Байдэн хоча паспець выкрасліць Кубу са спісу спонсараў тэрарызму ў абмен на вызваленне палітвязняў
Адміністрацыя Джо Байдэна ў аўторак паведаміла Кангрэсу пра намер выкрасліць Кубу са спісу дзяржаўных спонсараў тэрарызму. Як заявілі ў Белым доме, гэтае рашэнне прынята ў межах пагаднення, якое было дасягнута пры пасярэдніцтве Каталіцкай царквы для вызвалення палітычных вязняў на востраве, піша Associated Press.
15.01.2025 / 00:04
Джо Байдэн. Фота: AP Photo/Susan Walsh
Па словах высокапастаўленых чыноўнікаў ЗША, якія паведамілі AP гэтую інфармацыю на ўмовах ананімнасці, «многія дзясяткі» палітычных вязняў і іншых асоб, якіх Злучаныя Штаты лічаць незаконна затрыманымі, будуць вызваленыя да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў Байдэна 20 студзеня.
ЗША таксама змякчаць эканамічны ціск на Кубу, а таксама некаторыя захады, прынятыя ў 2017 годзе тагачасным прэзідэнтам Дональдам Трампам, якія пастрожылі пазіцыю ЗША адносна Кубы.
Аднак ж, як адзначаецца, рашэнне Байдэна, хутчэй за ўсё, будзе адменена ўжо на наступным тыдні, калі на пасаду зноў заступіць той жа Дональд Трамп, а пасаду дзяржсакратара пры ім зойме Марка Рубіа, які мае кубінскія карані.
Пры гэтым цікава, што ў спіс спонсараў тэрарызму Кубу Трамп уключыў таксама ў самым канцы свайго першага прэзідэнцкага тэрміну, 11 студзеня 2021 года. Гэта рашэнне адмяніла папярэдняе, прынятае падчас пацяплення адносін паміж Кубай і ЗША ў другі тэрмін прэзідэнцтва Барака Абамы. Абгрунтаваннем такога кроку тады стала падтрымка Кубай лідара Венесуэлы Нікаласа Мадура, адмова выдаць калумбійскіх паўстанцаў уладам Калумбіі і працяг хавання асоб, якія шукаюцца амерыканскімі ўладамі.
Ад пераходнай каманды Трампа і офіса Марка Рубіа пакуль не паступала афіцыйных каментароў адносна намераў Байдэна. Аднак сенатар Тэд Круз з Тэхаса, рэспубліканец і калега Рубіа па камітэце міжнародных адносін Сената, рэзка раскрытыкаваў гэтае рашэнне.
«Тэрарызм, які падтрымліваецца рэжымам на Кубе, не спыніўся. Я буду працаваць з прэзідэнтам Трампам і маімі калегамі, каб адразу адмяніць гэтае рашэнне і мінімізаваць шкоду», — заявіў ён.
Трамп не плануе пакідаць Кіеў без падтрымкі, бо баіцца новага Афганістана
Белы дом аб'явіў пра ўвядзенне самых маштабных санкцый супраць расійскага энергетычнага сектара
82-гадовы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн стаў прадзедам