Прэм'ер Даніі адказала наконт прапановы Трампа пра Грэнландыю

Прэм’ер-міністр Даніі Метэ Фрэдэрыксэн у адказ на словы абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра Грэнландыю заявіла, што Вашынгтон з’яўляецца «самым важным і найбліжэйшым саюзнікам Даніі». Пра гэта яна сказала TV 2.

08.01.2025 / 07:48

Метэ Фрэдэрыксэн. Фота: Harry Nakos / AP

Паводле слоў Фрэдэрыксэн, яна не лічыць, што Злучаныя Штаты будуць выкарыстоўваць ваенную ці эканамічную моц, каб дамагчыся кантролю над Грэнландыяй. «Я не магу ўявіць сабе, што мы акажамся ў такой сітуацыі», — сказала прэм’ер.

Кіраўнік урада падкрэсліла, што не хоча гандлёвай вайны са ЗША. «Я думаю, што мы павінны працягваць размаўляць адно з адным і рабіць гэта належным чынам», — адзначыла яна.

Паводле яе слоў, тое, што ў ЗША расце цікавасць да Грэнландыі, — гэта добра, але гэта павінна адбывацца з павагай да жыхароў вострава.

Трамп прапанаваў Даніі саступіць Грэнландыю. «У вас там каля 45 000 чалавек. Людзі нават не ведаюць, ці ёсць у Даніі законныя правы на Грэнландыю, але калі яны ёсць, то Данія павінна адмовіцца ад іх, бо Грэнландыя патрэбная нам для забеспячэння нацыянальнай бяспекі», — заявіў ён журналістам у сваёй рэзідэнцыі ў Мар-а-Лага.

Рэспубліканец прыгразіў увесці пошліны супраць Даніі, калі тая будзе перашкаджаць незалежнасці Грэнландыі ці яе далучэнню да ЗША.

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»

Кароль Даніі ўпершыню за 50 гадоў памяняў герб краіны на фоне выказванняў Трампа

Прэм'ер Грэнландыі заявіў пра імкненне краіны да незалежнасці

Nashaniva.com