Пасля 2020-га ад Ярмошынай адмовіўся нават садоўнік, які стрыг яе кусты ў Драздах

У сваім катэджы ў Драздах старшыня ЦВК засталася зусім адна.

12.01.2025 / 12:56

Лідзія Ярмошына ў 2014 годзе

Згадваючы ў эфіры СТБ падзеі 2020-га года, былая кіраўніца Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына прызналася, што ў яе атачэнні быў толькі адзін чалавек, які яе пакінуў:

«Ад мяне адмовіўся садоўнік, які прыходзіў і касіў мой участак, саджаў расліны і падстрыгаў кусты. А так усе мае знаёмыя, мае сябры [засталіся].

Насамрэч Ярмошына выдае жаданае за рэальнае.

У сваім катэджы ў Драздах старшыня ЦВК засталася зусім адна.

Дом Лідзіі Ярмошынай у Драздах

Сябры? У ранейшых інтэрв'ю яна прызнавалася, што яе сяброўкі жывуць у Калінінградзе — дзе Ярмошына вучылася ва ўніверсітэце і працавала.

Ярмошына расказвала, што сябравала з сакратаром ЦВК Мікалаем Лазавіком, хадзіла ў тэатр разам з ім і яго жонкай. Калі ў 2016-м Лазавік памёр, хадзіць стала няма з кім.

У 2017-м памёр яе адзіны сын Аляксей, самы блізкі ёй чалавек і спадарожнікам у вандроўках.

У тым жа 2017-м загінуў у аўтакатастрофе яе пляменнік Вадзім Капусцін.

Маці Лідзіі Ярмошынай памерла ў сярэдзіне 2010-х, пражыўшы больш за 95 гадоў.

Перад тым памёр другі муж Ярмошынай. Першы муж застаўся ў Калінінградзе, па стане на сярэдзіну 2010-х ён быў паралізаваны. Цяперашні яго лёс невядомы.

З радні ў былой кіраўніцы ЦВК засталася сястра, але адносіны ў іх халодныя.

«Як і ва ўсіх — чакаць сыходу з жыцця. Падарожнічаць з кожным годам становіцца ўсё цяжэй. І ўсе мае падарожжы, хутчэй за ўсё, будуць у два месцы: Бабруйск і Калінінград», — так у 2020 годзе адказала Лідзія Ярмошына на пытанне пра тое, што яна будзе рабіць пасля адстаўкі з пасады.

Ярмошына: Прэтэндэнты ў 2020 — вырадкі. А я ўратавала краіну ад грамадзянскай вайны

«Яна яго шантажавала». Новыя дэталі апошніх дзён жыцця сына Ярмошынай

«Я сышла, як сыходзяць мужыкі». Правілы жыцця Лідзіі Ярмошынай

Nashaniva.com