Усяго патроху29

Зміцер Вайцюшкевіч — пра жонку, дзяцей ды ўласны хутар Вайцюшкі ФОТЫ

«Я за што ні вазьмуся, усё выходзіць прыгожа!» — смяецца Зміцер. Мы ў гэтым пераканаліся, калі ён — шоўмэн, чалавек-феерверк, зорка — сустрэў нас на лецішчы ў Астрашыцкім Гарадку ў працоўнай адзежы, бо да гэтага скасіў 25 сотак травы. А потым узяўся распальваць вогнішча ды смажыць шашлыкі, не забываючы папраўляць свае шляхетныя вусы і своечасова пераварочваць мяса.

Пра сцэнічны вобраз і ружовую цішотку

Пакуль тое ды гэтае, Зміцер змяніў «рабочы» брутальны ўбор на «выхадны», той, што для гасцей.

«Знаёмая дзяўчына неяк мне напісала: «Вайцюшкевіч, колькі можна выступаць у адной і той жа ружовай цішотцы?»

Я падумаў: і праўда, на беларускай сцэне элегантных людзей няма. Пры ўсёй павазе да артыстаў, паэтаў, не многія задумваюцца над тым, як выглядаюць на сцэне. У мяне таксама быў такі перыяд, калі выходзіў як ёсць: рок-н-рол, усе справы. Маўляў, я спяваю песні — вось і радуйцеся. А цяпер — не. Усё ж сцэна патрабуе іншых убораў. Дарэчы, праз гэта і стаў хадзіць шмат, і вячэраю не так шчыльна, бо не ўсе штаны і камізэлькі, якія падабаюцца, змог зашпіліць».

Хоць часам Зміцер адмаўляе сабе ў прысмаках, гатаваць ён любіць.

«Кухня мяне натхняе. Не так даўно спрабаваў рабіць рызота. Боршч — наогул фірмовая страва. Украінцы казалі, што ён смачнейшы, чым у іх».

Але дзеля справядлівасці трэба зазначыць, што пакуль Зміцер махаў над вогнішчам кардонкай, гародніну на стол наразала жонка спевака Галіна.

Аркестр-Галя

Галіна ўжо 12 гадоў кіруе хорам «Канкордыя», што выконвае творы сучасных беларускіх кампазітараў. Таксама, як і муж, шмат гастралюе са сваім калектывам. Калі гастролі супадаюць, дзеці Галіны і Змітра, Язэп і Стэфа, ездзяць разам з бацькамі.

«Яны з намі валэндаюцца ад нараджэння. Мы вельмі дэмакратычныя бацькі, дзецям шмат чаго дазваляем».

Тое, што Зміцер і Галіна не хлусяць, калі расказваюць пра сваю дэмакратычнасць, відаць і па дзёрзкім ярка-ружовым меліраванні Язэпа.

«У школе, канечне, афігелі, — кажа Зміцер. — Але я сыну давяраю, ён умее сябе паводзіць. Не выходзіць за межы дазволенага, не нахабны. Уладзіміра Пракопавіча Някляева, праўда, часам кліча: «Някляеў». Прыйшлося нават зрабіць заўвагу».

«Калі дзеці нашкодзяць, то атрымліваюць ад мяне, — дадае Галіна. — Зміцер — класны бацька. Ён іх вельмі адчувае, вельмі любіць. Чытае ім толькі па-беларуску. На якой бы мове ні прынеслі дзеці Змітру кнігу, ён з ходу перакладае на беларускую», — распавядае Галіна.

Калыханкі, дарэчы, бацькі-музыкі дзецям не спявалі.

«Язэп ненавідзеў музыку. Калі я пачынала спяваць, ён, пакуль не ўмеў гаварыць, проста закрываў мне рот. А потым так і сказаў: «Не спявай».

Цяпер сітуацыя змянілася: Язэп грае на фартэпіяна, а Стэфа проста любіць песні бацькі.

«Любімая ў іх — «Вядома і дэбілу». Хоць палову слоў не разумеюць, але рытм ім падабаецца».

А вось у самой Галіны самыя моцныя ўспаміны звязаныя з песняй «Мора».

«Я пад яе нараджала Стэфу. Зміцер прысутнічаў на родах і Язэпа, і Стэфы. Ведаеце, калі табе баліць, ты крычыш, але ад свайго крыку палохаешся яшчэ больш. І я прасіла Змітра спяваць паміж схопкамі».

«Я тут у прымаках»

Пазнаёміліся Зміцер і Галіна менавіта тут, у Астрашыцкім Гарадку, дзе мы сёння гатуем шашлыкі.

«Памідоры ў шашлыку — гэта так незвычайна! Я такога раней не бачыў, але як да месца прыйшлося! Трэба браць на ўзбраенне. Я звычайна раблю просты марынад: цыбуля, соль і перац. А вось шашлык «Суседзяў» прыемна здзівіў. Здавалася б, вялікія кавалкі мяса, а так цудоўна прамарынаваліся. Мяса сакавітае і мяккае», — дэгустуе толькі што прыгатаваны шашлык Зміцер і вяртаецца да тэмы знаёмства з жонкай. Ён прыехаў у гэты дом разам з сябрамі, Галіна прымала гасцей.

«Нас прадставілі адно аднаму, — распавядае Галіна. — Усе так захоплена яго віталі: «Гэта ж Зміцер Вайцюшкевіч!» Я тады сабе падумала: «Ну і што, што Зміцер Вайцюшкевіч? А я — Галіна Казіміроўская». У той вечар Зміцер паклікаў мяне на свой канцэрт».

Галіна прыгадвае, што Зміцер як выканаўца скарыў яе не адразу. У тую першую сустрэчу яна глядзела на яго як прафесіянал, а не як усе іншыя — ужо сталыя прыхільнікі. Але ад запрашэння на канцэрт не адмовілася, і там ужо адчула асаблівы талент Вайцюшкевіча.

«Ён жа, зараза, абаяльны! Ён спявае, і здаецца, што спявае толькі табе і глядзіць толькі на цябе. Трэба сказаць, што з публікай ён працуе шэдэўральна. Зміцер — зорка, і ён павінен пра гэта ведаць», — усміхаецца Галіна і глядзіць у бок мужа.

Змітра будучая жонка скарыла сваёй асобай, стрыжнем. Гэта тое, што ў першую чаргу музыка цэніць у жанчыне.

«Якія якасці мяне зачапілі? Розум, самастойнасць, прыгажосць. Пасля пачуццё развівалася, калі я бачыў, якая Галіна маці, жонка. Вайцюшкевіч — гэта ж жарсць, свята, падарунак (смяецца). І ёй у гэтым плане трэба помнік ставіць», — прызнаецца Зміцер.

Ужо дзевяць гадоў як Зміцер і Галіна жывуць у Астрашыцкім Гарадку, у тым самым месцы, дзе і пазнаёміліся.

«Гэта дом Галіных бацькоў, я тут у прымаках. Хоць стараюся і абкошваць тут усё і даглядаць па магчымасці, але радзіма мая ўсё ж у Вайцюшках», — кажа музыка.

Вайцюшкі — уласная планета Вайцюшкевіча

Хутар Вайцюшкі, што на Нёмане, знаходзіцца недалёка ад Бярозаўкі, месца, дзе Зміцер нарадзіўся.

«Не так даўно мы ладзілі ў Вайцюшках пленэр скульптараў, дзе геніяльны скульптар Андрэй Вараб’ёў прадставіў сваю працу з камянёў. Ён назваў яе «Планета-радзіма». Для мяне гэта і ёсць Вайцюшкі. Цяпер у мяне ў найбліжэйшых планах абгарадзіць хутар, але празрыстым плотам. Бо цяпер як робіцца? Усе імкнуцца адгарадзіцца металапрофілем. Я з гэтай нагоды сумна жартую, што вось так адгародзішся трохметровым плотам, і ніхто з суседзяў не пачуе, калі цябе за ім будуць рэзаць».

На шчасце, у Вайцюшках ціха і спакойна. Навокал — прыгажэзныя беларускія краявіды, некранутая прырода, Нёман, паблізу нават суседзяў няма. Хадзі, кажа гаспадар, у чым хочаш:

«У нас лянівы маркетынг, таму нават у сезон сядзіба не забітая гасцямі. Гэта і мінус, і плюс. З аднаго боку, хочацца, каб мы адбіваліся ад гасцей. З другога — да нас не так проста дабрацца, таму аматары «адтапыркі» да нас не даязджаюць».

Зміцер — гаспадар гасцінны. Хоць і прызнаецца, што пасля таго, як з’язджае чарговы госць, уздыхае з палёгкай. Адпачынак тых, хто да яго прыязджае, ён імкнецца зрабіць максімальна камфортным. Але стараецца не быць навязлівым, не надакучваць і не замінаць чужому спакою.

«У мяне быў выпадак, мы з нашым лазневым клубам адзначалі дзень народзінаў Уладзіміра Някляева. Песні спявалі, гутарылі. Але гаспадыня аграсядзібы меркавала, што нам сумна. Яна ўсё прыходзіла ды пыталася: «Вам скучно? Ну я же віжу, что вам скучно». Урэшце прынесла скакалкі ды пачала ганяць дарослых мужыкоў».

Лазневы клуб, пра які расказвае Зміцер, існуе ўжо 28 гадоў.

«Гэта такая мужчынская гульня, у якой ёсць свой прэзідэнт, свой міністр фінансаў. Раз на тыдзень, у чацвер, дзяжурны па клубе запрашае ўсіх сябраў у лазню. Там мы гутарым, абмяркоўваем рознае. Колькі людзей у свой час прайшло праз гэты клуб! І артысты, і бізнэсоўцы. Быў сябрам клуба і Дудараў, і Давыдзька. Лазню я люблю, умею і парыцца, і парыць. Не дай бог трапіць пад мой венік — добра вам будзе!»

Эпапея з пераўвасабленнем у Маякоўскага

Восенню ў Змітра Вайцюшкевіча выходзяць аж два новыя альбомы. Адзін — на вершы Уладзіміра Някляева. Другі — на вершы Уладзіміра Маякоўскага. З выхаду першага зборніка на яго вершы прайшло ўжо 15 год.

«Тады мне вельмі хацелася зрабіць гэты зборнік па Маякоўскім. Мне было цікава, бо ўсе казалі, што гэта складана».

Да выхаду альбома Зміцер падстрыгся «пад калена», гэтаксама, як Маякоўскі на вядомым фотаздымку.

«Таксісты тады пыталіся такім характэрным сіплым голасам: «Ну што, адкінуўся, старычок?» — згадвае Вайцюшкевіч.

Да Маякоўскага ў Вайцюшкевіча любоў асаблівая, вось і цяпер Зміцер працягвае адкрываць для сябе ўсё новыя бакі творчасці паэта. Бачыць ён яго адбітак і ў модных сёння рэп-батлах.

«Маякоўскі ж, можна сказаць, быў пачынальнікам гэтага жанру», — кажа Зміцер і цытуе ліст Маякоўскага да каханкі паэта Малчанава, якую той кінуў. У новай моладзевай музычнай культуры Вайцюшкевіч не бачыць нічога заганнага. Сам ён, дарэчы, таксама некалі ўдзельнічаў у батле. Было гэта ў Празе, супернічаў са Змітром легендарны выканаўца Ярамір Нагавіца.

«Ён жа ў Празе — кумір. Білеты на яго канцэрты раскупляюцца імгненна. Для мяне той досвед быў вельмі няпросты. Яго ведалі ўсе, мяне — ніхто. Мы выконвалі па чарзе па дзве песні, але я ўвесь час глядзеў на гадзіннік з думкай: хутчэй бы гэта скончылася. А яно ўсё цягнулася, з бісамі. Дзесьці пад канец Нагавіца ўсклікнуў: «А цяпер — эратычная кампазіцыя! Цікава, што выканае Зміцер». Але ў мяне ў запасе акурат была адна», — прыгадвае музыка.

У Беларусі, мяркуе Зміцер, рэп-батлы наўрад ці прыжывуцца:

«Па-першае, не шмат людзей зразумеюць беларускі рэп. Ды і інтэлігентныя нашы артысты, не дазволяць яны сябе паводзіць на сцэне, як Гнойны».

«Я быў адвольны ў сваім выбары»

Вайцюшкевіча называюць літаратурным выканаўцам.

«Ну так, я адзін такі. Не магу сказаць, калі пачалося захапленне літаратурай, магчыма, гэта ад бацькі, гены. Расказваюць, што ён прачытаў усю бібліятэку шклозаводу «Нёман» у Бярозаўцы».

Бацька Змітра Вайцюшкевіча трагічна загінуў, калі сыну было ўсяго тры з паловай гады.

«Мама была простай жанчынай, яна не асабліва надавала ўвагу таму, чым я хачу займацца ў жыцці. Ведаеце, некаторыя бацькі кажуць, што спачатку адвучыся на доктара, тады займайся, чым хочаш. Я ж быў вольны ў выбары. Пайшоў у музычную вучэльню ў Ліду, пасля перабраўся ў Мінск. Граў у метро, прадаваў крышталь на Камароўцы. Аднойчы мяне нават затрымала міліцыя, крышталь канфіскавалі. Так што з бізнэсам не задалося».

А потым здарыўся лёсавызначальны фестываль «Маладзечна-1993».

«Гэта было глытком свежага паветра. Сцягі паўсюль, Антонаў на кабрыялеце, Ліка Ялінская, Яша Навуменка, жывы яшчэ. Да беларушчыны я прыйшоў акурат тады. Пачынаючы з фальклорных экспедыцый, з працы ў «Палацы». У тыя часы «Наша Ніва» чыталася ў метро ад першай да апошняй старонкі».

Музыка стала галоўнай у жыцці Змітра. З музыкай звязаная і яго галоўная мара, мэта на найбліжэйшыя дзесяцігоддзі. 

«Мэта павінна быць такой, каб яе было цяжка ажыццявіць. Я хачу, каб у Беларусі з’явілася такая песня, хай сабе яна будзе і не Вайцюшкевіча, але такая, каб нас па ёй пазнавалі ў свеце. Каб з’явілася такая беларуская «ламбада» ці «макарэна», — дзеліцца Вайцюшкевіч. 

Але гэта глабальныя, філасофскія пытанні. А з найбліжэйшых мэтаў і мараў — прыстроіць трох маленечкіх кацянят (ніжэй на фота акурат гэтыя камячкі шчасця) у добрыя рукі. 

Таму калі хочаце займець сабе пухнатага сябра, што першыя паўтара месяца жыцця правёў з сям’ёй Вайцюшкевіча, то пішыце Змітру ў фэйсбуку.

Шчыра дзякуем «Суседзям» за смачны і сочны шашлык, замарынаваны акурат перад паходам у госці да сям’і Вайцюшкевічаў. За барбекю гутарыцца лёгка, прыемна, ды гадзіны пралятаюць зусім незаўважна.

На правах рэкламы. УНП 101454161

Каментары29

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Галоўнае
Усе навіны →