Польскі прэм'ер пасля выпадку ў Магдэбургу настойвае на пастрожванні міграцыйнага заканадаўства
Пасля ўчарашняга трагічнага здарэння ў нямецкім Магдэбургу, дзе аўтамабіль пратараніў натоўп людзей на калядным кірмашы, прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск звярнуўся да прэзідэнта Анджэя Дуды і апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» з патрабаваннем вызначыцца з падтрымкай урадавага законапраекта аб абмежаванні міграцыі.
21.12.2024 / 18:01
Дональд Туск. Фота: Pier Marco Tacca/Getty Images
«Пасля нападу ў Магдэбургу я ўжо чакаю яснай дэкларацыі ад прэзідэнта Дуды і PiS аб падтрымцы ўрадавага пакета, які робіць больш строгім візавае заканадаўства і закон аб наданні прытулку», — напісаў Дональд Туск у сацсетцы X.
Маецца на ўвазе адпраўлены ў Сейм законапраект, які робіць больш строгай польскую візавую сістэму.
Сярод іншага мае стаць стражэйшай сістэма выдачы віз для навучання. Таксама зменяцца правілы выдачы дазволаў на працу іншаземцам і іх працаўладкавання. Іншаземцу адмовяць у дазволе на працу, калі знойдуцца сведчанні таго, што заява пададзеная без рэальных намераў і дазвол будзе выкарыстоўвацца не па прызначэнні.
Саудаўская Аравія папярэджвала Германію пра небяспеку чалавека, які заехаў у натоўп у Магдэбургу
Колькасць ахвяр тэракту ў Германіі вырасла да чатырох, пацярпелых — да 205
Наезд на людзей у Магдэбургу зрабіў мужчына родам з Саудаўскай Аравіі
У нямецкім Магдэбургу аўтамабіль тараніў людзей на калядным кірмашы