Google адключае манетызацыю відэа і рэкламы для карыстальнікаў з Беларусі
Зарабіць на гугл-рэкламе на сайтах і ў праграмах, створаных у Беларусі, цяпер будзе немагчыма. Цяжэй будзе зарабляць і на YouTube.
Днямі Google разаслаў карыстальнікам Менеджара рэкламы, AdSense і AdMod лісты, дзе папярэджвае пра поўнае адключэнне акаўнтаў карыстальнікаў 13 снежня 2024 года.
Грошы карыстальнікам выплацяць напрыканцы студзеня 2025 года. Цягам 60 дзён трэба закрыць акаўнты.
AdSense створаны для таго, каб уладальнікі сайтаў маглі зарабляць на паказе рэкламе ад Google. Праз яго ж працуе і заробак на рэкламе на YouTube. Выглядае, што пасля адключэння для беларускіх карыстальнікаў стане недаступная манетызацыя відэа праз стандартныя інструменты — застануцца толькі абыходныя шляхі.
AdMob паказвае рэкламу ў мабільных праграмах. Google Ad Manager створаны для вельмі вялікіх выдаўцоў і дае больш гнутка наладжваць рэкламу ды абіраць яе пастаўшчыкоў.
У жніўні 2024 года Google цалкам адключыў свае сэрвісы рэкламы для карыстальнікаў з Расіі — пасля нападу Расіі на Украіну ён проста забараніў рэгістрацыю новых акаўнтаў. Цяпер абмежаванні дакаціліся і да Беларусі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары