.07.2024 / 01:27

Фота: J. David Ake/Getty Images

Кампанія Nestlé з 2005 года прадала больш за 18 мільярдаў бутэлек вады пад брэндамі Contrex, Hépar або Vittel, якасць якой было эквівалентная якасці вадаправоднай вады па цане ў сто разоў вышэй.

Пра гэта стала вядома даследчай платформе Mediapart, піша lavenir.net.

У лістападзе 2020 года адзін з супрацоўнікаў групы Alma, якая выпускае ваду Cristaline, паведаміў французскім уладам, што ачыстка вады, якую прадаюць пад выглядам прыроднай мінеральнай, не адпавядае стандартам.

Першапачатковае расследаванне паказала, што 30% брэндаў вады ў Францыі, у тым ліку ад Nestlé, прадаюць ваду якасці не вышэйшай за вадаправодную, аднак па цане прыроднай мінеральнай. Прычым ачышчалі ваду з выкарыстаннем сумесяў і мінералаў, забароненых уладамі.

Па выніках праверак кампаніі Nestlé стала вядома, што многія крыніцы вады забруджаныя фекаліямі, небяспечнымі бактэрыямі і пестыцыдамі — заражэнне ў асобных выпадках перавышае норму на 85%.

Следчыя французскай пракуратуры лічаць, што гаворка ідзе не пра халатнасць, а пра свядомую стратэгію кампаніі — гэта значыць махлярства. Паводле папярэдніх падлікаў, Nestlé зарабіла на продажы фэйкавай прыроднай вады больш за 3 мільярды еўра.

Пры гэтым па законе, калі віна кампаніі будзе даказаная, ёй пагражае штраф максімум у 20 мільёнаў. Акрамя таго, службовыя асобы могуць атрымаць рэальны тэрмін да трох гадоў. Грамадскія арганізацыі, якія займаюцца кантролем якасці прадуктаў, патрабуюць ад французскіх уладаў правесці празрыстае расследаванне і пакараць вінаватых.

Шкоду, нанесеную прыродзе, а таксама здароўю спажыўцоў вады нізкай якасці, яшчэ належыць высветліць.

У Екацярынбургу людзі масава ліжуць сырыя яйкі. Навошта?

У Расіі малако пачалі прадаваць у кілаграмах. Каб падманваць людзей, якія кепска ведаюць фізіку

«Мадэлі з вітрыны ў Дубаі, таму танныя». Доктарка з Мінска вырашыла выгадна замовіць пыласос і тэлефон — яе падманулі на вялікую суму

Nashaniva.com