У 19-гадовай дзяўчыны грудзі павялічыліся з другога памеру да сёмага. Магчыма, прычынай стала прышчэпка ад каранавіруса
Пасля першай дозы Pfizer пацыента адчула паколванне ў грудзях, а пасля заўважыла іх імклівы рост. Другая прышчэпка паскорыла працэс.
05.01.2025 / 12:15
Здымак пацыенткі з грудзямі 7-га памеру ў выніку развіцця гігантамастыі пасля ўвядзення вакцыны Pfizer ад COVID-19. Фота: матэрыялы артыкула
У часопісе Journal of the American Society of Plastic Surgeons вучоныя апісалі рэдкі выпадак гігантамастыі, які сама пацыентка звязвае з увядзеннем вакцыны Pfizer супраць COVID-19.
Гігантамастыя — гэта паталагічны стан, пры якім адбываецца празмерны рост малочных залоз. Паталогія можа развіцца без якіх-небудзь відавочных прычын у перыяд палавога паспявання або падчас цяжарнасці. Яе можа справакаваць прыём лекаў або наркотыкаў. Існуе і ідыяпатычная гігантамастыя, калі прычына невядомая.
Спецыялісты таксама звяртаюць увагу, што ў вельмі рэдкіх выпадках гігантамастыя можа быць выклікана такім рэдкім захворваннем як псеўдаангіаматозная (што азначае «падобная да крывяносных сасудаў») гіперплазія стромы (PASH) — дабраякасным новаўтварэннем малочнай залозы.
Гэты стан характарызуецца залішнім разрастаннем фібрознай (злучальнай) тканкі ў малочных залозах. Звычайна гэта звязана з павышаным узроўнем гармонаў эстрагену і прагестэрону.
У большасці пацыентак PASH не выклікае ніякіх сімптомаў і часцей за ўсё выяўляецца выпадкова, напрыклад, пры даследаванні іншых захворванняў малочных залоз. Аднак вядома каля 20 выпадкаў, калі PASH прывяла да двухбаковай гігантамастыі.
Аўтары артыкула адзначаюць, што выпадак, які адбыўся з 19-гадовай дзяўчынай, прымушае задумацца аб магчымай сувязі паміж вакцынай Pfizer, гігантамастыяй і PASH.
Як паведамляецца, дзяўчына, якая ніколі не нараджала, у верасні 2022 года атрымала першую дозу вакцыны Pfizer. У яе медыцынскай гісторыі не было выяўлена ніякіх адхіленняў, а аналізы крыві не паказалі гарманальных парушэнняў.
Праз тыдзень пасля вакцынацыі пацыентка адчула паколванне ў грудзях, а пасля заўважыла іх імклівы рост. Другая прышчэпка паскорыла працэс. У выніку за 6 месяцаў памер яе грудзей павялічыўся з 2 (В) да 7 (GGG).
Падчас медыцынскага агляду грудзей не было выяўлена ніякіх прыкмет пухлін або распаўсюджвання захворвання на лімфатычныя вузлы. Ультрагукавая дыягностыка і камп'ютарная тамаграфія грудной клеткі пацвердзілі значнае двухбаковае павелічэнне грудзей, а біяпсія паказала на фібраэпітэльныя змены (дабраякасны залішні рост тканак). Дактары паспрабавалі лячэнне стэроідамі і антыбіётыкамі, але гэта не дапамагло.
Праз 11 месяцаў пасля вакцынацыі, калі на працягу 5 месяцаў не назіралася далейшага росту грудзей, пацыентцы зрабілі аперацыю па іх памяншэнні.
Выдаленая тканка. Фота: матэрыялы артыкула
Пасля аперацыі патолагі пацвердзілі, што тканка малочных залоз была гіпертрафіраваная і ўтрымлівала выразна акрэсленыя ўчасткі PASH у абедзвюх грудзях. Маса выдаленай тканкі з левай грудзі склала 1906 грамаў, з правай — 1664 грама.
Праз пяць месяцаў пасля аперацыі ў пацыенткі назіралася асіметрыя грудзей і празмерная пігментацыя арэол. Рост малочных залоз больш не аднаўляўся. Паведамляецца, што абмяркоўваецца магчымасць паўторнага памяншэння грудзей, каб прыбраць асіметрыю і вярнуць пацыентцы яе ранейшы памер.
Пацыентка праз 5 месяцаў пасля аперацыі. Фота: матэрыялы артыкула
Аўтары артыкула адзначаюць неабходнасць дадатковых даследаванняў для таго, каб лепш зразумець прычыны PASH, удакладніць класіфікацыю гігантамастыі і разабрацца ў магчымых яе сувязях з вакцынацыяй.
Прапаганда распаўсюджвае фэйк наконт шкоды ад вакцыны Pfizer
У ЗША стварылі штучны інтэлект, які дапаможа спрасціць выдаленне пухліны малочнай залозы
Перастараўся: 60-гадовы мужчына пасадзіў сабе ныркі вітамінам D
Навукоўцы стварылі кароў, здольных даваць малако з чалавечым інсулінам