Сцвярджаецца, што вакцыны распрацоўваюцца, каб выклікаць глабальны ўзрыў сардэчна-сасудзістых захворванняў і турба-раку. Што?
У тэлеграм-канале «МыБеларусь», які мае амаль 3000 падпісчыкаў, некалькі дзён таму з'явілася відэа, у якім пераказваецца заява былога віцэ-прэзідэнт Pfizer Пітэра Роста (Peter Rost) аб тым, што «вакцына створана, каб выклікаць прыбытковыя праблемы са здароўем, якія кампанія магла б манетызаваць».
Аўтары, спасылаючыся на Роста, сцвярджаюць, што Pfizer спецыяльна распрацоўвае вакцыны, каб выклікаць глабальны выбух сардэчна-сасудзістых захворванняў і турба-раку. Што ў выніку дасць ім мільярды высокадаходных пацыентаў.
Першапачаткова відэа з'явілася ў акаўнце TPV Sean у твітары, які напоўнены допісамі з тэорыямі змовы.
Вось адна цытата з іншага матэрыялу, якая яскрава сведчыць аб поглядах аўтараў:
«Не слухайце Біла Гейтса, буйную фармацэўтыку і асноўныя сродкі масавай інфармацыі, паколькі яны ўдзельнічаюць у аперацыі па яўгеніцы і дэпапуляцыі. Іх неабходна прыцягнуць да адказнасці, каб растлумачыць мільёны смерцяў ад вакцын».
Канал мае каля 32 тысяч падпісчыкаў. Але яго матэрыялы з задавальненнем перапошчваюць сайты і каналы, аўтары якіх таксама вераць у тэорыі змовы.
Пачнем з таго, што сам тэрмін «турба-рак» (агрэсіўная форма рака, якая хутка развіваецца) не адносіцца да медыцынскіх і не прызнаны ў навуковай супольнасці. Аднак яго з задавальненнем выкарыстоўваюць у кантэксце тэорый змовы і дэзынфармацыі аб пабочных эфектах вакцын.
Сам Пітэр Рост даўно ўжо не мае адносін да Pfizer. Кампанія, у якой ён працаваў як кіраўнік адзела маркетынгу, звольніла мужчыну яшчэ ў 2005 годзе. Пасля гэтага Рост набыў вядомасць як выкрывальнік, напісаў некалькі кніг, стаў весці блог і кансультаваць па судовых разбіральніцтвах (сам ён прайшоў праз некалькі судоў).
Яшчэ ў 2005 годзе кампанія Pfizer распаўсюдзіла заяву аб тым, што ў Пітэра Роста няма адпаведнай кваліфікацыі, каб гаварыць аб леках.
Адзначым, што кадры з заявамі Пітэра Роста знятыя вельмі даўно. Так, адно выступленне ўвогуле адносіцца да 2004 года.
Што тычыцца вакцын, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні COVID-19, то даследаванне Глабальнай сеткі даных аб вакцынах, якое ахапіла восем краін і 99 мільёнаў вакцынаваных, паказала, што яны эфектыўна абараняюць ад цяжкіх формаў захворвання, смерці і працяглых сімптомаў хваробы.
У той жа час аўтары не хаваюць таго факту, што вакцыны былі звязаны з невялікім ростам неўралагічных, крыватворных і сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Вынікі даследавання былі апублікаваныя ў красавіку 2024 года ў часопісе Vaccine.
Аўтары падкрэсліваюць, што за апошнія тры гады ва ўсім свеце было ўведзена звыш 13,5 мільярда доз вакцын ад COVID-19, што выратавала 1 мільён жыццяў толькі ў Еўропе.
Тым не менш невялікая частка імунізаваных людзей мелі цяжкія пабочныя эфекты, што выклікала спрэчкі аб карысці вакцынацыі. Аднак ні аб якім «глабальным выбуху сардэчна-сасудзістых захворванняў і турба-раку» размова не ідзе.
Каментары