«Заблакавана больш за 4000 аўтамабіляў». Што беларусы робяць з машынамі, якія захраслі ў Клайпедзе
Прайшло ўжо больш за два месяцы, як беларусы не могуць забраць з порта ў Клайпедзе аўтамабілі, набытыя ў ЗША, Канадзе і Карэі. Паглядзелі, што робяць людзі і якія ёсць альтэрнатывы.
Намагаюцца дагрукацца да прэзідэнта Літвы
Калі верыць тэксту петыцыі, якую беларусы дадалі на сайце openpetition.eu, у літоўскім порце Клайпеда знаходзіцца больш за 4000 аўто з ЗША, Канады і Карэі, якія беларусы не могуць вывезці з Літвы праз санкцыі і дадатковыя патрабаванні ад мытні.
Петыцыя адрасавана прэзідэнту Літвы, міністру фінансаў і кіраўніку літоўскага мытнага дэпартамента.
Аўтары петыцыі просяць даць калідор для экспарту аўтамабіляў, набытых грамадзянамі Беларусі ў ЗША, Еўропе і Карэі яшчэ да таго, як стала вядома пра новыя патрабаванні.
Па стане на 19 жніўня пад петыцыяй падпісалася 1066 чалавек.
Пра тое, што такіх машын можа быць сапраўды шмат, таксама сведчыць колькасць удзельнікаў спецыяльнага чата ў тэлеграме. У ім налічваецца 2658 удзельнікаў.
Якія ёсць альтэрнатывы?
У тых, чые аўтамабілі захраслі ў Літве праз новыя патрабаванні і абмежаванні, ёсць некалькі варыянтаў, як выйсці з сітуацыі.
Аўтамабіль можна даставіць у Беларусь альтэрнатыўным шляхам праз Грузію. Перавозчыкі прапануюць дастаўку морам у кантэйнеры або адразу аўтавозам. Першы варыянт больш працяглы па часе, але крыху таннейшы.
За дастаўку аўто з Клайпеды ў Мінск праз Грузію морам просяць 4500-6000 даляраў у залежнасці ад кампаніі перавозчыка і памеру аўто.
За дастаўку з Клайпеды ў Мінск праз Грузію аўтавозам бяруць 6000-7000 даляраў у залежнасці ад кампаніі і памеру аўто.
Дастаўка такім чынам такога буйнагабарытнага транспарту, як пікапы, каштуе каля 9-11 тысяч даляраў.
Іншы варыянт — паспрабаваць прадаць аўтамабіль, пакуль ён знаходзіцца ў порце. Для гэтага ў месенджарах таксама створаныя адмысловыя чаты.
Яшчэ адзін варыянт — знайсці чалавека з грамадзянствам або ДНЖ у адной з краін ЕС і размытніць аўтамабіль на яго. А гэта 10% мыта, плюс 21% ПДВ. Але нават пасля выпуску ў вольны абарот на тэрыторыі ЕС такую машыну ўсё адно давядзецца прадаваць у Еўропе, бо яе экспарт у Беларусь у любым выпадку забаронены. Таму і гэты варыянт наўрад ці карыстаецца вялікім попытам.
Чакаюць ля мора пагоды
У адным з апытанняў у чаце больш за палова рэспандэнтаў, чые аўто захраслі ў Літве, адказвалі, што працягваюць спадзявацца на цуд. І пакуль яны ледзь не ў прамым сэнсе чакаюць ля мора пагоды, кожны дзень капае ад 5 да 20 еўра за захоўванне аўто на тэрыторыі порта.
Яшчэ ў 35% апытаных аўтамабілі знаходзяцца ў стадыі чакання адпраўкі альтэрнатыўным шляхам.
Толькі ў 13% з удзельнікаў апытання машыны ўжо адправіліся з Клайпеды ў Мінск альтэрнатыўным шляхам.
Якія аўто едуць наўпрост з Літвы ў Беларусь?
Аўтамабілі з аб'ёмам рухавіка меншым за 1,9 літра, а таксама машыны з рухавікамі большага аб'ёму, калі ім споўнілася 5 гадоў, працягваюць купляць і накіроўваць у порт Клайпеды.
Аўто з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, і маладзейшыя за 5 гадоў, а таксама гібрыды і электрамабілі адразу накіроўваюць са Штатаў у Грузію.
Праз гэта іх дастаўка стала даражэйшай прыблізна на 1500— 2000 даляраў у параўнанні з дастаўкай праз Клайпеду. Разам з тым павялічваецца і тэрмін дастаўкі. Праз Грузію машыны едуць на 1-1,5 месяца даўжэй, чым гэта было праз Літву.
Каментары