«Расейцы выграблі ўсе вісякі». Што адбываецца на аўтамабільным рынку Беларусі пасля ўвядзення новых санкцый

Беларусь страчвае статус хаба. На аўтарынку «Малінаўка» ў Мінску з месяц таму пачалі з'яўляцца пустыя месцы, хоць да абмежаванняў такога не было.

26.08.2024 / 16:54

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Няма таго, што раней было

Прайшло каля двух месяцаў, як з Еўропы ў Беларусь нельга легальна вывезці аўтамабілі з аб'ёмам рухавіка большым за 1,9 літра, гібрыды і электрамабілі. Праз новыя абмежаванні цэны на падсанкцыйныя аўтамабілі выраслі, а выбар скараціўся.

«Прадаўцы, якія паспелі ўвезці ў Беларусь машыны з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, цяпер, як правіла, не гатовыя рабіць зніжкі. Некаторыя нават перапісалі цэннікі, калі зразумелі, што новых паставак ужо не будзе», — кажа перагоншчык.

З яго слоў, машыны з Еўропы праз Турцыю ў Беларусь калі і вязуць, то гэта, як правіла, тыя аўтамабілі, якія набылі ў Еўропе яшчэ да абмежаванняў, але не паспелі вывезці.

«Дастаўка альтэрнатыўнымі маршрутамі — дарагая і даволі небяспечная задума. Цана машыны ўзрастае мінімум на 5-7 тысяч еўра.

Плюс узнікаюць дадатковыя цяжкасці пры куплі, бо многія фірмы-пракладкі, якія да ўвядзення абмежаванняў перапрадавалі машыны на Беларусь, не хочуць звязвацца з падобнымі схемамі, бо асцерагаюцца наступстваў», — кажа суразмоўца. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Беларускія перагоншчыкі расейцам больш непатрэбныя?

Дастаўка машын з Еўропы ў Беларусь праз Турцыю і Грузію не займела вялікай папулярнасці ў тым ліку праз тое, што іх цяпер прасцей дастаўляць адразу ў Расію.

«Большая частка машын прэміяльнага сегменту перапрадавалася на Расію. Таму няма асаблівага сэнсу дастаўляць іх альтэрнатыўным шляхам у Беларусь, каб потым з Беларусі дастаўляць у Расію», — тлумачыць перагоншчык.

З яго слоў, расейцы цяпер возяць дарагія аўто з Еўропы без дапамогі беларусаў. Іх замянілі грамадзяне Грузіі, Казахстана, Узбекістана, Кыргызстана або Арменіі.

Падсанкцыйныя аўто ў дэфіцыце

Праз тое, што аўто з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, цяпер амаль не трапляюць у Беларусь, на рынку пачаў назірацца іх дэфіцыт.

«На аўтарынку «Малінаўка» з месяц таму пачалі з'яўляцца пустыя месцы, хоць да абмежаванняў такога не было. Расейцы не спыняліся ехаць да нас па аўто. У выніку яны хутка выграблі ўсе «вісякі», якія людзі доўга не маглі прадаць».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Бізнэсмен лічыць, што большая частка свежапрыгнаных «падсанкцыйных» машын, якія паспелі прывезці ў Беларусь да ўвядзення абмежаванняў, ужо прададзеныя. 

«Цяпер сярод машын з маторамі, большымі за 1,9 літра, у асноўным засталіся варыянты пасля сур'ёзных ДТЗ або са скручаным прабегам. Яшчэ адна катэгорыя — машыны з настолькі завышаным прайсам, што яны проста не цікавыя пакупнікам і перакупам з Расіі.

Калі ў продаж трапляе годны варыянт па адэкватнай цане, то ён хутка прадаецца», — запэўнівае перагоншчык.

Мужчына адзначае, што ўсе гэтыя змены ў першую чаргу закранулі менавіта тых, хто спецыялізаваўся на прыгоне дарагіх машын.

«Тыя, хто працаваў у «народным» сегменце (аўто коштам ад 10 да 20 тысяч даляраў), пацярпелі менш. Машыны з Еўропы працягваюць прыганяць, але толькі адносна танныя і з аб'ёмам да 1,9 літра. Таксама прывозяць даволі шмат «непрахадных» машын (старэйшых за 5 гадоў).

Дзесяцігодкі ў асноўным карыстаюцца попытам менавіта сярод беларускіх пакупнікоў. У такім сегменце ўсё стабільна, бо нашы людзі маюць патрэбу ў такіх аўто».

Таксама суразмоўца адзначае, што пасля ўвядзення новых абмежаванняў некаторыя гульцы пачынаюць выходзіць з аўтапрыгоннага бізнэсу.

«Тым, хто займаўся машынамі за 50-100 тысяч, не цікава прыганяць свежыя малалітражкі або 10-годкі з Літвы. На іх можна зарабіць 1000, максімум 1500 даляраў, а на прэміяльных аўто яны зараблялі па 5-10 тысяч з машыны», — прызнаецца мужчына.

Са Штатаў праз Грузію

Суразмоўца, які займаецца продажам машын са Штатаў, таксама адзначае, што выбар машын крыху паменшаў, бо многія машыны захраслі ў Клайпедзе, а старыя запасы пакрыху раскупляліся.

Мужчына лічыць, што дастаўляць машыны праз Грузію не так выгадна, як гэта было ў выпадку з Літвой.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Перагоншчык мяркуе, што за падсанкцыйнымі аўто са Штатаў расейцы цяпер будуць ездзіць ахвотней у Грузію, чым у Беларусь.

«Грузіны ў адрозненне ад беларусаў застануцца ў выйгрышы. Цяпер увесь трафік машын з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, ідзе праз іх краіну. Таму расейцы, прынамсі па падсанкцыйныя машыны, будуць вымушаны пераключыцца на Грузію».

Суразмоўца ўпэўнены, што ў Грузіі знойдзецца шмат ахвотных падзарабіць на гэтым, хоць фармальна Грузія яшчэ летам 2023 года забараніла рээкспарт у Расію і Беларусь транспартных сродкаў, імпартаваных з ЗША.

Таму ў падобных схемах не абысціся без удзелу памочнікаў з такіх краін, як Азербайджан, Кыргызстан ці Казахстан.

Праз Літву, а значыць і праз Беларусь, з ЗША працягнуць дастаўляць толькі машыны з аб'ёмам рухавіка да 1,9 літра. А гэта зноў жа яўна не прэміум сегмент.

Выглядае, што праз новыя санкцыі ЕС Беларусь страціць статус хаба на шляху санкцыённых аўто з Еўропы і ЗША ў Расію. Найбольш верагодна, што гэтую ролю, хоць і ў меншай ступені, цяпер будзе выконваць Грузія.

«Заблакавана больш за 4000 аўтамабіляў». Што беларусы робяць з машынамі, якія захраслі ў Клайпедзе

Як махляры разводзяць беларусаў на новых аўто з Кітая

Гады ідуць, а цэны растуць. Як у Беларусі падаражэлі народныя аўтамабілі

Nashaniva.com