Каліновец Аляксандр Клачко атрымаў статус уцекача ў Літве

Пра тое, што ягоная працяглая эпапея з атрыманнем статуса ўцекача скончылася, паведаміў у тэлеграм-канале сам Аляксандр Клачко «Кусь». 

13.01.2025 / 20:38

Аляксандр Клачко «Кусь»

«Быццам GPS-бранзалет з нагі зняў, які абмяжоўваў маю свабоду перамяшчэння па-за межы Літвы і пэўныя магчымасці ў Літве», — акрэсліў свае адчуванні Аляксандр Клачко.

У Дэпартаменце міграцыі яму паведамілі пра станоўчае рашэнне па ягоным пытанні і прапанавалі праз два тыдні запісацца на атрыманне адпаведнай пластыкавай карткі разам з беларускім пашпартам.

Пытанне Аляксандра Клачко разглядалася ў Дэпартаменце міграцыі амаль год. 

«Сёння з чыстым сэрцам, на літоўскай мове, павіншаваў асобных грамадзян Літвы з Днём абаронцаў свабоды Літоўскай Рэспублікі.

Ведаю, што з тымі з літоўцаў, хто шануе дату 13.01.1991, мае інтарэсы супадаюць як мінімум у адным агульным у нас з імі і з Украінай накірунку», — пракаментаваў тое, што адбылося, Клачко.

За месяц да гэтага, 8 снежня мінулага года, Аляксандр Клачко зладзіў пікет пад вокнамі будынка Дэпартамента міграцыі ў Вільні. У руках каліновец трымаў плакат са сцягамі і надпісам у якім звяртаў увагу, што ён вораг беларускага і расійскага рэжымаў, але не ведае, хто ён для Літвы, і 11 месяцаў чакае адказ на гэтае пытанне. Гэтай акцыяй ён прасіў літоўскія ўлады паскорыць разгляд ягонай справы і прыняць нарэшце хоць станоўчае, хоць адмоўнае рашэнне, вызваліўшы яго ад падвешанага стану.

«Прыміце рашэнне, хто я для вас». Каліновец амаль год не можа легалізавацца ў Літве

У Вільні прайшла акцыя падтрымкі Васіля Верамейчыка з удзелам каліноўцаў

«Усё ў нашых руках». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні

Nashaniva.com