Ідэолаг Мінабароны Беларусі распаўсюджвае старыя фэйкі пра паходжанне еўрапейскіх чыноўнікаў ад гітлераўцаў

Памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва ўзброеных сілах Леанід Касінскі сцвярджае, што канцлер Германіі Олаф Шольц і прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск — унукі нацыстаў, а дзед прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды быў сябрам Бандэры. Аднак усё гэта няпраўда.

18.12.2024 / 08:00

Фрагмент прэзентацыі. Фота: flagshtok / Telegram

На сустрэчы з актывам Гомельскай вобласці памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва ўзброеных сілах, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леанід Касінскі звяртаў увагу на тое, што «любую інфармацыю трэба ўспрымаць крытычна, таму што сёння шмат фэйкаў і няпраўды», паведамляў тэлеграм-канал «Флагшток».

У той жа час Касінскі на ўласным прыкладзе паказаў, як ён адносіцца да праверкі інфармацыі, прывёўшы прыдуманы расійскімі прапагандыстамі фэйк аб блізкіх сваяках еўрапейскіх палітыкаў.

Олаф Шольц — унук групэнфюрара СС Фрыца фон Шольца

У прэзентацыі, якую дэманстраваў Касінскі, сцвярджаецца, быццам бы канцлер Германіі Олаф Шольц з'яўляецца ўнукам групэнфюрара СС Фрыца фон Шольца.

Гэты фэйк запусціў у 2022 годзе Яўгеній Прыгожын. Аб тым, што факт несапраўдны, у красавіку 2022 года пісалі нямецкія журналісты, якія змаглі азнаёміцца з архіўнымі дакументамі і высветлілі, што ў Фрыца фон Шольца не было дзяцей.

Фота: correctiv.org

Ён нарадзіўся ў горадзе Плзень, які на той час уваходзіў у склад Аўстра-Венгрыі, а затым разам з жонкай жыў у аўстрыйскім горадзе Пёрчах-ам-Вёртэрзе (Pörtschach am Wörthersee). Да вайны мужчына працаваў хімікам. У 1944 годзе ён загінуў.

Што тычыцца Олафа Шольца, то яго баба з дзедам былі родам з Гамбурга і працавалі на чыгунцы. Што пацвярджаецца архіўнымі дакументамі.

Германскія міністры — «унукі» нацыстаў

Акрамя Шольца, «унукамі» нацыстаў у прэзентацыі галоўнага ідэолага Мінабароны называюцца міністр аховы здароўя Германіі Карл Лаўтэрбах і міністр фінансаў Крысціян Лінднер.

Як і ў выпадку з Олафам Шольцам, крыніцай гэтага фэйку, які хутка разышоўся па прасторах інтэрнэту і старонках СМІ, а ў студзені 2023 года быў агучаны ў праграме «Чалавек і закон» на расійскім «Першым канале», з'яўляецца прэс-служба Яўгенія Прыгожына.

Прапагандысты сцвярджаюць, што Карл Лаўтэрбах з'яўляецца ўнукам обергрупэнфюрара СС Хартмама Лаўтэрбахера. І нікога не бянтэжыць, што прозвішчы «дзеда» і «ўнука» розныя. Зразумела, што ў жыцці ўсё здараецца, і прозвішча можа быць адкарэктавана.

Нямецкія журналісты праверылі інфармацыю. Згодна з архіўнымі дакументамі, у обергрупэнфюрара СС Хартмана Лаўтэрбахера было трое дзяцей — Ёрг, Клаус і Ільзе. А бацькі міністра аховы здароўя Лаўтэрбаха маюць імёны Вільгельм і Гертруда. Такім чынам, ні імёны, ні прозвішчы не супадаюць. Як сцвярджаюць журналісты, яны не знайшлі ніякай сувязі паміж міністрам і нацысцкім функцыянерам.

Калі звярнуць увагу на міністра фінансаў Германіі Крысціяна Лінднера, то яго прозвішча супадае з нацыстам Герхардам Лінднерам, які на прэзентацыі ідэолага Міністэрства абароны Беларусі пазначаны як брыгадэнфюрар СС. І гэта першая памылка. На самой справе Герхард Лінднер служыў не ў СС, а ў вермахце, і меў званне генерал-маёра. Вядома, што ў 1945 годзе Лінднер быў арыштаваны саюзнікамі і асуджаны. У 1947 годзе ён выйшаў на свабоду. Памёр у 1982 годзе ў горадзе Аўрых у Ніжняй Саксоніі.

Што тычыцца дзеда міністра фінансаў, то, як пісаў Крысціян Лінднер у аўтабіяграфіі, якая выйшла ў 2017 годзе, яго дзядуля і бабуля валодалі пякарняй у горадзе Вуперталь, які знаходзіцца ў зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія.

Нават калі дапусціць, што былы генерал вермахту пасля вайны стаў пекарам, то не супадаюць ні даты, ні месца. Бо Герхард Лінднер памёр у Ніжняй Саксоніі ў 1982 годзе, а Крысціян Лінднер нарадзіўся ў 1979 годзе ў горадзе, які знаходзіцца ў іншай федэральнай зямлі. Міністр згадвае ў кнізе, што дзядуля з бабуляй займаліся сваёй пякарняй, калі ён быў падлеткам. А гэта значыць, што нашмат пазней за год смерці генерала вермахту Лінднера.

Урсула фон дэр Ляен — унучка нацыста

Наступнай «унучкай» нацыста ў прэзентацыі называецца кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Сцвярджаецца, што яе дзед — Карл Альбрэхт, які быў начальнікам упраўлення МЗС і гандлёва-гаспадарчых ведамстваў Трэцяга Рэйха і працаваў на тэрыторыі акупаванай Украіны. Мужчына меў непасрэднае дачыненне да гвалтоўнага прымусу да рабскай працы ўкраінцаў.

У выпадку з фон дэр Ляен гэта не першы такога кшталту фэйк. Яшчэ ў 2022 годзе ў інтэрнэце распаўсюдзілася інфармацыя аб тым, што яе дзед іншы Альбрэхт — адзін з кіраўнікоў СС Карл Альбрэхт Оберг па мянушцы «Парыжскі мяснік».

Але ўсё гэта няпраўда. Інфармацыю пра генеалогію главы Еўракамісіі можна адшукаць на сайце Geneastar.org. Дзед Урсулы фон дэр Ляен — Карл Эдуард Альберт. Ён быў вядомым псіхатэрапеўтам і аўтарам кнігі «Псіхалогія містычнай свядомасці».

Дзед прэзідэнта Польшчы — украінскі нацыяналіст

Касінскі ў сваім выступленні сцвярджаў, што дзедам прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды з'яўляецца паручык Украінскай паўстанцкай арміі Міхайла Дуда, сябар Сцяпана Бандэры.

Пра тое, адкуль з'явіўся гэты фэйк, «Наша Ніва» пісала раней. Яго гісторыя пачынаецца яшчэ ў 2015 годзе. У 2022 годзе гэту хлусню паўтарыў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.

Насамрэч дзеда польскага лідара па бацькавай лініі звалі Алёіз Дуда. Ён быў палякам, працаваў кушняром, жыў у Старым Сончы і памёр у 1992 годзе. Гэтыя факты пацвярджаюцца архіўнымі дакументамі. Інфармацыя пра продкаў Дуды добра задакументаваная ажно да 1810 года. 

Прэм'ер-міністр Польшчы — унук нацыста

У прэзентацыі, паказанай актыву Гомельскай вобласці, паўтораны яшчэ адзін стары фэйк аб тым, што дзедам прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска з'яўляецца рэйхсфюрэр СС Ёзэф Туск.

Яшчэ ў 2019 годзе фактчэкеры з незалежнага цэнтра расследавальніцкай журналістыкі CORRECTIV высветлілі, што дзед Дональда Туска Юзаф працаваў на чыгунцы. У 1939 годзе ён быў арыштаваны гестапа, быў вязнем двух нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў. У 1944 годзе мужчына быў прызваны на службу ва ўзброеныя сілы Германіі, адкуль у сакавіку 1945 года дэзерціраваў і вярнуўся ў Польшчу.

Адметна, што стваральнікі фэйку нават фота рэальнага рэйхсфюрара СС Ёзэфа Туска не здолелі адшукаць, а ўзялі выяву невядомага нацысцкага афіцэра з фота 1939 года.

Прапаганда піша, што сын экс-кіраўніка МЗС Украіны купіў «Жалезны трон» за $1,5 мільёна. Праўда?

Прапагандысты элегантна абверглі «фэйк» аб нізкім заробку жывёлавода

«НАТА наўмысна пастаўляла Украіне кроў, заражаную ВІЧ і гепатытам». Хто пусціў гэтую дэзу?

Навагрудскі архіепіскап заявіў, што Зяленскі купіў машыну Гітлера. Гэта даўно абвергнуты фейк

Антось Жупран